У г.п. Мір і г.п. Карэлічы праходзіць ХV свята мастацтваў “Мірскі замак – гонар ЮНЕСКА” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Міхаіла Фінберга.
У склад вялікай канцэртнай праграмы ўвайшлі тры канцэрты нацыянальнай беларускай музыкі ў г.п. Мір і эстрадны канцэрт у г.п. Карэлічы.
Знаёмства з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга адбылосы ва ўнутраным дворыку Мірскага замка, дзе перад слухачамі выступіў ансамбль трубачоў, у выкананні якога прагучалі творы беларускага музычнага мастацтва. Кіраўніком ансамбля з’яўляецца Дзмітрый Ціхановіч.
“Музыка маёй малой радзімы” – сімвалічная назва канцэрта вакальнага ансамбля пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай, які адбыўся ў партрэтнай зале сярэдневяковай жамчужыны беларускай зямлі. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, якая выступіла ў якасці вядучай канцэрта, адзначыла, што праз усе музычныя шэдэўры праходзіць тэма малой радзімы і непамерная любоў да яе кожнага аўтара.
Канцэрт вакальнага ансамбля, а таксама струннага аркестра пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўская “Духоўнае ўзвышша” прайшоў у Мікалаеўскім касцёле г.п. Мір. Найлепшай узнагародай для выступоўцаў сталі гучныя апладысменты, якімі слухачы адарылі артыстаў.
Яркай фінальнай кропкай ХV свята мастацтваў «Мірскі замак — гонар ЮНЭСКА» стаў эстрадны канцэрт «Дзень музыкі і песень у Карэлічах», які адбыўся ўвечары ў раённым Доме культуры. Зарад пазітыву і бадзёрага настрою падарылі гледачам заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» і салісты аркестра — лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: Наталля Тамэла, Таццяна Глазунова, Валерыя Грыбусава, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас, Ягор Шаранкоў і іншыя артысты, чые выступленні зала адзначала гучнымі апладысментамі.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.