Азёрны рай
30.07.2013
—
Разное
|
Баторына, і Мястра, і Нарач — беларускі цуд На жаль, у пералік, зроблены ў межах паэтычнага радка, нельга ўмясціць назвы ўсіх азёр Нарачанскага краю. А яны, безумоўна, вартыя таго, каб быць апетымі ў вершах. Унікальнасць і прыгажосць прыроды Мядзельшчыны абумовілі стварэнне тут курортна-аздараўленчай зоны. Сёння гэта самы папулярны курорт Беларусі, дзе штогод адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе больш за 100 тысяч чалавек. Зараз рэгіён актыўна развіваецца, садзейнічае гэтаму дзяржаўная праграма, згодна з якой да 2015 года тут павінна быць створана сучасная курортна-турыстычная зона, што адпавядае патрабаванням еўрапейскага ўзроўню. Па шэрагу яе аб’ектаў нядаўна прайшліся ўдзельнікі прэс-тура, Мядзельшчына паказала тое, што ўжо зроблена. Як бы мы ні імкнуліся да дабротаў сучаснай цывілізацыі, але ў большасці аддаём перавагу адпачынку менавіта на ўлонні прыроды. Пры гэтым, бясспрэчна, пэўная частка такіх дабротаў павінна быць і там. Адметнасць Нарачанскай курортнай зоны якраз у тым, што ў ёй змогуць знайсці цікавы для сябе адпачынак людзі самых розных густаў і пераваг. Баланс інтарэсаў курорта і прыродаахоўнай дзейнасці — клопат Нацыянальнага парку «Нарачанскі», чые магчымасці дазваляюць на навуковай аснове развіваць інфраструктуру аб’ектаў аздараўлення і турызму. Мядзельшчына знакамітая сваёй спрадвечнасцю і некранутасцю прыроды. Яе адметная рыса — наяўнасць вялікіх і малых азёрных экасістэм, якія складаюць 17,1 % агульнай плошчы. Усяго 52 возера. Нарач — адно з самых буйных і маляўнічых у краіне. Менавіта яно і з’яўляецца цэнтрам Нарачанскай турыстычнай зоны. У Нацыянальным парку старанна захоўваюць прыроднае багацце, а дзе дазволена — прыадкрываюць яго для турыстаў. Іх дарогі па запаведных мясцінах — строга па распрацаваных маршрутах. Дарэчы, цэнтрам турызму тут створаны 30 экскурсійных маршрутаў па найпрыгажэйшых мясцінах Беларускага Паазер’я. Яны на розны густ: пешыя, конныя, водныя, веласіпедныя. Гэта самы сапраўдны рай для аматараў экалагічнага турызму. Бадай што найбольш вядомы і ўлюбёны маршрут — экалагічная сцежка «Блакітныя азёры». Гэта чатыры кіламетры захапляльнага падарожжа сярод сасновага лесу, дзе ўзгоркі чаргуюцца з глыбокімі азёрнымі катлавінамі. Па моцна перасечанай мясцовасці можна трапіць да загадкавага Мёртвага возера, Глубелькі, дзе вада ля дна не перамешвалася з паверхневай некалькі тысяч гадоў, або акунуцца ў празрыстую, бадзёрую Глублю. На Мядзельшчыне ёсць самая буйная ў Беларускім Паазер’і і другая па велічыні ў краіне крыніца Болцік. Дакладней, гэта група крыніц, вада ў якіх адрозніваецца сваёй незвычайнай чысцінёй і якасцю. Трэба ведаць, што ўстаноўка палатак і развядзенне кастроў, а таксама начлегі ў Нацыянальным парку дазволены выключна на турыстычных стаянках. Яны абуладкаваны па берагах азёр. Там ёсць усё неабходнае для зручнага адпачынку: альтанкі, паркоўкі для транспарту, вогнішчы, дровы, пітная вада, зручныя падыходы да вады. Нічога лішняга. Нядрэнна можна ўладкавацца ў кемпінгах, на базах адпачынку і ў гасцявых доміках. Самы буйны — аўтакемпінг «Нарач» — шматфункцыянальны аб’ект, які займае плошчу больш за 30 гектараў і размяшчаецца ў маляўнічым бары на беразе возера. Там ёсць круглагадовая гасцініца, сезонныя гасцявыя катэджы, турстаянка. А прыхільнікі вясковага каларыту знойдуць яго ў аграэкасядзібах. Іх на Мядзельшчыне больш за 60 на любы густ, стылізаваныя пад даўніну, з павышаным камфортам. У Нацыянальным парку шмат мясцін, дзе ступаць чалавечай назе проста забаронена, а некаторыя расліны ў Беларусі можна сустрэць толькі тут. Нямала пазнавальнага пакладзе ў скарбонку сваіх ведаў той, хто наведае дэндралагічны сад — найцікавейшы навукова-экскурсійны аб’ект. На берагах азёр Нарач і Мястра на шаснаццаці гектарах размяшчаецца калекцыя з чатырох сотняў парод розных раслін. 25 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гуляючы па сцяжынках дэндрасада, можна трапіць у пяць батаніка-геаграфічных зон і пабачыць расліны з Еўропы, Сібіры, Далёкага Усходу, Сярэдняй Азіі і Паўночнай Амерыкі. І гэтыя ж сцяжынкі абавязкова прывядуць у музей лесу, дзе прадстаўлены тыповыя насельнікі мясцовай экасістэмы. Шэсць блокаў экспазіцыі раскажуць пра асноўныя лесаўтвараючыя пароды Беларусі. Увогуле, тут можна падрабязна даведацца пра развіццё раслін ад насення да дарослых дрэў. А з назіральнай пляцоўкі адкрываюцца цудоўныя віды на ўвесь дэндрасад і навакольныя азёры. Незвычайны рэльеф, сапраўды эксклюзіўныя пейзажы, цікавыя батанічныя аб’екты — гэта парк рэдкіх раслін на паўвостраве Чараўкі, геалагічны і геабатанічны помнік прыроды. Наведваць яго дазваляецца толькі разам з супрацоўнікамі навуковага аддзела Нацыянальнага парку. Да таго ж такая экскурсія патрабуе добрай фізічнай падрыхтоўкі і адпаведнай экіпіроўкі. Падарожнікі не могуць абмінуць у сваіх вандроўках шматлікія помнікі, якія сведчаць пра многапакутную гісторыю наваколля ў час апошніх двух войнаў. А канцэнтрацыя ўсёй інфармацыі — у Мядзельскім музеі народнай славы. Дарэчы, адсюль стартуюць многія турыстычныя маршруты. Загадкавыя гісторыі раскажуць помнікі архітэктуры — прыгажосць цэркваў і касцёлаў цяжка апісаць, гэта трэба бачыць. Як ужо адзначалася, нарачанскі курорт адметны тым, што даброты цывілізацыі там арганічна ўпісваюцца ў некранутую прыгажосць прыроды. І тыя, хто аддае перавагу актыўнаму сучаснаму адпачынку, таксама знойдуць шмат цікавага. Турыстаў, звыклых да камфорту, чакаюць шэсць гасцініц. Пакуль у Мядзелі будуецца самая сучасная, са спа-цэнтрам, найбольш папулярнае месца прыпынку — атэль «Нарач» у курортным пасёлку. Рэстаран, забаўляльны цэнтр, більярд, трэнажорны зал і іншае — пастаяльцам ёсць чым заняцца. Недалёка ад цэнтра курортнага пасёлка гасцей чакае пляжная зона «Урлікі». Добраўпарадкаваны пясчаны пляж, кафэ пад адкрытым небам, атракцыёны і іншыя забавы, спартыўныя пляцоўкі. Калі ёсць жаданне сплысці ад жыццёвай мітусні і атрымаць асалоду ад азёрнай роўнядзі, то можна арэндаваць нейкі плаўсродак, на выбар — ад звычайнай лодкі да яхты. Экстрэмалы таксама не пакрыўдзяцца, для іх — верталётныя прагулкі і віндсёрфінг. Нязменнай папулярнасцю карыстаюцца здраўніцы Нарачанскага краю, а іх больш за дзясятак. Амаль усе яны ўжо абнавіліся пасля рэканструкцыі. Будуюцца новыя карпусы, набываецца сучаснае медыка-аздараўленчае абсталяванне. Зараз гэта ўжо далёка не тыя санаторыі, што былі раней, а толькі пералік праз коску прапанаваных паслуг зойме нямала месца. Зроблена шмат, каб госці маглі паправіць сваё здароў’е, хутка і эфектыўна аднавіць жыццёвыя сілы і атрымаць зарад энергіі. У аповядзе пра Мядзельшчыну нельга не закрануць і асобную краіну, якая даўно і трывала абаснавалася тут. Нацыянальны дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Зубраня» ў поўнай ступені адпавядае свайму статусу. Гэта дзіцячая мара, права здзейсніць якую хлопчыкі і дзяўчынкі дабіваюцца добрай вучобай, творчымі, навуковымі пошукамі і здабыткамі. Пра што яшчэ не расказалі? Паляванне, рыбалка — гэта зразумела. Супрацоўнікі паляўнічай гаспадаркі ведаюць, як зрабіць так, каб аматары гэтых заняткаў атрымалі чаканае і не нашкодзілі прыродзе. Нельга не адзначыць і тое, што зараз у сетцы мядзельскіх дарог досыць проста арыентавацца. Інфармуюць пра патрэбныя накірункі ў турыстычнай зоне спецыяльныя ўказальнікі. Выкананы яны ў адметным адзіным стылі — пастараліся народныя майстры. Нарачанскі край працягвае развіваць сучасную турыстычную інфраструктуру. Зразумела, зроблена далёка не ўсё, што запланавана, але відавочна, што рэгіён змог падкрэсліць сваю адметнасць. А праблемы — яны былі і будуць. Галоўнае, што ёсць людзі, здольныя іх вырашаць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 2015-га Мядзельшчына павінна стаць турыстычнай меккай |
|