Цёмнае балота Цямнуха
20.07.2013
—
Разное
|
Любыя нашы чытачы! Не стамляемся дзякаваць вам за вашу неабыякавасць і дасціпнасць. Разам з вамі мы здзіўляемся і захапляемся кожнай новай гісторыяй. Дасылайце, калі ласка, легенды і паданні пра свой родны край на электронны адрас pismo@ng.by альбо на паштовы адрас рэдакцыі з пазнакай “На конкурс легенд і паданняў”. Страшны сон стаў прадвеснікам гора Старажылы расказалі мне цікавую легенду пра хутар Цямнуха і балота з той жа назвай. Гэты хутар знаходзіцца каля літоўскай мяжы. . ..Адзін гаспадар з вёскі Пятрашышкі (Шчучынскі раён) паехаў у Падброддзе (зараз Літоўская Рэспубліка) на рынак. Калі выязджаў з дому, то ў вёсцы ўсё было ціха і спакойна. Выканаў ён усе свае справы на рынку і рушыў пад вечар дадому. Лясной дарогай ехаў няспешна, паралельна прыкідваў у думках, што якраз да змяркання даедзе да хутара Папялішча, а там ужо дадому рукой падаць, можна і цёмначы ехаць. Раптам мужчына заўважыў, што стала цямнець дарога. А ў гэты час ён якраз праязджаў паўз балота, што Цямнухай называецца. Хоць гаспадар быў і не з пужлівага дзясятка, але непрыемны халадок прабег па спіне. Хацеў каня пагнаць шпарчэй, каб мінуць гэта месца, ды не паспеў і пугай на каня замахнуцца, як сцямнела зусім, нават не бачна куды ехаць. Конь спыніўся. Стаў той селянін аглядацца па баках. Раптам бачыць: стаіць хата, у вокнах агонь блішчыць. Высыпалі адтуль людзі і сталі яго ў хату запрашаць, сказалі, што ў іх вяселле. Так гасцінна запрашалі: распрэглі каня, завялі ў хату, налілі чарку, закуску падалі. Весела яму стала незвычайна, захацелася нават у скокі пусціцца. Вакол усе таксама вясёлыя: скрыпачка грае, госці скачуць. Потым нехта крыкнуў: “Маладая ідзе з маладым!” Усе кінуліся да вокан, і герой наш таксама. Глядзіць: у вэлюме ідзе пад руку з чарнявым хлопцам Еўка — суседская дзяўчына з яго вёскі! ...Прачнуўся той селянін — ані хаты, ані вяселля... Конь абы-як да крывой асіны прычэплены, а сам ён на карчы сядзіць, моцна сціснуўшы ў руцэ кавалак моху. Калёсы ў балота зацягнуты. Прыйшлося разбіраць і па частках выносіць на дарогу. Склаў чалавек воз і паехаў. У Папялішчы затрымаў яго знаёмы мужчына і пытае: — Адкуль едзеш? — На рынак у Падброддзе ўчора ездзіў (пра тое, што з ім здарылася расказваць пасаромеўся). — Дык ты нічога не ведаеш? У вашай вёсцы гора вялікае: Еўка павесілася. Тады ўцяміў чалавек, што гэта і не сон яму сніўся... Нездарма ж у народзе кажуць пра дзяўчат, якія канчаюць жыццё самагубствам, — “з чортам пашлюбавалася”. Дарэчы, пра тое, што бачыў у Цямнусе той чалавек, едучы з рынка, ён мала каму расказваў, баючыся, што яго, мякка кажучы, “не зразумеюць”, а вось з Еўкай няшчасце ў тую ноч і сапраўды адбылося. Дзяўчына чакала дзіця. А яе любы, які быў ёй даражэй чым жыццё, як толькі даведаўся пра цяжарнасць каханай, адразу ж уцёк з вёскі... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любыя нашы чытачы! Не стамляемся дзякаваць вам за вашу неабыякавасць і дасціпнасць.
|
|