Камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, якія намалацілі і перавезлі больш за тысячу тон, становіцца з кожным днём усё больш. У панядзелак першым дасягнуў тысячны рубеж на адвозцы збожжа вадзіцель КСУП “Прыпяць-2009” Уладзімір Васільевіч Булыга. На сваім МАЗе ён перавёз ужо 1060 тон збожжа.
Старшыня прафсаюзнага камітэта КСУП “Прыпяць-2009” Васіль Міхайлавіч Вярэніч узнагародзіў вадзіцеля падзячным лістом Столінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу, каштоўным падарункам і грашовай узнагародай прафкама гаспадаркі.
Камбайнеры гэтай жа гаспадаркі Ігар Васільевіч Некрашэвіч і Міхаіл Паўлавіч Вабішчэвіч другімі ў раёне падышлі да тысячнага намалоту. Яны атрымалі ўзнагароду і падарункі ад старшыні раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК Аляксандра Ільіча Лузая.
Другі вадзіцель-тысячнік з КСУП “Беражное” Мітрафан Фёдаравіч Пашкевіч на сваім МАЗе перавёз ужо больш за тысячу тон. У гэты ж дзень яго ўзнагародзілі падзячным лістом і падарункам.
Трэцім тысячны рубеж на перавозцы збожжавых дасягнуў вадзіцель КСУП “Відзіборскі” Віктар Віктаравіч Багатка.
Ад сталых і вопытных вадзіцеляў не адстаюць і маладыя. Першы тысячнік сярод маладых вадзіцеляў – Генадзь Васільевіч Яхнавец з КУВП “Манькавічы”.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вадзім Васільевіч Заруба ў рамках акцыі “Маладая Століншчына за ўраджай” павіншаваў Генадзя Васільевіча Яхнаўца і ўручыў падарунак.
У Манькавічах віншавалі камбайнераў Міхаіла Іванавіча Ліпскага і Мікалая Паўлавіча Бандарчука. Яны атрымалі па-дзячныя лісты і падарункі райкама прафсаюза АПК.
Павіншаваць тысячнікаў у Манькавічы прыехалі і артысты – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”. Вясёлыя песні і цудоўная музыка паднялі настрой работнікам жніва.
Таццяна СЕГЕН