У Магілёве судзяць псыхічна хворага за прапаганду радыкальнага ісламу. 21.by

У Магілёве судзяць псыхічна хворага за прапаганду радыкальнага ісламу

11.05.2018 15:18 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У следчым ізалятары Магілёва пяць месяцаў утрымліваецца ў адзіночнай камеры 25-гадовы Аляксандр, які мае псіхічнае захворванне, інвалід 2-й групы. Яго вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, а таксама ў хуліганстве.


Фото pixabay.com

9 лютага судова-псіхіятрычная экспертыза пастанавіла: падчас учынення злачынстваў Аляксандр быў у стане бяспамяцтва. Гэта, аднак, не паўплывала на змяненне меры стрымання. Ён застаецца ў СІЗА. Акрамя праблемаў з псіхікай, у зняволенага хвароба тоўстага кішэчніка, якая вымагае медычнага нагляду.

10 траўня Магілёўскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць зняволенага. Учыненыя ім «грамадска небяспечныя дзеянні» падпадаюць пад санкцыі 1-й часткі 130-га і 339-га артыкулаў Крымінальнага кодэксу з максімальным пакараннем да пяці гадоў.

Суддзя Ірына Цяплова мае вырашыць пытанне аб ужыванні ў дачыненні абвінавачанага прымусовых захадаў бяспекі і лячэння. Дыягназ Аляксандра, які сам на працэсе не прысутнічае, не называецца.

Яго інтарэсы бароняць адвакат і бацька Юры, які мае трыццацігадовы стаж службы ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

 

Следства: прапагандаваў радыкальны іслам

Паводле следства, Аляксандр прапагандаваў ідэі радыкальнага ісламу, нацызму і фашызму. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ён размясціў матэрыялы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.

>

Быўшы студэнтам Беларускага інстытуту правазнаўства, ён маляваў у розных аўдыторыях у прысутнасці студэнтаў малюнкі, якія сімвалізавалі ідэі радыкальнага ісламу, падчас лекцыяў выкрыкваў «Алах акбар», а таксама ўключаў на сваім тэлефоне аўдыё файлы, якія прапагандуюць ідэі нацызму і расізму.

У эпізодзе з хуліганствам, паводле версіі следства, Аляксандр, «дэманструючы ўсёдазволенасць і беспакаранасць сваіх дзеянняў, грэблівае стаўленне да грамадскіх правілаў паводзінаў» ударыў нагой па дзвярах, якімі нанёс цялесныя пашкоджанні дзвюм аднакурсніцам.

Абедзве дзяўчыны прызнаныя пацярпелымі. Матэрыяльных прэтэнзіяў да свайго крыўдзіцеля яны не маюць. Пабояў не здымалі. Пра здарэнне паведамілі адміністрацыі інстытуту дакладной.

 

Маці: захапленне рэлігіямі дапамагала сыну зняць эмацыйнае напружанне

Бацькі ўтрыманне сына ў СІЗА называюць «антыгуманным, бесчалавечным і з юрыдычнага гледзішча неабгрунтаваным». Заяўляюць, што затрыманне Аляксандра адбылося «з грубымі парушэннямі нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу». Сцвярджаюць, што гэта зафіксавана ў матэрыялах справы. Намагаюцца, каб зняволенне замянілі на хатні арышт ці перавялі сына ў спецыяльную медычную ўстанову. Яны настойваюць: турма пагоршыць стан псіхічнага здароўя сына.

Маці абвінавачанага Тамара рэгулярна носіць у турму медыкаменты, бо такіх прэпаратаў там няма, казала яна на судзе. Першую ж перадачу з імі, паводле яе, у турме знішчылі. Потым прызналі сваю памылку. Жанчына 45 гадоў адпрацавала ў медыцыне.

«9 лютага было атрымана заключэнне судова-псіхіятрычнай экспертызы, што мой сын не ўсведамляў сваіх учынкаў, і з ім спыняюцца ўсялякія працэсуальныя дзеянні. Чаму ні следчы, ні пракуратура мне не дазволілі пабачыцца з сынам, каб вызначыць ягоны стан? Ад 15 снежня ён утрымліваецца ў камеры-адзіночцы. Для тэлевізара ў камеры няма тэхнічных умоваў. Перыёдыкі ў яго няма. Чаму не змяняюць яму меру стрымання? Якім чынам ён перашкодзіць следству?» — пытала суд жанчына.

Суд не задаволіў хадайніцтва аб спатканні зняволенага з маці. Гэтае пытанне будзе вырашана, калі справа будзе разгледжаная па сутнасці.

Бацька заявіў, што следчы не пажадаў змяніць меру стрымання для сына, бо «яму так прасцей працаваць з ім».

Паводле маці, псіхічнае захворванне сыну дыягнаставалі ў 2011 годзе, і, пакуль псіхіятры з Мінска яму не падабралі лекаў, яго часта клалі ў стацыянар. Апошнім часам знаходзіўся на амбулаторным лячэнні. Медыкі раілі яму, даводзіла яна, разнявольвацца, выказваючы словамі тое, што ён трымаў у сабе.

Захапленне рэлігіямі, мяркуе жанчына, дапамагала сыну здымаць эмацыйнае напружанне. Аляксандр хадзіў да праваслаўных і каталікоў. Перад тым, як прыняць лекі, чытаў малітвы і выконваў рэлігійныя рытуалы. Потым зацікавіўся ісламам. Спадзяваўся, што, як і праваслаўе з каталіцызмам, іслам яму дапаможа перамагчы немач.

