Кошт палення травы можа быць высокім…...
26.03.2018
—
Разное
|
Начныя маразы і сухое, ветранае дзённае надвор’е неверагодна спрыяе хутчэйшаму высыханню леташняй травы і іншай расліннасці. Вось і бярэцца зноў наша насельніцтва за запалкі. Выратавальнікі рэгіструюць выезды на тушэнне травы недзе з 12 сакавіка. Маецца і вогненае здарэнне, калі полымя па сухой траве дабралася да драўлянай пабудовы і цалкам яе знішчыла. Адбылося гэта ў Даманаве, дзе мясцовая пенсіянерка, 1932 года нараджэння, падпаліла смецце на сваім парослым травой агародзе. Па траве з ветрам полымя рушыла да суседняга падворка ў імгненне вока дабралася да збудавання і вось ужо ва ўсю моц заскакала па яго сценах і даху.
Не перастае здзіўляць, з якой настойлівасцю штогод увесну нашы грамадзяне паляць сухую расліннасць проста на корані, зусім ніяк не зважаючы на наступствы.
Леташняй вясной у дзень рэгістравалася да 15-ці выездаў выратавальнікаў на ліквідацыю травяных палаў.
Правілы пажарнай бяспекі дапускаюць кантраляванае развядзенне кастроў для спальвання смецця і іншых бытавых адыходаў на пляцоўках. Пляцоўкі павінны быць акаймаваныя ачышчанай ад мінеральнага слою глебы паласой, шырынёй не меней за 0,25 метра. Паліць адыходы дапушчальна ў ціхае, бязветранае надвор’е, пры вытрыманні наступных адлегласцяў: 10 метраў ад пабудоў, 20 метраў ад лясоў, 30 метраў ад месцаў, дзе складзены сена ці салома. Вазьміце абавязкова сабе на заўвагу гэтыя патрабаванні, калі будзеце прыбіраць свае падворкі перад Велікоднымі святамі.
Паліць сухую расліннасць на корані, весці вясеннія палы сухой травы забаронена! Адпаведна арт. 15.57 КаАП РБ – выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама пожні і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках цягне адказнасць у выглядзе накладання штрафу ад 10-ці да 40 базавых велічынь.
Дадаткова ў Правілах сказана, што на прысядзібных участках дапускаецца прыгатаванне ежы з выкарыстаннем мангалаў, барбекю і іншага ў спецыяльна адведзеных месцах на мінімальнай адлегласці ад пабудоў 4 метры. Ніколі не дазваляйце малым дзецям распальваць вогнішча ці сачыць за яго гарэннем.
Распальванне кастра ў забароненых месцах можа абярнуцца для вінаватых штрафам да 12-ці базавых велічынь (ст. 15.58 Кодекса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях).
І яшчэ. Найчасцей траву на сваіх падворках, агародах падпальваюць людзі сталага ўзросту. Маецца безліч прыкладаў, калі састарэлыя бабулі і дзядулі знаходзяць сабе смерць на сваіх ахопленых полымем сядзібах, спрабуючы пасля падпалу патушыць траву. Таму пагутарыце са сваімі бацькамі, бабулямі-дзядулямі наконт шкоды вясенніх палаў і гэтым самым засцеражыце іх дамы, а разам і жыццё, ад пажараў.
В. Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Леташняй вясной у дзень рэгістравалася да 15-ці выездаў выратавальнікаў на ліквідацыю травяных палаў. |
|