Рэзананс. Нестандартны выпадак
16.04.2018
—
Разное
|
У нашым горадзе зрэдзьчас здараюцца дробныя хуліганскія выхадкі, якія набываюць шырокі грамадскі рэзананс. Чакаць іх з’яўлення варта хутчэй за ўсё ў грамадскім месцы, там, дзе зроблена ці ўстаноўлена нешта новае. Так, восенню мінулага года ў парку «Дружба народаў» раптам аказаліся непрыдатнымі да работы фарсункі фантана. Раней у тым жа парку было нешта адкручана з вулічных трэнажораў, знікла штосьці з дзіцячых гульнявых атракцыёнаў… Яшчэ раней фіксаваліся выпадкі глумлення над пасаджанымі дрэўцамі на вуліцах горада. Ноччу на плошчы Бессмяротнасці выкапалі свежавысаджаныя кусцікі бягоніі. Замест іх пакінулі ў святым месцы вусцішныя яміны-варонкі… Падобныя навіны заўсёды шакіруюць, б’юць у самае сэрца. Нармальнаму чалавеку не па сабе, калі нешта нішчыцца або выводзіцца са строю. Тым больш, размова ідзе пра знішчэнне плёну агульных намаганняў, пра рэчы, якія павінны служыць і прыносіць карысць усім нам. Заўсёды хацелася паглядзець у вочы таму, хто ўзнімае руку на грамадскае і, часцей за ўсё, спадзяецца на беспакаранасць. І раптам такая магчымасць прадаставілася на адным з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх. Разглядаўся дзевяцікласнік адной з гарадскіх школ. Выпадак не зусім стандартны. Падлетак быў заўважаны вечарам супрацоўнікамі Дэпартамента аховы, якія працавалі на маршруце патрулявання на скрыжаванні вуліц Гайдука і Савецкай, і акурат падчас хуліганства. Ён разбіваў аб асфальт керамічную пліту, што аздабляе дэкаратыўную вазу для кветак. Падлетак быў дастаўлены ў райаддзел міліцыі, дзе ў адносінах да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол. На першы раз яго папярэдзілі, аднак інспекцыя па справах непаўналетніх будзе праводзіць з ім індывідуальна-прафілактычную работу. Слушнае пытанне да парушальніка: «Чым перашкаджала ваза, якая стаіць на раздарожжы?» На гэта 15-гадоваму падлетку сказаць не было чаго. Побач з ім у той момант была кампанія, у ёй знаходзіліся і дзве дзяўчыны. Магчыма, захацелася хлопцу паказаць сябе, заваяваць такім чынам увагу супрацьлеглага полу. «Такі ўчынак у гістарычным месцы горада, побач з саборам святой праведнай Ганны, не паддаецца ніякаму тлумачэнню», – падкрэслівае намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько. Варта нагадаць, што апошнім часам актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў раёна бяруць фактычна ўсе жыхары. З надыходам вясны працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый выходзяць на суботнікі, каб аказаць дапамогу ў падмятанні вуліц, уборцы смецця, пасадцы дрэў і кветак на вуліцах і плошчах сваёй малой радзімы. Стала традыцыяй, што сродкі, якія талакой зароблены падчас раённага суботніка, акумуліруюцца на асобным рахунку і накіроўваюцца на добраўпарадкаванне вуліц, па якіх мы ходзім. Інфармацыя, куды канкрэтна яны выкарыстаны, публікуецца штогод у раённай газеце. Сёлета гэтая работа праводзіцца пад знакам 425-годдзя Стоўбцаў. І, дарэчы, адным з пунктаў плана падрыхтоўкі горада да юбілейнай даты прадугледжана прывядзенне ў дастойны выгляд і таго гістарычнага месца, дзе пахуліганіў падлетак. У добраўпарадкаванні важныя асабісты прыклад і ўклад кожнага. Рубель да рубля – і, глядзі, у горадзе дадаткова з’явіцца яшчэ не адна зручная і прыгожая тратуарная дарожка. Калі ідзеш па ёй, адчуваеш пачуццё гонару, сваю значнасць і запатрабаванасць. Але, відавочна, мы, дарослыя, дома і ў школе, мала даводзім гэта да свядомасці сваіх дзяцей. Таццяна ПЯТКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашым горадзе зрэдзьчас здараюцца дробныя хуліганскія выхадкі, якія набываюць шырокі грамадскі рэзананс. Чакаць іх з’яўлення варта хутчэй за ўсё ў грамадскім...
|
|