Аб’ядналіся для нарыхтоўкі кармоў
Якасная кармавая база – галоўная падстава дабрабыту жывёлагадоўчай галіны сельскай гаспадаркі. Аднак не ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі маюць тэхнічныя магчымасці для таго, каб самастойна своечасова назапасіць неабходную колькасць кармоў. Вырашыць гэтую праблему прызваны зводны механізаваны атрад, створаны па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Гэтае падраздзяленне аб’яднал
а механізатараў і тэхніку з некалькіх гаспадарак Кобрыншчыны. Мы засталі атрад на сельгасугоддзях ААТ “Дружба народаў”, дзе на момант нашага візіту поўным ходам ішла нарыхтоўка сенажу.
– Атрад быў сфарміраваны на базе ААТ “Любань”, “ААТ “Кутузаўскі”, ААТ “Дружба народаў”, ААТ “Кобрынайаграсервіс”, ёсць тэхніка з ААТ “Астромічы” і ТАА “КантрыМілк”, — расказвае намеснік дырэктара па нарыхтоўцы кармоў ААТ “Дружба народаў” Аляксандр Кавалевіч. – У складзе атрада два высокапрадукцыйныя кормаўборачныя комплексы, некалькі касілак, граблі, на адвозцы працуюць 9 грузавых аўтамабіляў.
Па інфармацыі упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 11 чэрвеня ў Кобрынскім раёне практычна завершаны першы и распачаты другі ўкос траў, назапашана 4 965 тон сена (29,2% да плана і 311% у параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года), 66 190 тон сенажу (33,1% да плана і 123,6% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года). Усяго нарыхтавана 21 859 тон кармавых адзінак, што складае 4,9 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву.
Аграрыі не губляюць часу – работа пачынаецца з самага ранку і працягваецца да глыбокага вечара, гарачае харчаванне механізатарам прывозіцца непасрэдна на поле. На момант нашага візіту у ААТ “Дружба народаў” было нарыхтавана каля 2,5 тысячы тон сенажу, што складае крыху менш за трэцюю частку ад плана. Па атмасферы, якая панавала на полі, было зразумела: усе працуюць на вынік, не звяртаючы ўвагі на час, і ўносяць свой плённы ўклад у фарміраванне кармавой базы Кобрыншчыны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: нарыхтоўка травяністых кармоў у ААТ “Дружба народаў”;
(злева направа) механізатары Міхаіл Мікулік з ААТ “Кобрынрайаграсервіс”, Аляксей Халін з ААТ “Любань”, намеснік дырэктара ААТ “Дружба народаў” Аляксандр Кавалевіч, механізатары ААТ “Дружба народаў” Рыгор Пашковіч і Рыгор Клачковіч ва ўрочышчы Палануха.