Бывшая учительница Плинской школы Мария Кирилловна Урбан всю себя отдавала профессии
03.04.2018
—
Разное
|
Марыя Кірылаўна Урбан жыве сціпла. Як і большасць настаўнікаў-пенсіянераў былой Плінскай школы, гэтага ўнікальнага па сваім мікраклімаце калектыву. Мясцовых педагогаў тут было шмат яшчэ ў пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады. Яны выхавалі цэлую плеяду прадаўжальнікаў сваёй справы, а яшчэ больш – проста выдатных людзей. Таму, калі на вуліцы Марыю Кірылаўну нечакана абдымаюць ужо дарослыя, намнога вышэйшыя за яе сённяшнюю, вучні, ёй даводзіцца дасканала ўглядацца, перш чым прыгадаць імя. – Далёка не кожнага памятаю, і не таму, што многа было вучняў: памяняліся, раз’ехаліся па свеце, вельмі рэдка бачымся. Аднак Мішу Клопава, зараз вайскоўца ў Расіі, пазнала. Ён быў адным з тых спевакоў у нашым хоры, голас якога мяне прасілі “берагчы”. Не абраў ён музыку, аднак памяць аб цікавым вольным часе захаваў. Вельмі прыемна, што многія пакаленні з удзячнасцю прыгадваюць школьны хор, які і пачаў існаваць у Двор Пліне дзякуючы Марыі Кірылаўне. У Лепельскім педагагічным вучылішчы быў спецыяльны курс музыкі, дзе і навучылася яна як нотнай грамаце, так і ігры на мандаліне. На ёй і акампанавала хору, калі выязджалі нават на агляды-конкурсы ў Віцебск. Грымеў тады ў іх вёсцы і дарослы хор пры Доме культуры, якім кіравала Аліна Фёдараўна Пашута. Марыя Кірылаўна і там была запатрабаваная і як спявачка, і як музыка. Аднак гэта была дадатковая нагрузка, а больш за ўсё яна любіла свой прадмет: рускую мову і літаратуру. “Я не працавала, а жыла прафесіяй. На першым месцы заўсёды была работа. Муж неаднойчы жартаваў, што дарэмна ажаніўся на настаўніцы. Канечне, я часта затрымлівалася ў школе, ці ноччу сядзела, правярала сшыткі, падымалася рана, каб усё паспець. Вядома ж, уласны дом на вёсцы, гаспадарка, трое сыноў. І ў дэкрэтныя адпачынкі не хадзіла, паколькі былі патрэбны сродкі, абжываліся з нуля, дапамагала па доглядзе за малымі цётка, якая часова пераехала з Лепельшчыны. Там яе карані, яе сіроцкае дзяцінства. Бацька памёр яшчэ да вайны, маці хутка пасля навалы, а малую Марыйку з падпаленай немцамі хаты вынес партызан. Выхоўвалася ў дзіцячым доме, хоць апекавала і часта забірала да сябе стрыечная сястра. “Ніколі не садзіся ў радні есці”, – казала яна маленькай Марыйцы, – ім, калгаснікам, самім няма чаго”. Сястра з мужам – абое настаўнікі, у якіх была на руках заробленая капейка – частавалі малую салодкімі прысмакамі. І таму калі дзевятнаццацігадовае дзяўчо прыехала на Ушаччыну настаўнічаць, не шкадавала купіць цукерак для сваіх спевакоў з хору. Памятала, што ў іх бацькоў наўрад ці ёсць сродкі на прысмакі. Марыя Кірылаўна не вельмі любіць расказваць пра сябе, крытычна зазначаючы, што ўсе свае ўзнагароды яна атрымала, абдзелена не была. Але тым і багаты сапраўдны настаўнік, што аб ім гавораць яго вучні. Той жа факт пра цукеркі прыгадала Валянціна Мікалаеўна Лукашонак, якая заставалася пасля ўрокаў на заняткі спевамі. Былы дырэктар Плінскай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч свайму жыццёваму выбару ўдзячна менавіта настаўніцы літаратуры, хоць любімымі былі і хімія, і біялогія. “Урокі М.К.Урбан прадумвала “да міліметра”, часта праводзіла адкрытыя, многа цытавала на памяць і самае галоўнае, вучыла нас думаць. Мабыць таму я заўсёды выбірала вольныя тэмы сачыненняў і пісала іх на 6 лістоў. Яна настолькі любіла літаратуру, што вакол Марыі Кірылаўны чыталі ўсе. Памятаю, як многа ведаў, забягаў наперад праграмы яе сын Генадзь. Я ў сваю чаргу вучыла яе ўнучку Юлю, якую можна было заслухацца, так пастаўлена мова дзякуючы менавіта чытанню. Недарэмна пражытае, хоць і вельмі складае жыццё. У Марыі Кірылаўны няма няўдзячных вучняў.” Яскравым сведчаннем таму і яе юбілей, які настаўніца адзначыла на Саракі. Да яе завіталі прадстаўнікі раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі, старшыня ветэранскай арганізацыі. Павіншавалі калегі, было многа званкоў ад родных, былых яе школьнікаў. А ўвечары з падарункам на хвіліну завітала Люба Белавусава. Былая вучаніца спецыяльна прыехала з Наваполацка. І калі ўсё ж “настойваю” раскрыць педагагічны сакрэт, Марыя Кірылаўна сцвярджае, што яго няма. Проста заўсёды была на роўных з вучнем, не вышэй. Нават самаму складанаму, непаслухмянаму давала даручэнні і пераконвала, як многа залежыць менавіта ад яго, што ён не горшы за іншых, а мабыць крышачку лепшы”. Вольга КАРАЛЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марыя Кірылаўна Урбан жыве сціпла. Як і большасць настаўнікаў-пенсіянераў былой Плінскай школы, гэтага ўнікальнага па сваім мікраклімаце калектыву. Мясцовых...
|
|