На вёску Шчукі ў мінулую пятніцу з неба падала... прынада ад шаленства. 21.by

На вёску Шчукі ў мінулую пятніцу з неба падала... прынада ад шаленства

20.06.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Эмілія Брыль са Шчукаў паказвае, адкуль падалі невядомыя рэчывы, падобныя да шакаладак. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.


З неба над вёскай Шчукі ў пятніцу, 14 чэреня, падалі кавалачкі невядомага рэчыва памерам з пачак запалак. Мясцовыя  жыхары прынялі іх хто за шакаладкі, хто за кавалачкі золата.

Насамрэч Вілейская раённая ветэрынарная станцыя раскідвала над лесам спецыяльныя прынады для дзікіх жывёл, каб уратаваць іх ад шаленства.

 “РГ” пра выпадак расказаў чытач Генадзь Мандрык. Ён паказаў і самі прынады: невялікія карычневыя кавалачкі з пахам куратніка.
Каб пачуць гісторыю з першых вуснаў, едзем у вёску Шчукі на Вілейшчыне.

З неба зваліліся шакаладкі з белай начынкай

– Я працаваў у двары, калі пачуў удары, – распавядае Генадзь Мандрык, які часта прыязжае ў Шчукі да бацькі. – Самалёты тут лятаюць часта, таму не звяртаю на іх увагі. Калі нешта стукнулася аб дах павеці, я спалохаўся. Пасля знайшоў саму прынаду, але не зразумеў, што гэта такое.

На наступны дзень спадар Генадзь павёз яе ў маладзечанскую міліцыю. Там яму параілі напісаць заяву ў тым выпадку, калі прынада нанесла матэрыяльную шкоду.

– Вядома, такая барацьба з шаленствам патрэбная, – далучаецца да размовы яго бацька Аляксандр Дзянісавіч. – Але ж трэба папярэджваць людзей!

Незвычайнае здарэнне абмяркоўвала ўся вёска.

– Я фарбавала плот і размаўляла з мясцовымі дачнікамі, раптам пачула, як нешта бахае, – расказвае суседка Эмілія Брыль. – Ад даху адскочыла такая шакаладачка маленькая. Унутры было нейкае белае рэчыва. Я паклала яе на плот, за ноч яна і расплавілася.
Пенсіянерка не магла зразумець, што звалілася на яе з неба. Патэлефанавала нявестцы ў суседнюю Вязынь. Тая і патлумачыла ёй, што гэта прынада для жывёл.

– Шчасце, што калодзеж быў закрыты і ў ваду нічога не звалілася, – кажа спадарыня Эмілія. – Лепей, каб нас папярэджвалі пра такія рэчы.

Прынады бяспечныя для чалавека


Па каментары “РГ” звярнулася да цёзкі па прозвішчы Ганны Мандрык, доктара-эпізаолага Вілейскай раённай ветэрынарнай станцыі.

– Мы актыўна працуем з гэтымі прынадамі ўжо два гады, – кажа спадарыня Ганна. – Двойчы раскідваем іх над лясамі – у вясенне-летні перыяд, а пасля ў  асенне-зімні. Раней карысталіся імі рэдка, бо разносілі ўручную. Цяпер нам дапамагаюць самалёты “Беллесавія”.

Пачуўшы ад карэспандэнта пра выпадак у вёсцы Шчукі, доктар не паверыла, што такая сітуацыя магла здарыцца.

– Лётчыкі раскідваюць прынаду толькі над лясным масівам! – сцвярджае спадарыня Ганна. – У іх ёсць распланаваны маршрут, карта мясцовасці. Яны не збіваюцца з курсу, самалёт не мог раскідваць прынады над вёскай.

– Сярод дзікіх жывёл шаленства найчасцей пераносяць лісы і янотападобныя сабакі, – заўважае доктар. – Ад іх заражаюцца і каты з сабакамі.

Эфектыўнасць прынадаў правераная часам. Сёлета ў Вілейскім раёне не зарэгістравалі ніводнага выпадку шаленства. У мінулым годзе іх было два: пераносчыкамі хваробы былі кот і пацук.

Вучоныя ўжо даказалі, што дзеянне вакцыны, якая знаходзіцца ў прынадзе, дапамагае дзікім жывёлам выпрацаваць імунітэт ад шаленства. Да таго ж ён перадаецца нашчадкам. Гэта дае надзею на тое, што з цягам часу шаленства можа знікнуць з беларускіх лясоў.

– Прынада цалкам бяспечная для здароўя, – кажа Ганна Мандрык. – Яна робіцца з натуральных кампанентаў, з дадаткам мясных выцяжак. Унутры знаходзіцца вакцына. Прынада мае прывабны для жывёлы пах. Калі яе з’есць дамашні кот ці сабака, гэта будзе нават карысна.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З неба над вёскай Шчукі ў пятніцу, 14 чэреня, падалі кавалачкі невядомага рэчыва памерам з пачак запалак. Мясцовыя  жыхары прынялі іх хто за шакаладкі, хто за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика