У будучыню гляджу з аптымізмам, надзеяй, упэўненасцю
31.07.2013
—
Разное
|
Одиннадцатиклассница из Витебска Ирина Байдо признана победительницей в номинации “Любовь моя к тебе”, подноминации “Слова от сердца на бумаге”. Многое о себе и своей жизни она рассказывает в эссе. Мы подготовили для Ирины еще одно творческое задание под стать ее писательскому дару — попросили ее закончить фразы, из первых букв которых складывается название “Белая Русь”.
Што расказаць пра маю Беларусь? Пагартаю старонкі вялікай кнігі сваёй краіны. На першых старонках — мая Радзіма, мая зямля. Ёсць шмат ёмкіх і значных слоў, каб апісаць прыгажосць і непаўторнасць роднай зямлі, каб выказаць свае пачуцці, каб зноў і зноў прызнацца ў любові да яе. Першыя мае словы ад сэрца ўзнёслыя, светлыя, пяшчотныя, бліскучыя, яркія, паветраныя. Уявіце сабе... Па родных сцяжынках Я іду па старому бальшаку. Ён шпарка бяжыць некуды далёка-далёка. Вакол — неабсяжныя жытнёвыя і пшанічныя палі. Залацістае калоссе ціха шапаціць пра нешта таемнае, гуляе з лагодным ветрыкам, цягнецца да сонейка. Будзе ў гэтым годзе багаты ўраджай. Сіненькія вочкі васількоў смяюцца і хітра сочаць за мной. У высокім блакітным небе звініць бесклапотная песня жаўрука, плывуць лёгкія хмаркі... Цішыня і прастор... Я іду басанож па лугавой сцяжынцы. Духмяныя травы млеюць ад спякоты, прыхіляюцца да самай зямлі. Тонкі водар дурманіць, зачароўвае, ап’яняе. Кветкі канюшыны, чабор, рамонкі, казельцы, незабудкі, званочкі, макі складаюцца ва ўзорны шматкаляровы аксамітавы дыван. Цвыркаюць конікі, гудуць пчолы... Спакой і замілаванасць... Я іду па зялёных лясах. Безліч іх на беларускай зямлі. Бярозавыя светлыя гаі, задуменныя і таямнічыя пушчы, звонкія і шумлівыя сасновыя бары, непралазныя поймавыя лясы, чыстыя і сонечныя дубровы... Плывуць у паветры зялёныя карункавыя верхавіны дрэў, дастаюць да самых нябёсаў. Дакрануся шчакою да шурпатай кары і зразумею, пра што гамоніць лес... Вечнасць і бязмежжа... Я іду ўздоўж шырокіх рэк. Мая дарога — ад крынічак са сцюдзёнай вадой, што нараджаюцца ў самым сэрцы роднай зямлі, бягуць па лясах ручаямі, мацнеюць і ператвараюцца ў паўнаводныя шляхі. Нясуць рачныя хвалі невялічкія лодачкі, папяровыя караблікі, купальскія вяночкі, задуменныя цені, чароўныя начныя мроі, чалавечыя жаданні і спадзяванні, казкі і легенды... Цуд і глыбіня... Зачараваная, я іду па роднай зямлі. Я нясу ў сваім сэрцы і подых навальніц, і зіхаценне зорак, і чароўныя спевы птушак, і ружовыя світанкі, і пялёсткі палявых кветак, і снежныя завеі, і белыя росы, і празрыстыя хвалі лясных азёр, і моц восеньскіх вятроў, і цішыню векавых пушчаў, і пах разгорнутай плугам зямлі... Усімі пачуццямі я імкнуся да роднай зямлі, да яе цеплыні, дабрыні, пяшчоты, спагады, надзейнасці. Гэта ўсё маё. Гэта дадзена мне з маленства. Гэта мая спадчына ад бацькоў, ад прадзедаў. А я на гэтай зямлі дбайная і руплівая гаспадыня, назіраю за ўсім пільным вокам, нясу адказнасць за ўсё, берагу і ахоўваю скарбы роднай зямлі. З мінулых часоў Гартаю далей старонкі вялікай кнігі сваёй Радзімы. Перада мной праходзіць мінулае. А мае словы ад сэрца цвёрдыя, ганарлівыя, усхваляваныя, важкія, значныя. Як пераказаць усю гісторыю маёй краіны? Напэўна, трэба вызначыць самае галоўнае: першыя славянскія паселішчы, барацьба з ворагамі, цяжкая праца, старажытныя гарады. Гэта вельмі далёкае мінулае. Вялікае Княства Літоўскае... Рэч Паспалітая... Расійская імперыя... Войны... Паўстанні... Нацыянальна-вызваленчая барацьба... Рэвалюцыі... Старонкі і ліхалецця, і смуты, і мужнасці, і гонару, і значных спраў... Вялікія часы — вялікія людзі. Я памятаю ўсе славутыя імёны Бацькаўшчыны... Усяслаў Чарадзей... Еўфрасіння Полацкая... Кірыла Тураўскі... Мікола Гусоўскі... Францыск Скарына... Сымон Будны... Леў Сапега... Сімяон Полацкі... Канстанцін Астрожскі... Тадэвуш Касцюшка... Кастусь Каліноўскі... Янка Купала... Якуб Колас... Вялікія ўчынкі, вялікая праца, вялікая мужнасць, вялікі талент, вялікая адказнасць... З хваляваннем перагортваю самыя трагічныя старонкі. Абпальваюць, дыхаюць болем і смуткам мае словы, гараць гонарам і павагай. Больш за сем дзесяцігоддзяў прайшло, а ўсё яшчэ баліць. Вялікая Айчынная вайна! У кожным яе імгненні чые-небудзь пакуты, нянавісць, роспач, гнеў, адчай, чыё-небудзь жыццё, чыя-небудзь смерць. Час, трывожны, страшны, выбраў нашых прадзедаў, выпрабаваў іх на адвагу, мужнасць, любоў да Радзімы. Страшна ўявіць сабе, что ўся наша зямля паліта крывёй, засеяна касцямі, узрыта акопамі, варонкамі, назаўсёды зранена жалезам вайны. Напэўна, таму яна да болю дарагая і любая. Мой горад, маё юнацтва... Далей гартаю старонкі вялікай кнігі сваёй Радзімы. Мае словы ад сэрца — простыя, спакойныя, упэўненыя. Перада мной — сучаснасць. Я выпускніца, вучаніца 11-га класа. Добра вучуся, удзельнічаю ў грамадскім жыцці, спяваю, танцую, займаюся спортам, пішу творчыя работы, мару, сябрую, здзіўляюся, смяюся, сумую. Словам, самая звычайная дзяўчына. Я — беларуска. Я нарадзілася і жыву ў Віцебску. Гэта самы лепшы горад на зямлі. Можа, ёсць гарады і больш буйныя, і больш вядомыя, але мне дарагі і любы толькі Віцебск. Я ганаруся гісторыяй нашага города, яго мінулым і сучасным, яго культурай, традыцыямі, добрымі і гасціннымі жыхарамі, кожнай вулачкай, кожным дрэўцам. Хачу лепш ведаць родны горад, каб яшчэ мацней любіць яго. Мне цікава вывучаць Віцебск і седзячы за пісьмовым сталом, збіраючы разнастайны матэрыял пра людзей і падзеі, і гуляючы па плошчах і праспектах, назіраючы за гарадскім жыццём. Мой родны Віцебск спакойна жыве, працуе, адпачывае, сустракае гасцей. Разам з усёй краінай горад развіваецца, мацнее, квітнее. Я люблю і сваю школу. Яна дае не толькі пэўныя веды, развівае і выхоўвае, але і фарміруе мяне як чалавека, грамадзяніна, патрыёта. Я ганаруся, што ўдзельнічала ў шматлікіх грамадскіх акцыях, якія арганізоўвала наша школа. Асабліва мяне ўзрушыла паездка ў дзіцячы прытулак. “Сагрэем дзіцячыя сэрцы” — гэтыя словы сагрэлі сэрца і мне. Ніколі не забуду блакітныя, шэрыя, карыя вочкі дзетак, якія даверліва бралі нас за рукі, прыціскалі да сэрца падарункі, расказвалі, як яны любяць сваіх матуль. Яшчэ памятаю кожную сустрэчу з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, кожную франтавую гісторыю, хваляванне і слёзы старых... і свае слёзы. Памятаю экалагічныя акцыі, пасаджаныя дрэўцы, кветкі. Школьныя канцэрты. Экскурсіі па гарадах Беларусі. Турыстычныя паходы. Вахты памяці. Паездкі ў Хатынь, Брэст. Пост № 1. Пасвячэнне ў кадэты. Спартыўныя святы. І заўсёды разам з намі былі дарослыя: нашы настаўнікі, нашы бацькі. Я ведаю, што ўсе яны — актыўныя ўдзельнікі грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Для мяне гэта вельмі значныя людзі, і таму цікава было даведацца аб дзейнасці