Наша дасведчанасць у тых ці іншых пытаннях прама прапарцыянальна нашым магчымасцям. Інакш кажучы, калі чалавек валодае інфармацыяй, калі гэта інфармацыя пададзена ў даступнай форме, то яму лягчэй яе прымяніць, такім чынам змяніўшы сваё жыццё, як правіла, да лепшага. На гэта нацэльвала рабочую групу падчас падворнага абходу ў рамках дня работы з насельніцтвам у Мікалаеўскім сельсавеце старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Ну, напрыклад, можна колькі хочаш наракаць на адсутнасць магчымасці годна працаўладкавацца. Асабліва апошнім часам і асабліва ў вёсцы. Але, у той жа час, можна наведацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для таго, каб атрымаць праўдзівую інфармацыю. І акажацца, што вакансій у раёне хапае, акажацца, што вас могуць нават бясплатна вывучыць на курсах па той ці іншай спецыяльнасці. А вось калі грамадзянін проста не хоча абзавесціся месцам працы, гэта ўжо іншая справа, тады і наракаць не трэба. Хто хоча працаваць – той будзе. Тым больш, што апошнім часам у краіне сапраўды шмат робіцца для развіцця дзелавой актыўнасці. Пра магчымасці прыватнай ініцыятывы ўсё ведаюць у аддзеле эканомікі райвыканкама. Там вам раскажуць, на якіх умовах можна атрымаць бязвыплатную субсідыю, як адкрыць справу, заплаціўшы адну базавую ў год, і шмат чаго яшчэ. З гэтай інфармацыяй выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан, якая увайшла ў склад групы.
“Наш раён заўжды лічыўся сельскагаспадарчым, – заўважыла І. М. Новікава, аналізуючы зрухі ў эканоміцы рэгіёна. – Але ў той жа час, сёння з 7,5 тысяч актыўнага насельніцтва, дзве тысячы, а гэта 25%, занятыя ў прыватным бізнесе”. 50% паступленняў у бюджэт – ад малога і сярэдняга бізнесу. Прадукцыя, якая вырабляецца гэтымі прадпрыемствамі, экспартуецца ў 13 краін свету, у тым ліку такія, як Данія, Германія, Нідэрланды, В’етнам, Кітай.
Заканадаўства сёння лаяльнае да любой ініцыятывы. Сваю справу можна адкрыць нават без першапачатковага капіталу. Галіна Калыхан прывяла ў прыклад чалавека, што атрымаў субсідыю для таго, каб займацца фатаграфіяй. На гэтыя грошы купіў фотаапарат, камп’ютар і пачаў сваю справу. Сёння ён ужо купляе ўчастак, дзе збіраецца будаваць спецыяльнае памяшканне для далейшага развіцця паслугі. Вось – у чалавека не было ні інструменту, ні грошай, але было жаданне працаваць, і ўсё атрымалася. Наогул, за апошні час 9 грамадзян заняліся аказаннем паслуг, такіх, напрыклад, як касметалогія, рамонт мэблі, кандытарскія вырабы і інш. У Мікалаеўскім сельсавеце таксама ёсць поле для прыватнай ініцыятывы. Тым больш, што і станоўчы прыклад заўжды перад вачыма – фермеры, якіх у гэтым краі больш, чым дзе.
Клопаты вяскоўцаў, вядома, вызначае пара года. Трэба прыбрацца, навесці парадак у дварах, на могілках – хутка ж Радаўніца, пабяліць дрэвы, павыграбаць смецце. На гэта нацэльваў і старшыня сельсавета Уладзімір Сядлоўскі, заўважыўшы, што па добраўпарадкаванні населеных пунктаў іх сельсавет заўжды лідзіруе ў раёне. А за неналежны клопат пра свае ўчасткі прадугледжаны штраф – пра гэта таксама людзей папярэдзілі. Гаварылі пра нормы закону ў справе пахавання, дзе таксама ёсць свае нюансы. Такога, калі людзі парканам ці дротам адгароджваюць неабмежаваную колькасць месца на могілках, больш няма. І дрэвы саджаць на могілках нельга, толькі пэўныя хмызнякі па ўзгадненні з сельвыканкамам. На ўсіх 16-ці могілках у сельсавеце абсталяваныя пляцоўкі для збору смецця. Людзей настойліва прасілі карыстацца імі і не згружаць смецце там, дзе зручна, таксама паабяцалі, што ўсе пад’езды да могілак будуць прагрэйдзіраваны.
Прыемную навіну паведаміла жыхарам Мікалаева І. М. Новікава: у вёсцы распачнецца будаўніцтва тратуара, які там вельмі патрэбны.
Тэмы бяспекі закранулі ў сваіх выступленнях першы намеснік начальніка РАНС Рыгор Жук і намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі. Перад прысутнымі выступілі іншыя адказныя асобы, асвяціўшы многія актуальныя для вяскоўцаў пытанні.
У ходзе падворнага абходу былі наведаны асобныя катэгорыі грамадзян – адзінокія, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, сем’і ў нестабільнай сацыяльнай сітуацыі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №29 ад 13.04.2018 г.
Данесці важную інфармацыю да вяскоўцаў Наша дасведчанасць у тых ці іншых пытаннях прама прапарцыянальна нашым магчымасцям. Інакш кажучы, калі чалавек валодае...