На прыём да старшыні райвыканкама Сяргея Ігнаценкі на гэтым тыдні прыйшлі толькі два чалавекі. Пытанні розныя, але абодва тычацца жыллёвай тэмы.
Першы мужчына нядаўна выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, якая сустрэла яго няветліва. Пакуль адбываў пакаранне, памёрла маці. Пэўны час за жыллё, у якім зарэгістраваны і ён, ніхто не плаціў. Вось і сфарміравалася запазыка амаль у 340 рублёў. Яшчэ і пеня за пратэрміноўку плацяжоў “накапала” ў 244 рублі. Для чалавека, які толькі-толькі ўладкаваўся на працу, даволі цяжарная сума. Вось і пытаецца: “Ці можна скасаваць запазыку?”
Спецыялісты жыллёва-камунальнай галіны адказваюць – скасаваныя такія паслугі, як, напрыклад, вываз смецця. А вось з ацяпленнем такі прыём не пройдзе: цяпло ў дом трапляла пастаянна. Па законе трэба аплачваць.
Старшыня прапаноўвае кампраміснае вырашэнне: паступова аплачваць камуналку, пасля чаго напісаць заяву на вызваленне ад пені. Прыняцце рашэння аб задавальненні такой просьбы выглядае досыць магчымым.
На разгляданне звароту наступнага наведвальніка не спатрэбілася і пяці хвілін. Мужчына жадае набыць зямельны вучастак у вёсцы Праточнае. Яму растлумачылі, што хутка будуць сфарміраваныя вучасткі на продаж, якія можна набыць, прыняўшы ўдзел у аўкцыёне. Інфармацыя аб яго правядзенні абавязкова будзе размешчана ў СМІ і на шэразе спецыялізаваных сайтаў. Узяушы, на ўсялякі выпадак, кантакты старшыні Ямніцкага сельвыканкама, мужчына падзякаваў і развітаўся.
Лаканічна.
Уладзіслаў ГРЫБАНАЎ.