Верны сын сваёй Айчыны — камандзір партызанскай брыгады імя Варашылава Фёдар Маркаў.
07.05.2018
—
Разное
|
Чарговы ліст у рэдакцыю раённай газеты даслаў былы яе адказны сакратар Віктар Яфімавіч Сухараў, які цяпер пражывае ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці. У сваім матэрыяле аўтар расказвае пра аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава. “Фёдар Маркаў нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Калашкі на Пастаўшчыне. З юнацкіх гадоў удзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі. У 1934 годзе ўступіў у рады КПЗБ. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць падвяргаўся арыштам з боку польскіх улад. Быў зняволены ў Бяроза-Картузскі лагер, віленскую турму Лукішкі. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Фёдар Маркаў працаваў старшынёй Свянцянскага гарсавета, а пасля намеснікам старшыні Вілейскага аблвыканкама. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Фёдар Рыгоравіч меў за плячамі навучанне ў партызанскай школе, таму яго з двума камуністамі накіравалі ў Пастаўскі раён, у тыл ворага. Паліцаі хутка заўважылі, што ў вёсцы Навасёлкі з’явіўся новы чалавек, за ім пачалі пільна сачыць. Маркаў быў вымушаны перабрацца па гэтай прычыне ў Свянцяны. Тут ён наладзіў сувязь з савецкімі актывістамі і распачаў баявыя дзеянні. 16 кастрычніка 1941 года, разабраўшы чыгунку ў раёне станцыі Ігналіна, падпольшчыкі пусцілі пад адхон варожы эшалон. Гэта была іх першая баявая аперацыя. Наступную аналагічную дыверсію партызаны правялі вясной 1942 года паблізу мястэчка Магільяны, што ў Літве. У пушчаным пад адхон цягніку загінула 950 нямецкіх салдат. На шашы Свянцяны — Лынтупы імі была знішчана група афіцэраў, у тым ліку і шэф жандармерыі Вілейскай акругі. У далейшым група Фёдара Маркава правяла 1942 год у раёне вёсак Навасёлкі, Золава і Лынтупы, дзе і праводзіла баявыя дзеянні. Узброеныя дыверсійныя групы (у тым ліку і група Маркава) аб’ядналіся ў маі 1942 года ў партызанскі атрад імя Суворава. Народныя мсціўцы кантралявалі шэраг раёнаў Вілейскай вобласці, праводзілі дыверсійныя аперацыі па знішчэнні ворага. На працягу сваёй баявой дзейнасці атрад, які перарос у брыгаду, бесперапынна нарошчваў удары па нямецка-фашысцкіх акупантах, пашыраў сувязь з насельніцтвам. Гэта абумовіла хуткае павелічэнне колькасці ўдзельнікаў. У чэрвені 1944 года ў партызанскай брыгадзе імя Варашылава налічвалася 12 атрадаў, звыш 1700 чалавек, дадаткова меліся яшчэ людскія рэзервы з ліку жыхароў навакольных вёсак. За перыяд баявых дзеянняў у тыле ворага народныя мсціўцы пусцілі пад адхон дзясяткі варожых эшалонаў з людзьмі і тэхнікай. 4-га ліпеня 1944 года паблізу Мядзеля брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. У гэты ж дзень партызаны разам з чырвонаармейцамі штурмам узялі ўмацаваны мядзельскі гарнізон. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Фёдар Рыгоравіч Маркаў працаваў намеснікам старшыні Вілейскага і Маладзечанскага аблвыканкамаў, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, актыўна ўдзельнічаў у палітычным і грамадскім жыцці. У Шаркаўшчынскім і Пастаўскім раёнах, на Вілейшчыне, дзе прайшлі баявыя шляхі Фёдара Рыгоравіча, добра памяталі гэтага мужнага чалавека яго паплечнікі па барацьбе. За мужнасць, гераізм і праяўленую адвагу Маркаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На жаль, жыццёвы шлях камандзіра партызанскай брыгады імя Варашылава быў нядоўгім. Памёр ён у 1958 годзе. Імем Фёдара Рыгоравіча Маркава названы гарадскія вуліцы. У Шаркаўшчынскім раёне таксама шануюць памяць аб народным мсціўцы: камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства з цэнтральнай сядзібай у аграгарадку Радзюкі названа ў гонар Героя Савецкага Саюза, вернага сына сваёй Айчыны Фёдара Рыгоравіча Маркава”. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|