Электраманцёр Сенненскага РЭСа атрымаў узнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.by

Электраманцёр Сенненскага РЭСа атрымаў узнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

25.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


З нагоды Дня Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. У ліку ўзнагароджаных аказаўся і наш зямляк Сяргей Броўка.

 Інфармацыя аб гэтым змешчана ў раённай газеце за 30 червеня бягучага года. На днях карэспандэнт “ГС” пабываў у гасцях цяпер ужо Заслужанага энергетыка Беларусі. Аб тым, што высокую ўзнагароду яму ўручыць Аляксандр Лукашэнка, электраманцёр аператыўна-выяздной брыгады Сенненскага РЭС Сяргей Броўка даведаўся ад тагачаснага міністра энергетыкі. Кіраўнік ведамства асабіста патэлефанаваў яму, каб павіншаваць з адзнакай яшчэ 7 сакавіка. А праз тры з паловай месяцы сенненца запрасілі ў Мінск. Спачатку, успамінае Сяргей Піліпавіч, для прадстаўленых да ўзнагароды правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці, расказалі, як паводзіць сябе падчас цырымоніі ў прысутнасці Прэзідэнта краіны. З’яўленне Аляксандра Лукашэнкі, прызнаецца мой суразмоўца, чакаў з хваляваннем: гэта ж не па тэлевізары, а ўжывую бачыць кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт краіны звярнуўся да прысутных з віншаваннямі, пажадаў здароўя і дабрабыту. Медаль залатога колеру “Заслужаны энергетык Беларусі” беларускі лідар уласнаручна прышпіліў на пінжак Сяргея Броўкі. Паціскаючы сенненцу руку, ён запытаўся, ці стаяць сеці? Сяргей Піліпавіч не разгубіўся, адказаўшы: “Не стаяць, а працуюць!”. Пасля ўручэння ўзнагарод удзельнікам цырымоніі раздалі келіхі з шампанскім. Сяргей Броўка гадоў шэсць не бярэ ў рот ані кроплі спіртнога, але з такой нагоды, смяецца мой суразмоўца, іскрыстае віно прыгубіў.

— Я просты рабацяга, — кажа пра сябе Сяргей Піліпавіч.

У РЭС ён уладкаваўся адразу пасля арміі ў 1977 годзе. А сёлета  выйшаў на заслужаны адпачынак. Паміж гэтымі падзеямі — без малага 41 год працоўнага стажу, з іх 37 гадоў у аператыўна-выяздной брыгадзе — на самым рызыкоўным і адказным участку работы. Экстранныя выклікі на ліквідацыю аварый у электрасетках здараліся і ноччу, і ў выхадныя дні.

— Мая праца як у таго сапёра — памылка, незахаванне тэхнікі бяспекі могуць каштаваць жыцця, — не хавае мой суразмоўца.

І ў яго практыцы здараліся небяспечныя сітуацыі. Сяргей Піліпавіч прызнаецца, яго цела вельмі ўспрымальна да току. Аднойчы гэта выратавала жыццё: падчас работ на адной з ЛЭП ніхто з калег, акрамя яго, не адчуў на сябе слабае ўздзеянне тока, а потым аказалася, што ў знешне непашкоджаным провадзе была парушана ізаляцыя.

 За гады працы Сяргей Броўка шмат разоў узнагароджваўся граматамі і падзякамі ад кіраўніцтва прадпрыемства, міністэрства. Яго партэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Яшчэ ў 1986 годзе 29-гадовы, тады малады камуніст Броўка атрымаў свой першы медаль — “За працоўную доблесць”. Вынікам яго шматгадовай добрасумленнай працы і прызнаннем прафесіяналізму стала Ганаровае званне “Заслужаны энергетык Беларусі”, якое Сяргею Броўку прысвоіў Прэзідэнт Беларусі.

     Зараз Сяргей Піліпавіч на пенсіі. Прапаноўвалі застацца працаваць, але, прызнаецца ён, у 60 з гакам гадоў лазіць па апорах цяжкавата. Вольны час ён бавіць з вудай у руках. Заядлы рыбак ён і сваіх родных прыцягнуў да рыбалкі. За 37 гадоў ў шлюбе сужэнцы Броўкі годна вырасцілі дзвюх дачок. Цяпер дапамагаюць гадаваць трох унукаў. Старэйшы з іх – 9-гадовы Адрэй — ужо паабяцаў: калі вырасце, атрымаць яшчэ больш узнагарод, чым у дзеда. Годная змена падрастае!

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Сяргей Броўка з унукам Андрэем.

Фота аўтара. 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды Дня Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. У ліку ўзнагароджаных аказаўся і наш...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика