Само і на сабаку не зажыве. 21.by

Само і на сабаку не зажыве

10.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article3883.jpg

 У Івацэвіцкай ветлячэбніцы робяць анкалагічныя аперацыі сабакам


Сусветнавядомы французскі медык, псіхіятр Дэвід Серван-Шрайбер у сваёй кнізе “Антыстрэс. Як перамагчы стрэс, трывогу і дэпрэсію без лекаў” расказваў, што ў ходзе праведзенага ім даследавання высветлілася: пацыенты, якія раней перанеслі інфаркт, пакутавалі ад сардэчнай арыт-
міі, а пасля сталі трымаць дома сабак ці кошак, у шэсць разоў менш падвяргаліся рызыцы памерці ад сардэчнага прыступу, чым хворыя, у каго дамашніх любімцаў не было.

Магчыма, гэтым кіруюцца многія нашы землякі, хто не ўяўляе сваё жыццё без сабакі ці ката. Прынамсі, няўзброеным вокам бачна, што ў Івацэвічах сталі часцей сустракацца людзі, хто выгульвае шпіца, йоркшырскага тэр’ера, карлікавага пу-
дзеля... Хаця сёння такі сабака дэкаратыўнай пароды і каштуе нямала. Пра асаблівасці ўзаемаадносін жыхароў Івацэвічаў і раёна з дамашнімі любімцамі мы гутарым з Міхаілам Канановічам, загадчыкам участковай ветэрынарнай лячэбніцы Івацэвіцкага раёна.

Тузік ці Мурка на аперацыйным стале
– Жыхары Івацэвічаў і раёна вылучаюцца шчырай і непадробнай любоўю да братоў нашых меншых – катоў і сабак, – адзначае Міхаіл Канановіч. – Іх у нашых дамах і кватэрах з кожных годам становіцца ўсё болей. Я працую на сваёй пасадзе каля трох гадоў – і, нават не спасылаючыся на статыстыку, магу адзначыць гэтую тэндэнцыю. Асабліва ў апошні час пабольшала сабак карлікавых парод…
Мой субяседнік з хваляваннем расказвае, што нашы землякі многім гатовы ахвяраваць дзеля сваіх любімцаў. Да прыкладу, жыхар Івацэвічаў нават у Маскву вазіў на лячэнне, на тамаграфію галаўнога мозга свайго йоркшырскага тэр’ера, бо той пакутуе на складанае захворванне… Згадваецца выпадак, калі пажылая жанчына прынесла ката, які атрымаў моцнае пашкоджанне галавы, у аперацыйнай ветлячэбніцы яго прыйшлося аперыраваць. На шчасце, аперацыя прайшла паспяхова, радасці пенсіянеркі не было мяжы, для яе гэты кот – аддушына ў жыцці. 

Пры гэтым Міхаіл Канановіч не зусім згодзен з прыслоўем: “…загоіцца як на сабаку”. Дамашнія дэкаратыўныя жывёлы, якія жывуць у цяплічных умовах, схільныя да захворванняў. Звычайныя дваровыя сабакі ў гэтым сэнсе больш загартаваныя, а вось пакаёвыя – зусім не… Адзін толькі ўкус кляшча можа прывесці да захворвання піраплазмозам – гэта надзвычай цяжкае захворванне крыві, якое без лячэння практычна заўсёды вядзе да лятальнага зыходу. Хворых на піраплазмоз сабак прыносяць на руках у ветлячэбніцу, яны ўжо самі не могуць хадзіць… Мой субяседнік звяртае ўвагу, што нават злаякасныя і дабраякасныя пухліны выдаляюць сабакам у нашай ветлячэбніцы – онказахворванні, як бачыце, характэрныя і для жывёл. Гэтыя “балячкі” чамусьці найчасцей праследуюць кошак і нямецкіх аўчарак, а вось катоў і сабак іншых парод абыходзяць.  

Усе хваробы ад нерваў
Устойлівы фразеалагізм, што ўзяты ў падзагаловак, як ні падасца камусьці дзіўным, мае прамыя адносіны і да здароўя сабакі. Міхаіл Канановіч згадвае выпадак з практыкі: звярнуліся жыхары Яглевічаў, маўляў, сабака ратвейлер, за якім яны ажыццяўляюць догляд, стаў горш выглядаць, на скуры з’явіліся струпы, на яго нейкі сверб напаў, шэрсць выпадае…

– Быў уражаны агрэсіяй ратвейлера, які мяне не дапусціў да сябе, каб я зрабіў агляд, – распавядае Міхаіл Канановіч. – Я пацікавіўся ў людзей, якія ажыццяўлялі догляд: а хто з’яўляецца гаспадаром ратвейлера? Высветлілася: гаспадар на некалькі тыдняў з’ехаў, папрасіў даглядаць сабаку, але ён вядзе сябе неадэкватна, нейкія балячкі павылазілі… Вялікая верагоднасць таго, што калі гаспадар прыедзе, то здароўе адразу прыйдзе ў норму, а нейрадэрматыты і дэмадэкозы пройдуць, – такі я даў адказ жыхарам Яглевічаў… – І сапраўды, калі вярнуўся з паездкі гаспадар, то здароўе гэтага сабакі рэзка пайшло на папраўку… 

Мой суразмоўца звяртае ўвагу, што мы ведаем, але часта забываем, што сабака – надзвычай прывязаная да гаспадара істота, якая насамрэч перажывае велізарны стрэс, калі гаспадар кудысьці з’язджае, пакідае яе. Сапраўды, адданасць і вернасць сабак – гэта тэма для асобнай гутаркі. Нездарма ў больш буйных гарадах у штат ветэрынарных лячэбніц уваходзяць зоапсіхолагі, якія працуюць з жывёламі, для якіх страта гаспадара азначае ўласную смерць, бо без гаспадара сабака часам жыць не хоча... 

Каб ваш любімец заўсёды быў вясёлым
Калі ў вашым доме ці кватэры з’явіўся сабака ці кот, то варта з разуменнем ставіцца да неабходнасці правядзення прышчэпак і атрымання зоапашпарта. Калі жадаеце, каб ваш любімец нармальна развіваўся, не хварэў, быў заўсёды вясёлым і жыццярадасным, то іншую мадэль паводзінаў выбраць не пажадана.

Міхаіл Канановіч раіць прытрымлівацца наступнага алгарытму дзеянняў. Вы набылі шчанюка шпіца, йорка, аўчарку? Найперш правядзіце апрацоўку-лячэння ад гельмінтаў, гэта можна зрабіць самастойна. Прыкладна праз тыдзень накіроўваецеся ў ветлячэбніцу, каб правесці комплексную вакцынацыю ад чумкі і іншых захворванняў, якую пасля трэба будзе правесці паўторна, а таксама вакцынацыю ад шаленства. На рукі гаспадару выдаецца ветэрынарны зоапашпарт, дзе спецыяліст пакіне запіс, калі ў наступны раз неабходна з’явіцца да ветэрынарнага ўрача.

Колькі слоў пра мікраспарыю – захворванне скуры, валасоў і пазногцяў, якое можа перадавацца чалавеку, а таксама сабакам ад іншых жывёл, у асноўным, ад катоў, найперш бадзяжных. Калі вы падабралі пакінутае кацяня, хочаце яго ўтрымліваць дома, то не забудзьце ў ветэрынарнай лячэбніцы правесці абследаванне на мікраспарыю. Ультрафіялетавыя прамяні спецыяльнай лямпы дакладна вызначаць: хворае на мікраспарыю кацяня ці не. Многія нашы грамадзяне, падкрэслівае Міхаіл Канановіч, так і робяць, тым не меней, яшчэ раз нагадаць не пашкодзіць. Увогуле, каты, хаця з’яўляюцца больш дамашнімі жывёламі, і менш падарожнічаюць, тым не меней, яны могуць быць носьбітамі каля 30 паразітарных захворванняў, якія перадаюцца і чалавеку.

У маі бягучага года – напярэдадні перыяду водпускаў і летніх канікулаў – раённая райветстанцыя плануе правесці месячнік па прафілактыцы мікраспарыі. Кожны жыхар Івацэвічаў і раёна можа са сваім любімцам наведацца ў ветлячэбніцу, дзе будзе бясплатна праведзена абследаванне на дадзенае захворванне. Скарыстайцеся гэтай магчымасцю.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 У Івацэвіцкай ветлячэбніцы робяць анкалагічныя аперацыі сабакам  
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика