Праблемы інтэрнатаў Смаргоні нявырашаныя: смецце, ходнікі, масток над рачулкай Оксна (ФОТА)
25.02.2014
—
Разное
|
Эдуард Лебедзеў жыве ў інтэрнаце №22 па Маладзёжнай у Смаргоні. Тут шмат праблем: смецце, ходнікі, масток над рачулкай Оксна. Ён дамагаецца таго, каб гэтыя пытанні ўрэшце вырашылі. У рэдакцыю звярнуўся жыхар Смаргоні, які ўжо 15 гадоў жыве ў інтэрнаце №22 па вуліцы Маладзёжнай.“Вайну” з ЖКГ Эдуард Лебедзеў вядзе ад 2010 года. За гэты час ён дамогся таго, каб перарабілі ганак перад уваходам у пад’езд, у якім ён жыве. – Ганак быў у жудасным стане. Прыступкі высачэзныя. Маладым яшчэ так, а калі табе 50 гадоў. Тры гады змагаўся за тое, каб усё давялі да ладу. Пандус спачатку зрабілі такі, што жах. Пісаў лісты ў ЖКГ – перарабілі. Яшчэ колькі часу за поручні змагаўся, усё казалі: “Трубы няма, дадуць трубу – зробім”. А то толькі закладныя паставілі і спускайся, як хочаш. Ля ганка, рамонта якога Эдуард Лебедзеў дамагаўся тры гады. Праўда, гэта была не адзіная праблема, якая турбавала мясцовых жыхароў. – Дарогу для пешаходаў зрабілі, але такую, што невядома як па ёй хадзіць, бо разбітая, – працягвае спадар Эдуард. – Калі на ровары праехаць, дык увогуле можна ўсё пераламаць. І з каляскай не прайсці. Дрэвы, якія стаяць насупраць дома, забіраюць усё святло. Аднак спілоўваць іх ніхто не хоча. Від з акна кватэры спадара Эдуарда. Мосцік, што побач над рачулкай Оксна, не абгароджаны, адбойнікаў няма. Некалі даўно, гадоў сем таму, быў выпадак, калі чалавек проста зваліўся ў рачулку, што побач з нашым інтэрнатам. З такімі ходнікамі, якія мы маем, у бліжэйшую краму даводзіцца ісці проста па праезнай частцы. У двары свайго дома. Мамам даводзіцца везці каляскі з дзецьмі наўпрост па праезнай частцы. Але і гэта яшчэ не ўсе праблемы, якія турбуюць жыхароў інтэрнатаў. Літаральна ў дзвюх хвілінах хады, за дзіцячай пляцоўкай, якая месціцца ў двары, утварылася натуральная звалка. Смецце на кожным кроку і відавочна, што даўным-даўно ніхто не прыбіраў. – Тут дакладна некалькі гадоў гэтая звалка існуе, – кажа спадар Эдуард. – Калі я ў чарговы раз пайшоў у райвыканкам, каб вырашылі праблемы, мяне накіравалі да начальніцы жыллёва-камунальнага аддзела ЖКГ Алены Атцецкай. І яна паабяцала ўсё вырашыць: дрэвы абрэзаць, смецце прыбраць. Месяц праходзіць, другі, а ўсё ні слыху ні дыху. Зноў да іх пайшоў. Праз некалькі тыдняў прыехалі: падрэзалі некалькі кусцікаў ды прыбралі тут, пад домам на беразе, некалькі паперак, што валяліся. І паехалі. Гэта яны так усё зрабілі?! Звалка ўтварылася адразу за дзіцячай пляцоўкай, што ў двары дома. Раней інтэрнаты па Маладзёжнай належалі Смаргонскаму заводу аптычнага станкабудавання. Апошнія сем гадоў яны знаходзяцца на балансе ЖКГ. Начальніца жыллёва-камунальнага аддзела ЖКГ Алена Атцецкая пасля скаргі спадара Эдуарда прыязджала да інтэрната №22 па Маладзёжнай: – Вырашаць праблемы будзем адназначна. Сёлета 17 лютага прынялі рашэнне па высечцы старых непрыгожых дрэў. Будзем іх спілоўваць на тэрыторыі ад інтэрната да Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта вялікі кавалак працы. Аднак дрэвы, што побач з домам №22, мы чапаць не будзем. Яны маладыя і дастаткова далёка ад вокнаў. Дарогу для пешаходаў ад інтэрната рамантаваць будзем, яна сапраўды ў дрэнным стане. Аднак, па-першае, на гэта яшчэ трэба знайсці сродкі, а па-другое, дачакацца спрыяльнага надвор’я. Бо цяпер няма сэнсу ліць там бетон ці класці асфальт. Побач з домам звалкі няма. Смецце ёсць у самой рачулцы. Аднак рэчышча рэк мы чысцім штогод вясной, калі пачынаюцца суботнікі. Цяпер у ледзяную ваду ніхто не палезе. Нам вельмі дапамагае з гэтым экалагічная служба. Шмат рачулак трэба чысціць, аднак не паўсюль так проста ўлезці. Смецце ж з’яўляецца вельмі хутка, што ж зробіш? Адбойнікі побач з дарогай на мосце праз раку Оксна зрабіць таксама не так проста. Трэба каб спецыялізаваная арганізацыя цалкам абследавала мост. Затым можна рабіць выснову, які рамонт патрэбны: бягучы ці капітальны. На сёлета мы запланавалі рамонт двух цэнтральных мастоў у горадзе. Гэта шмат грошай. Дорага каштуюць праекты. Увогуле мы ўжо шмат рамонтаў зрабілі для інтэрнатаў па Маладзёжнай: уцяплілі 5-я паверхі дамоў, усталявалі дзверы з дамафонам, пліты і сантэхніку памялі і іншае. З апошняга – усталявалі новую сучасную дзіцячую пляцоўку. Бо калі нам перадалі інтэрнаты, яны былі не ў самым лепшым стане. Дзіцячая пляцоўка побач з інтэрнатамі на вуліцы Маладзёжнай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю звярнуўся жыхар Смаргоні, які ўжо 15 гадоў жыве ў інтэрнаце №22 па вуліцы Маладзёжнай.
|
|