Сюрпрызы 25-га, юбілейнага…. 21.by

Сюрпрызы 25-га, юбілейнага…

16.08.2018 16:42 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чарговая рабочая сустрэча па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства адбылася ў Іванаве ў першы дзень жніўня.


У сур’ёзнай размове прынялі ўдзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра Ігар Бузоўскі, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, творчая група па падрыхтоўцы свята пад кіраўніцтвам рэжысёра Дня пісьменства Ніны Осіпавай, а таксама супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, Брэсцкага аблвыканкама, Іванаўскага райвыканкама, кіраўнікі абласных і раённых задзейнічаных арганізацый і ўстаноў.

Пачынаючы размову, Аляксандр Карлюкевіч падзякаваў аблвыканкаму і райвыканкаму за ўжо праведзеныя работы па падрыхтоўцы мерапрыемства: «Мы бачым, як вядуцца работы па падрыхтоўцы свята, аднаўляюцца вуліцы, аб’екты сацыяльнай сферы, парк. Ужо зацверджана праграма Дня пісьменства. Іванаўцаў і гасцей чакае шмат сюрпрызаў».

Аляксандр Мікалаевіч азнаёміў прысутных з асноўнымі мерапрыемствамі, якія адбудуцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства – першага верасня, і што цікавага чакае гасцей у асноўны дзень свята – другога верасня.

Так, першы дзень, Дзень ведаў, будзе амаль цалкам прысвечаны літаратуры. Адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», у якім прымуць удзел 12 таленавітых, творчых маладых людзей. «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» – пад такой назвай пройдзе ў музейным комплексе імя Н. Орды «круглы стол» з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў, прадстаўнікоў пасольстваў з 15 краін свету. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава ў гэты дзень збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы будуць разгорнуты павільёны традыцыйнага Фестывалю кнігі і прэсы. Жыхарам Іванава і гасцям свята ў першы дзень восені будуць прапанаваны кніжныя прэзентацыі, выставы, канцэртныя праграмы.

Другога верасня ў гарадскім парку на спецыяльна ўстаноўленай вялікай сцэне з самым сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Дня беларускага пісьменства.

І ў адкрыцці, і ў вялікай вячэрняй святочнай праграме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады: Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, групы «Беларускія песняры», «PROвакацыя», ансамбль «Бяседа», дзяржаўны ансамбль танца і многія іншыя.

Таксама ў рамках Дня пісьменства адбудзецца прэзентацыя экспедыцыі «Дарога да святыняў» з удзелам святароў, пісьменнікаў, прапагандыстаў духоўнай літаратуры.

Гаворачы пра канцэпцыю святочнай праграмы, галоўны рэжысёр свята Ніна Осіпава, галоўны рэжысёр Белдзяржфілармоніі, адзначыла, што 25-ты, юбілейны Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве павінен стаць сапраўды эксклюзіўным. Ён праходзіць у Год малой радзімы, і асноўны акцэнт будзе накіраваны менавіта на гэта. Напрыклад, для ўдзелу ў святочнай канцэртнай праграме запрашаюцца артысты, якія родам з Брэсцкай вобласці. Так, карані Арцёма Саладухі, вакаліста групы «PRОвакацыя», – з Драгічына, нават у «Беларускіх песнярах» адзін з удзельнікаў – наш зямляк.

Канешне, каб свята прайшло сапраўды на самым высокім узроўні, неабходна яшчэ зрабіць вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы горада. Якія работы ўжо завершаны і над чым яшчэ патрэбна папрацаваць, паведаміў намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Віталь Клышко. Ён адзначыў, што большасць запланаваных аб’ектаў ужо ў бліжэйшы час будуць завершаны. Гэта рэканструкцыя вуліцы 17 Верасня, часткі вуліц Леніна, Кірава, Савецкай. Аднаўляюцца фасады пошты, Дома быту, вядуцца рамонтныя работы па аб’ектах культуры і адукацыі, чыгуначнага вакзала. Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч заўважыў, што ўсе асноўныя работы па падрыхтоўцы горада да Дня беларускага пісьменства павінны быць завершаны да 20 жніўня. Пасля гэтага пачнецца непасрэдная работа тэхнічных і творчых груп па падрыхтоўцы пляцовак правядзення мерапрыемства.

Адным са значных момантаў надыходзячага свята стане адкрыццё кніжнага магазіна ў г. Іванава. У тэставым рэжыме кнігарня з прыгожай назвай «Верасень» ужо працуе з першага жніўня на першым паверсе «Універмага». Пазнаёміліся з работай кнігарні і кіраўнікі Міністэрства інфармацыі і Брэсцкай вобласці. Сустракаў высокіх гасцей генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч. Ён паведаміў, што ў сістэме «Белкніга» ўсяго па краіне да сённяшняга дня працавала 108 гандлёвых аб’ектаў, 12 з іх – у Брэсцкай вобласці: 6 – у Брэсце і па 3 – у Пінску і Баранавічах. Такім чынам Іванава – першы з невялікіх гарадоў вобласці, дзе адкрылася кнігарня. Магазін размешчаны на 57 кв.м гандлёвай пляцоўкі. На абсталяванне памяшкання затрачана 56 тыс. рублёў.

Для наведвальнікаў прадстаўлены шырокі выбар беларускай, мастацкай, дзіцячай і вучэбна-метадычнай літаратуры, развіццёвых дапаможнікаў для школьнікаў, канцылярскіх тавараў і набораў для творчасці. Не дзіўна, што першымі наведвальнікамі кнігарні сталі школьнікі горада.

Асаблівасць іванаўскай кнігарні ў тым, што з 5000 найменняў прадстаўленай літаратуры 15% – кнігі беларускіх выдавецтваў. На гэта звярнуў увагу і міністр інфармацыі.

Акрамя таго, немалаважна і тое, што з адкрыццём магазіна з’явіліся тры новыя рабочыя месцы, на работу прыняты два прадаўцы і адміністратар.

Члены рабочай групы па падрыхтоўцы свята агледзелі асноўныя аб’екты горада, на якіх праводзяцца рамонтныя работы, абмеркавалі праблемныя пытанні непасрэдна па падрыхтоўцы і правядзенні свята.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта: «Што адметнага, асаблівага нясе 25-ты, юбілейны Дзень беларускага пісьменства?», Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч адказаў: «Па-першае, я хацеў бы падкрэсліць, што сёлета, як і раней, будзе панаваць свята пісьменства, кнігадрукавання, перыядычных выданняў. Парадуюць сваёй творчасцю беларускія артысты, дзе, безумоўна, увага будзе звернута на беларускае паэтычнае слова. І напярэдадні, і ў асноўны дзень свята будзе многа цікавага, адметнага, прыгожага. Я запрашаю іванаўцаў, берасцейцаў ды ўсіх, хто жадае, на Дзень беларускага пісьменства».

Дзіяна КРЭС.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чарговая рабочая сустрэча па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства адбылася ў Іванаве ў першы дзень жніўня. У сур’ёзнай размове прынялі ўдзел
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика