У рэгіёне засталося 759 удзельнікаў вайны
07.05.2013
—
Разное
|
Колькі ветэранаў ды вязняў канцлагераў жывуць побач з намі? Як у раёнах нашага рэгіёна будуць адзначаць 9 мая? АСТРАВЕЦ У сераду, 8 мая, пройдзе аўтапрабег па месцах баявой славы раёна. Каля кожнага помніка пройдзе мітынг. У чацвер, 9 мая, адбудзецца ўрачыстае шэсце ветэранаў і працоўных калектываў. Пройдзе мітынг каля помніка савецкім воінам і партызанам з ускладаннем кветак і вянкоў. Падчас свята будуць праходзіць шматлікія спартыўныя спаборніцтвы. Запланаваны таксама і феерверк. У Астравецкім раёне жыве 13 удзельнікаў вайны, а таксама 13 вязняў фашысцкіх канцлагераў. Усім ім за 85 гадоў. АШМЯНЫ Напярэдадні свята, 8 мая, пройдзе раённая эстафета ад помніка да помніка “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Яе ўдзельнікі будуць выязджаць да ўсіх месцаў пахавання і ўскладаць кветкі. У дзень свята, 9 мая, у 10.00 у гарадскім парку пачнецца ўрачыстае мерапрыемства “Салют табе, Вялікая Перамога”. Таксама адбудуцца паказальныя выступленні групы кінолагаў смаргонскага пагранатрада. Для ветэранаў у парку будзе арганізаваная палявая кухня. Пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца канцэрт-віншаванне лепшых школ горада і лепшых творчых калектываў раёна “Нашы песні табе, перамога”. Пройдуць раённыя спартыўныя спаборніцтвы па падняцці гір, перацягванні каната і валейболе. Скончыцца свята начной дыскапраграмай для моладзі. У Ашмянскім раёне 33 ветэраны. Вязняў канцлагераў няма, але ёсць 5 чалавек, якія ўжо паўналетнімі патрапілі на прымусовыя працы ў Германію. Яшчэ 8 чалавек з Ашмянскага раёна апынуліся там у непаўналетнім узросце. ВАЛОЖЫН 9 мая ў 10 гадзін на плошчы Свабоды адбудзецца мітынг. У 11 гадзін у раённым Цэнтры культуры пачнецца тэатралізаваная канцэртная праграма “Подзвіг даўжынёй у жыццё” з удзелам вядучых калектываў і салістаў раёна. У 12 гадзін на плошчы Свабоды будуць частаваць салдацкай кашай. У 12 і 16 гадзін у кінатэатры “Юнацтва” пакажуць фільмы “Снайпер” і “Белы тыгр”. У 12 гадзін на стадыёне мікрараёна Сельгастэхніка пройдзе раённы этап Усебеларускага кросу “Перамога”. У 15 гадзін на дзіцячай пляцоўцы ў гарадскім парку пачнецца забаўляльная праграма для дзяцей і падлеткаў. У Валожынскім раёне жыве 89 ветэранаў і 92 вязні канцлагераў. ВІЛЕЙКА У Вілейцы Дзень Перамогі пачнуць святкаваць а 11 гадзіне раніцы. Віляйчане ускладуць кветкавыя вянкі да помніка, затым людзі разам з духавым аркестрам пашпацыруюць на цэнтральную плошчу. Там будзе канцэрт, салдацкая каша і гандлёвыя палаткі. У Вілейскім раёне пражываюць 124 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 24 інваліды вайны, а таксама 100 былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых мясцін прымусовага ўтрымання. МАЛАДЗЕЧНА Урачыстая праграма ў Маладзечне пачнецца а 10 гадзіне. Парад з удзелам спартсменаў і ваеннага аркестра пройдзе на Цэнтральнай плошчы. Пасля шэсце рушыць у парк Перамогі, дзе пройдзе ўрачыстае ўскладанне кветак. Праграма прадоўжыцца ля брацкай магілы на вуліцы Драздовіча. А 11-й гадзіне там пачнецца мітынг. Прысутных павітае старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Недалёка ад месца мітынгу будзе працаваць палатка, у якой будуць частаваць салдацкай кашай. А ў парку пачне сваю працу цір. Удзельнікаў вайны ў Маладзечанскім раёне 348, былых вязняў – 211, з якіх 187 былі непаўналетнімі. МЯДЗЕЛ Мітынг пачнецца ў 10.00 на плошчы Шаранговіча. Потым яго ўдзельнікі ўскладуць кветкі на брацкую магілу. Святочны дзень у Мядзеле скончыцца канцэртам. У Мядзельскім раёне 40 удзельнікаў вайны, 10 інвалідаў вайны, 6 працаўнікоў тылу, 1 вязень канцлагера, 1 жыхарка блакаднага Ленінграда. СМАРГОНЬ У Смаргоні свята пачнецца а 11 гадзіне раніцы. Як паведаміла сакратар раённага савета ветэранаў Тамара Танкевіч, за кожнай арганізацыяй замацаваны ветэран, якога будуць віншаваць. Цяпер у Смаргонскім раёне засталіся 72 ветэраны і 20 вязняў канцлагераў. Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ, Вольга ЮРКЕВІЧ, Алесь ВЫСОЦКІ, Настасся РОЎДА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькі ветэранаў ды вязняў канцлагераў жывуць побач з намі? Як у раёнах нашага рэгіёна будуць адзначаць 9 мая? |
|