На думку сведкі, інтарэс сына да фашызму з'явіўся пасля таго, як выкладчыца інстытуту пасля здачы ім на «выдатна» экзамену прапанавала напісаць навуковую студэнцкую працу пра фашысцкі рух на сучасным этапе.

Яна дапусціла, што частку матэрыялаў на сынаву старонку ў сацыяльнай сетцы маглі выкласці ягоныя сябры, якія прыходзілі да яго ў госці. Яны таксама былі пацыентамі псіхіятрычнай лякарні.

Здарэнне з аднагрупніцамі, на думку жанчыны, было выклікана тым, што Аляксандр праз хваробу кішэчніка баяўся застацца ў зачыненай аўдыторыі без прыбіральні. Таму, даводзіла яна, ён кінуся да дзвярэй, каб іх не замкнулі, але спатыкнуўся і ўдарыўся аб іх.

 

Аператыўнік: была пагроза, што фігурант паўторыць учынак Казакевіча

Арыштавалі Аляксандра 15 снежня 2017 году супрацоўнікі ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю пры сілавой падтрымцы амапаўцаў. Суду даваў паказанні старшы ўпаўнаважаны ўпраўлення.

Паводле яго, публікацыі на старонцы фігуранта прыцягнулі ўвагу, бо былі ў пераліку экстрэмісцкіх. Паводле міліцыянта, такімі іх прызналі розныя суды ў Беларусі.

Змест старонкі зняволенага міліцыянт ахарактарызаваў як «поўная каша».

У ходзе праверкі, казаў ён, высветлілася, што з інстытуту на ўладальніка старонкі неаднаразова пісаліся скаргі ў КДБ, каб былі прынятыя захады рэагавання. На старонцы размяшчалася інфармацыя з пагрозамі ў адрас аднаго з выкладчыкаў інстытуту, а «ў ходзе вобшуку быў забраны рытуальны нож з нанесенымі на ім рытуальнымі малюнкамі».

«Не выключана было, што фігурант мог паўтарыць «подзвіг» Казакевіча, які прыйшоў з бензапілой у менскі гандлёвы цэнтр «Еўропа» і ўчыніў забойства», — даводзіў супрацоўнік упраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.

Паводле яго, успышкі агрэсіі Аляксандра неаднаразова фіксаваліся адміністрацыяй ВНУ. Іх міліцыянт патлумачыў хваробаю абвінавачанага.

«Тым не менш бацькі спрабавалі яго адаптаваць у грамадства», — сказаў ён, гаворачы пра навучанне Аляксандра ў інстытуце.

З Аляксандрам міліцыянт сустрэўся, калі яго затрымлівалі. Па яго словах, фігурант адмовіўся даваць паказанні.

 

Аднагрупнікі прасілі адміністрацыю, каб Аляксандра выключылі з групы

У першы дзень працэсу далі паказанні двое студэнтаў, якія вучыліся разам з Аляксандрам. Яго паводзіны яны называлі агрэсіўнымі і неадэкватнымі, «бо ў свае гады ён мусіў кантраляваць свае эмоцыі».

Агрэсія праяўлялася праз пагрозы «забіць, спаліць габрэяў, масонаў, а таксама жыхароў Данбасу». На агрэсіўныя паводзіны аднагрупніка студэнты стараліся не звяртаць увагі. Пасля агрэсіўных выпадаў, казалі яны, надыходзіў перыяд спакою.

Студэнты казалі, што на заняткі Аляксандр прыходзіў з Каранам і штодня выкрыкваў «Алах акбар». Заяўляў, што лічыць сябе мусульманінам. Ён не ўтойваў, што захапляецца ідэямі неафашызму і радыкальнаму ісламу. У аўдыторыях на дошцы маляваў свастыку.

Студэнты казалі, што група звярталася да адміністрацыі інстытуту, каб Аляксандра выключылі з яе, бо «ён перашкаджаў навучальнаму працэсу».

Са слоў студэнтаў, на просьбу адміністрацыі яны запісвалі на відэа паводзіны аднакурсніка. Прыгадалі, што ў адзін з дзён Аляксандр уключыў у актавай залі «эсэсаўскі гімн», запісаны на тэлефоне, і маршыраваў пад яго. Нехта са студэнтаў запісаў гэта на відэа і выклаў у Youtube з надпісам «Вось так мы вучымся».

Дапытаныя ў судзе студэнты прызналіся, што з цікаўнасці наведвалі старонку аднакурсніка, але не затрымліваліся на ёй.

Адна з пацярпелых студэнтак у інцыдэнце з дзвярыма патлумачыла сваё нежаданне фіксаваць пабоі тым, што палічылі пашкоджанні нязначнымі. У дзяўчыны быў траўмаваны палец. Яе аднакурсніцы дзверы ўдарылі па твары і назе. Яна таксама не пайшла да медыкаў.

На просьбу суду патлумачыць, у чым праявілася прапаганда Аляксандрам нацызму, фашызму і радыкальнага ісламу, студэнты выразна патлумачыць не змаглі.

Разгляд справы працягнецца 15 мая. Суд дапытае яшчэ адну пацярпелую студэнтку, а таксама сведак.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле следства, Аляксандр прапагандаваў ідэі радыкальнага ісламу, нацызму і фашызму.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика