На Кіраўшчыне хутка зноў адчыняць дзверы абноўленыя школы. 21.by

На Кіраўшчыне хутка зноў адчыняць дзверы абноўленыя школы

21.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


На двары — сярэдзіна жніўня, дзятва па-ранейшаму атрымлівае асалоду ад летніх канікулаў. Бацькі тым часам актыўна наведваюць гандлёвыя аб’екты і займаюцца падрыхтоўкай рабят да школы. Але для работнікаў устаноў адукацыі летнія месяцы — у прамым сэнсе слова “гарачая пара”: увесь гэты час яны прыкладалі свае намаганні і сродкі, каб стварыць найлепшыя ў эстэтычным і бяспечным плане ўмовы для знаходжання і навучання рабят.
Традыцыйна ў жніўні спецыяльна створаная камісія, на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Бяляўскай праводзіць прыёмку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У састаў камісіі ўваходзяць прадстаўнікі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду, аддзялення ДАІ РАУС і іншыя.

Кіраўніцтва школ заўсёды з хваляваннем чакае прыёмную камісію, бо спецыялісты не толькі адзначаюць, што зроблена на належным узроўні, але і заўважаюць недапрацоўкі, якія неабходна тэрмінова ўхіліць.
Варта адразу адзначыць, што ўсе ўстановы адукацыі раёна да падрыхтоўкі да новага навучальнага года падышлі грунтоўна, з адказнасцю. Значных заўваг у адрас кіраўнікоў школ і дзіцячых садкоў не прагучала.


У адзін з дзён праверкі ра­зам з камісіяй аб’екты наведаў карэспандэнт “раёнкі” і на свае вочы пераканаўся, што першае, чаму была нада­дзена асноўная ўвага падчас правядзення рамонтаў і добраўпарадкавання тэрыторый, — камфорт і бяспечныя ўмовы для вучняў.
Яшчэ не заходзячы ў будынак Баравіцкай школы, члены камісіі са станоўчага боку адзначылі праведзеныя тут работы па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, а яна даволі вялізная. Значныя аб’ёмы былі праведзены і ўнутры будынку школы: дзесьці заменена электраправодка, зроблены касметычны рамонт у класах, на калідорах, са сцен выдалены шпалеры. Апошняе робіцца ў мэтах выканання патрабаванняў да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, згодна Санітарных норм і правілаў. Так, у адпаведнасці з п.п. 49, 141 “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” аздабленне сцен навучальных памяшканняў павінна дапускаць апрацоўку вільготным спосабам і быць здольным штомесяц вытрымліваць апрацоўку з ужываннем мыйных сродкаў і сродкаў дэзінфекцыі.


Наступным аб’ектам наведвання стаў Баравіцкі дзіцячы садок. Звонку будынак выглядае даволі нядрэнна, чысціня і парадак падтрымліваюцца і ўнутры, але існуе гэты будынак больш за 70 гадоў, і зараз патрабуецца яго значны капітальны рамонт. У далейшым плануецца разгледзець пытанне мэтазгоднасці выкарыстання дадзенага аб’екта па назначэнні.
Добрыя ўражанні засталіся ў членаў камісіі ад наведвання Чыгірынскай школы. Акрамя належнага адукацыйнага працэсу тут надаюць увагу здароваму ладу жыцця школьнікаў. Нездарма чыгірынскія школьнікі — пастаянныя
ўдзельнікі раённых спартыўных мерапрыемстваў, а часта і іх пераможцы. Каб і надалей умацоўваць здароўе рабят, развіваць у іх фізкультурныя навыкі, на прылягаючай тэрыторыі вядзецца ўладкаванне дадатковых спартыўных пляцовак для заняткаў рознымі відамі спорту.
Шмат было зроблена дзякуючы ініцыятыўнасці дырэктара і педагогаў, стараннасці тэхнічных работнікаў, неабыякавасці бацькоў. І ў класы прыемна зайсці, і над афармленнем стэндаў у кабінетах добра папрацавалі.