аб’яднання. Белая Русь — самі словы ўжо кранаюць сэрца. І мэта арганізацыі вельмі зразумелая — аб’яднаць зацікаўленых людзей, спрыяць іх удзелу ў развіцці краіны, ажыццяўляць розныя значныя праекты. Акцыі, якія праводзіць “Белая Русь”, здаюцца мне цікавымі, важнымі, актуальнымі, творчымі. Я таксама за здаровы лад жыцця, за падтрымку таленавітай моладзі, за дапамогу дзецям, за вырашэнне экалагічных праблем, за дабрачыннасць, краязнаўства, творчасць. Ганаруся, что ўжо паўдзельнічала ў агульных справах, зрабіла нешта карыснае, змяніла жыццё да лепшага. Напісанае застанецца Гэта не апошнія старонкі кнігі маёй Радзімы. Разважаю пра старонкі будучыні. Яны яшчэ не напісаныя. Але іх змест мне зразумелы. Я сама буду іх пісаць. Я, мае сябры, мае бацькі, мае настаўнікі, мае суседзі — усе беларусы. І ад нас залежыць, якімі будуць гэтыя старонкі. Спадзяюся, што светлыя, яркія, жыццярадасныя, дастойныя. Пакуль я магу толькі паразважаць пра будучыню сваёй краіны. Магчыма, думкі сямнаццацігадовай дзяўчыны будуць каму-небудзь цікавыя. Я бачу сябе журналісткай. Я сталая, разважлівая, удумлівая. Бываю ў розных кутках Беларусі, сустракаюся з рознымі людзьмі, бачу, чым жыве Радзіма. Мае суразмоўцы — гарадскія і вясковыя жыхары: інжынеры, будаўнікі, настаўнікі, урачы, прадаўцы, ваенныя, навукоўцы, спартсмены, рабочыя, камбайнёры, даяркі. Яны ўсе розныя, у кожнага свае думкі, свае дасягненні, цяжкасці, турботы. Але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да Радзімы, жаданне працаваць на яе карысць, паляпшаць жыццё, быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Я бачу, як мяняюцца беларускія гарады, як растуць новыя мікрараёны, будуюцца школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, палацы спорту, аднаўляюцца старыя дамы, дарогі. Як беражліва захоўваецца гістарычная спадчына, усё, што зроблена з любоўю, верай і надзеяй. Людзі наведваюць бібліятэкі, мастацкія галерэі, тэатры, філармонію; чытаюць кнігі; атрымліваюць адукацыю; цікавяцца навакольным светам; прымаюць удзел у грамадскім жыцці. Па-ранейшаму беларусы — людзі духоўныя, разважлівыя, добразычлівыя, шчырыя, гасцінныя, міласэрныя, працавітыя, свабодалюбівыя, таленавітыя. Беларусь жыве ў добрасуседстве з усімі краінамі, актыўна ўзаемадзейнічае з сусветам у палітычнай, эканамічнай, культурнай, навуковай, сацыяльнай сферах. Беларусы вандруюць па розных краінах, знаёмяцца з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, шчыра сябруюць. Напэўна, няма такіх праяў чалавечага жыцця, дзе б беларусы не прадэманстравалі свае здольнасці. Навука, спорт, адукацыя, бізнес, музыка, кіно, жывапіс, будаўніцтва, прамысловасць, гандаль, медыцына, дызайн... Усяго і не пералічыць. Я гляджу ў будучыню з аптымізмам, надзеяй, упэўненасцю. Ужо зараз я працую, каб усе мае самыя светлыя і смелыя мары, думкі, жаданні сталі рэальнасцю. Кніга гісторыі краіны пішацца далей. На тых старонках, што адведзены нашаму пакаленню, мы напішам: “Мы — беларусы. Мы любім сваю краіну, паважаем яе мінулае, будуем яе сучаснае і будучае, ганарымся перамогамі і дасягненнямі, падзяляем яе клопаты і цяжкасці. Усе нашы словы ад сэрца — для Радзімы. Мы — беларусы”. Ірына БАЙДО, Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Одиннадцатиклассница из Витебска Ирина Байдо признана победительницей в номинации “Любовь моя к тебе”, подноминации “Слова от сердца на бумаге”.
|
|