«А мы да вас за песнямі прыйшлі…» Схільнасць да творчасці заўсёды была неад’емнай рысай жыхароў вёскі Хутар Збляны ...
03.08.2018
—
Разное
|
І вось мы ў дарозе, мінаем палі, лясы, усё менш сустракаюцца шумныя машыны. Калі нарэшце прыехалі ў Хутар Збляны, звярнулі ўвагу, якія дагледжаныя тут усе хаты. Было бачна, што ў вёсцы жывуць вельмі акуратныя, працавітыя людзі. З Міхаілам Сцяпанавічам мы дамовіліся аб сустрэчы загадзя. Калі пад’язджалі да яго хаты, то на падворку ўбачылі мужчыну, які быў хоць і з кіёчкам, але, нягледзячы на сталы ўзрост, 89 гадоў, выглядаў вельмі жвавым, быў у добрым настроі, акуратна апрануты. Ён адразу ж запрасіў мяне зайсці ў хату. Пры ўваходзе першым, на што я звярнула ўвагу, былі вельмі прыгожыя кошыкі розных колераў. Я запытала ў Міхаіла Сцяпанавіча: “Вы самі іх робіце?” Ён адказаў: ”Сам. Раней, як быў здаравейшы, то і суседзям плёў, а яшчэ вучыў тых, хто аб гэтым прасіў. Зараз таксама без справы не магу сядзець – калі ёсць час, пляту кошыкі”. Потым гутарка пайшла пра тое, што асабліва цікавіла мяне і дзеля чаго я і прыехала, – пра мінулае і сённяшняе жыццё аддаленай вёскі. Дзядуля ў першую чаргу стаў расказваць, як жылося ў час вайны. Калі пачалася вайна, ён быў падлеткам і добра запомніў і голад, і як хаваліся па падвалах ад ворагаў разам з сёстрамі і братамі. І ён удзячны лёсу за тое, што пасля заканчэння вайны яму больш ніколі гэтага не давялося зведаць. Аплятаць бутлі - хобі Міхаіла Сцяпанавіча Узнагароды Міхаіла Кельніка – А пасля, лічу, жыццё было вельмі добрым, – пераключыўся на мірны час гаспадар. – Мне пашанцавала, што ў нашай вёсцы вельмі творчыя і дружныя людзі. Усе адзін да аднаго ў госці хадзілі, і неяк само сабой атрымалася, што вяскоўцы аб’ядналіся ў творчы фальклорны калектыў, які назвалі “Хутаране”. Вёска ў той час была шматлюдная, у ёй было больш за сорак хат, у кожнай па дзве-тры каровы. Цяпер жа на ўсю вёску – восем жанчын ды шэсць мужчын. Мала хто трымае жывёлу (адна каза на ўсю вёску), бо ўсе ўжо старыя, ходзяць з кіёчкамі. – Так, хутка ляціць час. Раней, як помню, дзе работа, там і я, – працягваў Міхаіл Сцяпанавіч. – Пасля арміі я ўступіў у калгас. Больш за сорак гадоў у ім прарабіў, быў узнагароджаны медалямі, граматамі. А пасля яшчэ дваццаць гадоў канём малако вазіў у Беліцу. Каб бараніцца ад спякоты, дажджу, снегу, зрабіў покрыўку над возам, а калі надвор’е было добрае, покрыўку адкідваў. У ходзе размовы мой позірк час ад часу падаў на сцяну, дзе вісела шмат партрэтаў. Гэта паслужыла падставай для таго, каб пачаць размову пра яго сваякоў. “У мяне два сыны і дачка, а яшчэ шэсць унукаў і два праўнукі, – удакладніў мой суразмоўца. – Адзін сын жыве ў Нью-Ёрку, а другі сын і дачка – у Лідзе. Дзеці мяне не забываюць, часта прыязджаюць, садзяць агарод”.