Праверка была праведзена і на турысцка-спартыўнай базе “Паплавок”. На дзень прыезду камісіі база пуставала: з дня на дзень тут чакалі заезду новай змены рабят, у межах летняга лагера. Члены камісіі адзначылі, што дадзены аб’ект адпавядае ўсім неабходным для цікавага, карыснага, а, галоўнае, бяспечнага адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак.
Штогод падчас прыёмкі ўстаноў адукацыі са станоўчага боку адзначаецца работа калектыву НПК “Стайкаўскі ДС — БШ”. Знешні і ўнутраны выгляд комплексу, нягледзячы на тое, што ён быў адкрыты пасля рэканструкцыі 10 гадоў таму, адпавядае новаму аб’екту. Немалая заслуга ў гэтым калектыву работнікаў, а таксама вучняў і дашкалят, якія беражліва ставяцца да захавання дзяржаўнай маёмасці.
Першае, што кінулася ў вочы пры пад’ездзе да будынка Скрыпліцкага ясляў-садка, гэта вялікая колькасць рознакаляровых кветак на клумбах і казачных персанажаў на прылягаючай тэрыторыі, вырабленых з розных спадручных матэрыялаў. Як адзначылі члены камісіі, гэтая дашкольная ўстанова заўсёды вызначаецца чысцінёй і добраўпарадкаванасцю прылягаючай тэрыторыі.
Апошнім аб’ектам наведвання ў гэты дзень стаў Барчыцкі НПК ДС — СШ. Па 5-бальнай шкале калектыву гэтай установы можна смела ставіць вышэйшую адзнаку. Гарманічна падабраны колер фарбы на сценах як у кабінетах, так і ў калідорах, вялікая колькасць пазнавальных і інфармацыйных стэндаў, большасць з іх тычыцца бяспекі дзяцей. Педагогі, за якімі замацаваны кабінеты, з выдумкай падыйшлі да іх афармлення.



Самае лепшае ўражанне пакінула спартыўная зала комплексу — светлая, акуратна пафарбаваная, прычым, яркімі колерамі, бадай, адна з самых прыгожых і ўтульных сярод праінспектаваных камісіяй у гэты дзень.
Нямногія ўстановы адукацыі раёна могуць пахваліцца наяўнасцю ўласных музеяў, барчыцкім рабятам у гэтым сэнсе пашанцавала: вялікая колькасць экспанатаў дазваляе ім дасканала пазнаёміцца з жыццём і побытам продкаў, культурнай і нацыянальнай спадчынай беларусаў.
Асаблівы кантроль адказных службаў падчас прыёмкі ўстаноў адукацыі надаваўся пажарнай і электрабяспецы рабят. Супрацоўнік ДАІ правяраў захаванне патрабаванняў аб забароне заезду на прылягаючую тэрыторыю школ і дзіцячых садкоў транспарту, акрамя спецыяльнага.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Пракаменціраваць праведзеныя рамонтныя і падрыхтоўчыя работы мы папрасілі начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлю Траццякову:
— Праверкі прайшлі ва ўсіх 25 установах адукацыі раёна. Адразу скажу, што іх калектывы творча і з адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі аб’ектаў да новага навучальнага года, пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для знаходжання рабят у школах і дзіцячых садках.
У 2018/2019 навучальным годзе ў раёне будзе функцыянаваць: 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў, 10 устаноў дашкольнай адукацыі, 1 установа спецыяльнай адукацыі, 1 — дадатковай, сацыяльна-педагагічны цэнтр, а таксама СДЮШАР.
З 1 верасня бягучага года аптымізуецца сетка ўстаноў адукацыі раёна шляхам стварэння яшчэ аднаго навучальна-педагагічнага комплекса: “Жыліцкі НПК дзіцячы садок — сярэдняя школа”.
На правядзенне бягучага рамонту ўстаноў адукацыі са сродкаў раённага бюджэту выдзелена 205 тыс. руб., у тым ліку 155 тыс. руб. — на рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
За кошт сродкаў мясцовага бюджэту выкананы работы па рамонце сістэмы вадаправода і каналізацыі ў Жыліцкім НПК ДС — СШ, а таксама санітарна-тэхнічных вузлоў і душавых пры спартыўных залах у СШ №1 і СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. У яслях-садку №2 адрамантавана каналізацыя. Значныя работы праведзены ў яслях-садку “Вясёлка” аг.Мышкавічы. Праведзены рамонт даху на Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. У Барчыцкім НПК ДС — СШ праведзена замена 37 свяцільняў. І гэта далёка не ўвесь пералік праведзеных рамонтных работ.
Пры падрыхтоўцы кабінетаў, службовых памяшканняў, спартыўных залаў, харчблокаў і абе­дзенных залаў выкарыстоўваліся таксама сродкі папячыцельскіх саветаў (4,9 тыс. руб.); шэфская дапамога (1,8 тыс. руб.); сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі (26,5 тыс. руб.).
На кантролі — пытанне забеспячэння педагагічнымі кадрамі. Сёлета ў наш аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прыбудзе 10 маладых спецыялістаў. 1 верасня за парты сядуць 1984 вучні, з якіх 253 “першаклашкі”.
Спадзяюся, нашы вучні, пераступіўшы парог сваіх школ 1 верасня, будуць рады абноўленым класам, а настаўнікі задаволены камфортнымі ўмовамі для вядзення адукацыйнага працэсу.
Выказваю шчырыя словы падзякі за своечасовае і якаснае правядзенне рамонтных і падрыхтоўчых работ педагогам, тэхнічнаму персаналу ўстаноў адукацыі, кіраўнікам шэфскіх арганізацый, бацькам рабят.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На двары — сярэдзіна жніўня, дзятва па-ранейшаму атрымлівае асалоду ад летніх канікулаў. Бацькі тым часам актыўна наведваюць гандлёвыя аб’екты і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика