Рэпетытар расказвае, чаму ён шмат гадоў працаваў без рэгістрацыі
01.05.2013
—
Разное
|
Падатковая інспекцыя аб’яўляе, што ад другога квартала праводзіцца акцыя “Калі працуеце рэпетытарам, то рабіце гэта легальна!”. Падчас акцыі супрацоўнікі інспекцыі будуць выяўляць, колькі абітурыентаў карыстаецца паслугамі рэпетытараў. Гэту лічбу параўнаюць з колькасцю рэпетытараў, якія працуюць легальна. У гэты час будуць звяртаць увагу органаў Міністэрства адукацыі на дзейнасць фізічных асоб і прадпрымальнікаў, якія аказваюць адукацыйныя паслугі. Інспектары будуць вызначаць, які прыбытак атрымліваюць рэпетытары. У выніку працы інспектары выявяць, над чым трэба працаваць, каб рэпетытары плацілі падаткі. Паводле заканадаўства, рэпетытарства не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, калі чалавек займаецца ім самастойна і не прыцягвае да працы іншых людзей па дагаворах. У такім выпадку рэгістравацца ў якасці прадпрымальніка не трэба. Для таго, каб пачаць працу рэпетытарам, трэба толькі паведаміць у мясцовы падатковы орган аб сваім намеры і заплаціць адзіны падатак. Выплачваць яго неабходна штомесяц і толькі за тыя месяцы, калі вы працуеце рэпетытарам. Пры гэтым весці ўлік прыбытку і падаваць справаздачы ў падатковы орган не трэба. Усё проста: за тыя месяцы, калі вы працуеце, вы плаціце падатак. Не працуеце – не плаціце. Стаўка адзінага падатку на Маладзечаншчыне – 150 тысяч рублёў. Пры гэтым для некаторых прадугледжаныя льготы. Зніжэнне адзінай стаўкі падатку на 20% прадугледжана для: мужчын, якім споўнілася 60 год, і жанчын, якім споўнілася 55 год, інвалідаў, бацькоў (усынавіцеляў) у шматдзетных сем’ях з трыма і больш дзецьмі да 18 год. Незаконнае рэпетытарства пагражае парушальніку папярэджаннем. Пры паўторным разе – штрафам. Падатковы орган можа праінфармаваць наконт нелегальнага “бізнесмена” адміністрацыю навучальнай установы. Іх асабовыя дадзеныя могуць быць размешчаныя на афіцыйных сайтах Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства адукацыі. Паклапаціцеся аб сваёй рэпутацыі. З-за нелегальнага рэпетытарства ваш аўтарытэт можа пахіснуцца. І ніякі прыбытак не дапаможа выправіць сітуацыю. Як правільна выбраць рэпетытара Кожны з бацькоў спадзяецца на дзейсную дапамогу прыватнага настаўніка і не паглыбляецца ў працэс навучання. Аднак трэба быць пільнымі: у сферы рэпетытарства шмат выпадковых людзей і нават шарлатанаў. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне выступае за прафесійны падыход да справы. Асноўныя крытэрыі якаснага рэпетытара: легальнасць, наяўнасць кваліфікацыі ў педагога, рабочы кабінет (пакой) з вучэбнымі дапаможнікамі і бібліятэкай, індывідуальныя заняткі (строга па адным). Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ пажадана з 10-га класа. Аптымальна займацца па паўтары гадзіны двойчы на тыдзень. Калі такой магчымасці няма, то хаця б раз на тыдзень. Першыя заняткі пробныя, праводзяцца для таго, каб вызначыць узровень ведаў вучня. Потым складаецца індывідуальны план падрыхтоўкі і даецца прагноз па балах на ЦТ. Рэгулярна праводзяцца пробныя тэставанні, задаюцца дамашнія заданні, за якія ставяць адзнакі. Бацькі павінны бачыць вынік заняткаў. Таму вядуць дзённік, як у школе. Не рэкамендуецца планаваць два заняткі з рэпетытарамі па розных прадметах на адзін дзень. Пасля 19 гадзін заняткі таксама не прызначаюць: у гэты час зніжаецца ўспрымальнасць вучня. Калі бацькі вырашылі карыстацца паслугамі рэпетытара, то павінны кантраляваць іх працу. Выбіраючы настаўніка, варта ўлічваць досвед працы педагога і водгукі абітурыентаў мінулых гадоў. Высокі працэнт паступлення ў ВНУ, вядома, найлепшая рэкамендацыя. Сяргей КУКЕЛЬ, начальнік Упраўлення кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне. Ад рэдакцыі: “Мы адчуваем сваю няўпэўненасць” Мы папрасілі ананімна пракаментаваць аднаго з рэпетытараў, чаму ён шмат гадоў займаўся рэпетытарствам без рэгістрацыі. – На маю думку, нельга сказаць, што рэпетытары не рэгіструюцца з-за таго, што не хочуць плаціць падаткі. Насамрэч падатак не такі і высокі. Калі настаўнік не выкладае ў школе і ўвесь свой час можа прысвяціць рэпетытарству, то ён атрымае добры прыбытак і з вылікам падаткаў. Я ведаю настаўнікаў, якія кінулі асноўную працу ў школе і зарэгістраваліся. Але не кожны згодны на гэта пайсці. Часцей людзі імкнуцца сумяшчаць дзве працы. Ахвотных зарэгістравацца пужае і бюракратызм: трэба сабраць шмат дакументаў, каб атрымаць дазвол на індывідуальнае выкладанне. Наша бяда яшчэ і ў тым, што мы не да канца ўяўляем сабе, як працуе рэгістрацыя. Напрыклад, калі я давяла да ЦТ сваіх вучняў і вырашыла кінуць рэпетытарства, што я павінна рабіць? Як скасаваць рэгістрацыю? Ці магчыма гэта ўвогуле? Ці з мяне яшчэ некаторы час будуць здымаць падаткі? У многіх ёсць прабелы ў прававых ведах. Мы адчуваем сваю няўпэўненасць у гэтай сферы, таму часта вырашаем абысці ўсе “папяровыя” справы. Сяргей КУКЕЛЬ, Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота velvet.by. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падатковая інспекцыя аб’яўляе, што ад другога квартала праводзіцца акцыя “Калі працуеце рэпетытарам, то рабіце гэта легальна!”.
|
|