Жонка Міхаіла Сцяпанавіча памерла восем гадоў назад. Ён кажа, што быць аднаму цяжкавата, але ён спраўляецца. Любіць сам гатаваць ежу, і калі дачка прыязджае, то часта кажа: “Тата, ды ты лепш за мяне гатуеш!” – Раскажыце пра ваш фальклорны калектыў, – папрасіла я. – У “Хутаранах” было чалавек дванаццаць. Арганізатарам усяго з’яўлялася Марыя Урбановіч, мая кума. Яна таксама пела і танцавала, і не толькі. Яна сама пісала песні. Помню, як збіраліся ў яе хаце, ішлі ў залу і рэпеціравалі. Так было кожны вечар пасля работы. Выступалі мы шмат дзе, аб’ехалі столькі месцаў! Да нас нават тэлебачанне прыязджала з Мінска. А яшчэ мы ставілі п’есы – “Спяваюць жаваранкі”, “Паўлінка”. У “Паўлінцы”, напрыклад, я быў Паўлам Крыніцкім. З п’есамі звычайна мы нідзе не ездзілі, ставілі іх тут жа, у Хутары Збляны, а паглядзець іх збіраліся сяляне з усіх навакольных вёсак. – Скажыце, вы, напэўна, самы старэйшы ў вашай вёсцы? – Так. Быў яшчэ Свістун, але ён прыезджы. Я ж у гэтым месцы жыў увесь час. Пакідаў яго толькі аднойчы, калі ў 1951 годзе пайшоў у армію. Служыў на Сахаліне, а ў 1954-м вярнуўся ў родную вёску. А самыя малодшыя ў нас – два мужчыны-механізатары, ім каля сарака гадоў. Міхаіл Сцяпанавіч запрасіў прайсціся па падворку – хацеў паказаць мне сваю гаспадарку. Прыдамавы ўчастак, дарэчы, у яго вельмі дагледжаны. Растуць прыгожыя кветкі, чыста праполаты агарод. За хатай стаяць вуллі. Як патлумачыў гаспадар, раней іх было нашмат больш – цяпер жа засталося толькі два. За вуллямі знаходзіцца лазня, якую абвівае вінаград, далей растуць кусты маліны, а крыху ўбаку – чырвонай парэчкі. Ля хаты прыцягвае ўвагу вялікае дрэва грэцкага арэха, а яшчэ – прыгожая клумба с ружовымі кветачкамі. Пакуль мы хадзілі па падворку, да Міхаіла Сцяпанавіча падышла суседка Яніна Трайго. Даведаўшыся, што я з газеты, яна прапанавала: – Прыязджайце да нас у наступным годзе, нашай вёсцы споўніцца 110 гадоў, будзем святкаваць. А зараз сфатаграфуй вось гэтыя клёны – самыя старыя дрэвы ў нашай вёсцы. – Раней наша вёска была вясёлая і творчая, – успамінала Марыя Пятроўна. – Гасцей наведвалася шмат. А мая хата на вёсцы замяняла клуб, бо, памятаю, усе збіраліся ў мяне. І хрысціны ладзілі, і ўсе святы адзначалі тут. У мяне аб гэтым шмат касет захавалася. Шмат гасцей збіралася і на мае юбілеі, мяне нават прыязджалі віншаваць з райвыканкама. Знанакамітыя зблянскія паясы з кутасамі За творчую дзейнасць Марыя Урбановіч мае шмат узнагарод і падзяк. А калі яна адчыніла шафу, то я ўбачыла надзвычай прыгожыя сукенкі, якія, аказваецца, яна вышывала сама. Гаспадыня паведаміла, што менавіта ў такіх сукенках яны выступалі. За гэтымі касцюмамі і цяпер з суседніх вёсак да іх едуць. Марыя Пятроўна шыла не толькі ўборы для выступленняў, але і шмат чаго іншага. А яшчэ ткала паясы. Жанчына ўдакладніла, што выткала па такім жа поясе сынам, унукам і праўнукам, каб на памяць засталося. Ткала іх і пад заказ. Партрэты на сценах у яе хаце ўпрыгожаны ручнікамі, якія таксама зроблены ёю. Марыя Пятроўна і сёння без справы не сядзіць. Да 83 гадоў у яе была карова, а зараз трымае курэй-бройлераў, садзіць агарод. Мая насычаная цікавымі знаёмствамі і цёплымі размовамі вандроўка на Ху-тар Збляны падыходзіла да завяршэння. Напрыканцы я не магла не запытаць у маіх субяседнікаў, чаму гэта вёска, якая на самой справе не з’яўляецца хутарам і калісь была даволі шматлюднай, мае такую незвычайную назву – Хутар Збляны? Мне патлумачылі наступнае. Раней на гэтым месцы быў панскі двор. Людзі яшчэ называлі яго “Зблянскі Двор”. Але калі не стала пана і двара, на гэта месца сталі ссяляць хутаран з ваколіцы, і стала гэта месца называцца “Хутар Збляны”. На жаль, цяперашнія жыхары не могуць патлумачыць, адкуль з’явілася гэта назва. А можа каму з вас аб гэтым штосьці вядома? Рэшткі панскага двара Зялёныя сведкі даўніх часоў
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькі гадоў назад мы з сябрамі неяк адпачывалі на беразе Нёмана. Тая вандроўка асабліва запомнілася надзвычай прыгожымі мясцінамі навокал, а яшчэ тым, што...
|
|