У Аляксандра Кісялёва прафесія, якая патрабуе асаблівай уважлівасці
Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя. А прафесія электраманцёра асабліва. Бо без гэтага чалавека ў нас не запрацуе ні адзін прыбор, ды і сядзець мы будзем у апраметнай цемры, пры свечках. Цяпер, калі ў кватэрах раптам згасаюць лямпачкі, у людзей адразу ўзнікае паніка і нараджаецца мноства пытанняў: «Што здарылася? Дзе электрыкі? Калі ліквідуюць непаладкі?» У вымушанай цемры жыццё адразу замірае. Бо ў сучасны час наша жыццё без электрычнасці, проста не магчыма.
Ад якасці працы электрыка залежыць, у першую чаргу, бяспека людзей і іх маёмасці, а потым ужо камфорт у эксплуатацыі кропак электрасілкавання.
Таму сёння добрыя спецыялісты гэтага профілю даволі запатрабаваныя. Напярэдадні прафесійнага свята, Дня жыллёва-камунальнай гаспадаркі, нягледзячы на вельмі шчыльны графік працы, мне давялося пагутарыць з Аляксандрам Кісялёвым.
Вось ужо дванаццаць гадоў, як працуе Аляксандр Леанідавіч ва УКП «Жылкамгас» электраманцёрам па рамонту і абслугоўванню абсталявання. Усе гэтыя гады ён пільна сочыць за тым, каб у нашых дамах і кватэрах, на вуліцах заўсёды было светла, а ў час святкавання Новога году — прыгожа.
У кола абавязкаў спецыяліста ўваходзіць мантаж, абслугоўванне, рамонт электрычных прыбораў і шэраг іншых абавязкаў.
Мы ведаем, што электрычнага току не відаць і не чуваць, але ён можа вельмі моцна нашкодзіць як самому чалавеку, так і яго маёмасці. Таму вельмі важна сачыць за спраўнасцю электраправодкі, і ў гэтым нам могуць дапамагчы толькі такія людзі, як мой суразмоўца.
Слухаючы апавяданні пра тое, што напружанне сеткі, з якім працуюць спецыялісты дзясяткі тысяч вольт, разумееш, наколькі адказным трэба быць у працы.
Як кажа Аляксандр, сучасны электрамантаж патрабуе асаблівых ведаў, высокай увагі, акуратнасці ў працы. Толькі выконваючы гэтыя асноўныя правілы, можна зберагчы сябе ва ўмовах павышанай небяспекі.
— Уважлівымі прыходзіцца быць заўсёды, — працягвае Аляксандр Леанідавіч. — У нашай працы нельга спяшацца, кожнае дзеянне павінна быць добра прадумана. Тэхніка бяспекі ў нас строгая. Не выконваеш яе — рызыкуеш жыццём. Электраманцёры ніколі не ходзяць на заданні па аднаму. Пры выкананні працы напарнікі кантралююць адзін аднаго, аказваюць неабходную дапамогу.
Працы ў Аляксандра Кісялёва дастаткова, проста так сядзець не выпадае: там трэба нешта паправіць, там падключыць і гэтак далей. Ён з’яўляецца спецыялістам, які запатрабаваны заўсёды. Ды і як можа быць інакш, калі чалавек ставіцца да сваёй працы добрасумленна. За гэтую якасць і быў адзначаны на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі сярод работнікаў прамысловасці, транспарту, сувязі, сферы абслугоўвання і гандлю, які прайшоў у пачатку сакавіка.
Наша гутарка не абыйшла бокам і жыццё па-за працай. Сваёй сям’і ў Аляксандра Леанідавіча пакуль няма, неяк не склалася. Таму ўвесь вольны час ён аддае паянню розных схем, а ў сапраўдны момант захапіўся праграміраваннем — займаецца ў дыстанцыйнай школе «ЕШКО».
Новае захапленне таксама было абрана не проста так, бо цяпер стагоддзе кампутарных тэхналогій ва ўсіх, без выключэння, сферах. А добраму спецыялісту, для паляпшэння якасці сваёй працы, трэба ісці ў нагу з часам.
У канцы пытаюся пра тое, што ж значыць для яго абраная прафесія?
— Калі банальна, то людзі нашай прафесіі заўсёды будуць запатрабаваныя, таму і праца ў іх будзе стабільная. А калі ў высокім — маральнае задавальненне. Вельмі прыемна бачыць цёплае святло, што льецца з вокнаў і на вуліцы, святочнае ўпрыгожванне горада і ведаць, што ты ўнёс у гэты працэс сваю лепту.
— Што вы пажадаеце сваім калегам напярэдадні свята?
— У першую чаргу здароўя, поспеху ў працы, паразумення ў сем’ях.
Гутарка з Аляксандрам была абмежаваная ў часе, бо яго ўжо чакала праца. Але гэта не перашкодзіла мне разгледзець у ім якасці, якія цэняцца ў любым калектыве: сціпласць, мэтанакіраванасць да ўласнага самаўдасканалення, жаданне працаваць і выконваць свою працу добра.
Аляксандра ФЁДАРАВА