На дачу пасля зімы Вяртаючыся пасля зімы ў свае загарадныя дамы, праверце спраўнасць печкі і комінаў, адрамантуйце іх, замажце расколіны, ачысціце ад сажы, пабяліце на гарышчах усе дымавыя трубы і сцены, у якіх праходзяць дымавыя каналы.
Займаючыся гаспадарчымі справамі, не пакідайце печкі без нагляду і не даручайце гэта дзецям, не ўжывайце для распальвання гаручыя і лёгкаўзгаральныя вадкасці. Попел, шлак і вугаль з топак выдаляйце ў спецыяльна адведзенае месца – не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў.
Пасля зімы абавязкова праверце на дачы стан электраправодкі, яна не павінна быць трухлявай, з механічнымі пашкоджаннямі. Забараняецца перагружаць праводку – гэта прыводзіць да кароткіх замыканняў. Усе электрасеткі павінны мець апараты абароны ад кароткіх замыканняў, перагрузак і іншых ненармальных рэжымаў, здольных прывесці да пажару. І ні ў якім разе нельга карыстацца “жучкамі”. Сачыце за спраўнасцю электраправодкі, электрычных прыбораў, за цэласцю і спраўнасцю разетак, вілак і электрашнуроў. Не пакідайце ўключаныя электрапрыборы без нагляду.
Каб не дапусціць узгаранняў сухой расліннасці, чысціце ад сухой травы, лісця і смецця прысядзібныя пляцоўкі, не разводзьце вогнішчы паблізу пабудоў, не выкідвайце ў сухую траву непатушаныя цыгарэты і запалкі.
І пра ўсімі любімыя шашлыкі. Памятайце, што іскры ад агню могуць адляцець далёка і хвілін 30-40 тлець. За гэты час аматары шашлыку звычайна ўжо пераходзяць да святкавання і часта позна выяўляюць пажар. Помніце, што размяшчаць мангал, барбекю ці грыль трэба не менш як за 4 м ад збудаванняў. Пасля прыгатавання ежы ўсе гаручыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення.
Завіхаючыся каля дома, не забывайце таксама, што дзеці не павінны заставацца без нагляду. Прадастаўленыя самі сабе, спрабуючы заняць хоць нечым вольны час, яны прыдумваюць самыя розныя, часам рызыкоўныя гульні. Вы павінны ведаць, дзе знаходзяцца вашы дзеці і з кім гуляюць. Безумоўна, нельга замкнуць дзіцяці між чатырох сцен і немагчыма прадугледзець усе сітуацыі і даць парады на ўсе выпадкі жыцця. Але навучыць дзіця быць асцярожным можна і трэба. І ніхто не зможа зрабіць гэта лепш, чым бацькі.
Ларыса ЛІНКЕВІЧ, спецыяліст РАНС.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.
На дачу пасля зімы Вяртаючыся пасля зімы ў свае загарадныя дамы, праверце спраўнасць печкі і комінаў, адрамантуйце іх, замажце расколіны, ачысціце ад сажы,...