Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта
21.09.2018
—
Разное
|
Раней судзімы мясцовы жыхар зайшоў у магазін “Капеечка”, які знаходзіцца ў мікрараёне Усходнім, і ўкраў адтуль бутэльку гарэлкі.
* * * У вёсцы Байбы гараджанін прысвоіў чужы шурупавёрт. І ў Смаргоні па вул. Цыялкоўскага з гаспадарчай пабудовы таксама знік гэты электрычны інструмент. Напэўна, людзі не хочуць цяпер закручваць шурупы адвёрткай. * * * У доме №51 па вул. Юбілейнай з кватэры жанчыны нехта ўкраў 125 рублёў і мабільны тэлефон. Грошы ляжалі ў кашальку, а кашалёк – у сумачцы. Узбуджана крымінальная справа. * * * Паблізу Міхневіч у лесе, каля вадаёма, неўстаноўлены пакуль злодзей прыхапіў з сабой 5 рыбалоўных вудачак, скрынку з рыбалоўнымі прыналежнасцямі, якія належалі жыхару горада Маладзечна. * * * Жыхарка Мінска, ваеннаслужачая, у вёсцы Снігяны нашага раёна перавозіла на багажніку веласіпеда, які не быў абсталяваны спецыяльным сядзеннем, свайго малалетняга сына. Падчас руху хлопчык упаў і ўдарыўся аб асфальт, атрымаў цяжкія цялесныя траўмы. * * * Гараджанін украў у сваёй сужыцелькі банкаўскую пластыкавую картку і пры яе дапамозе купляў у розных магазінах харчовыя прадукты і спіртныя напіткі. Аматара пажывіцца за чужы кошт чакае лава падсудных. * * * Нехта ўкраў каля 11 кіламетраў кабелю, які быў пракладзены паміж дзвюма мясцовымі вайсковымі часцямі. Злодзея шукаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў. * * * Злачынца залез у будуемы дом, які знаходзіцца ў вёсцы Наваспаск, і ўкраў адтуль электрарухавік, шурупавёрт, электралобзік, электраміксер, катушку з падаўжальнікам, дэкаратыўны свярдзёлак-насадку, якія належалі мясцоваму фермеру. Пазней было ўстаноўлена, што паквапіўся на чужое дабро жыхар гэтай жа вёскі. * * * З акна свайго пакоя, які знаходзіцца на пятым паверсе інтэрната па вул Сініцкага, пры вывешванні бялізны на бялізнавыя шнуры выпала жанчына. Са шматлікімі траўмамі пацярпелую шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. * * * Пенсіянер са Смаргоні спрабаваў здаць у БПС-Ашчадбанку 5-тысячную падробленую расійскую грашовую купюру. Калі яго затрымалі, патлумачыў, што атрымаў яе пры разліку за работу ў Расіі. * * * Жыхар нашага горада, студэнт Маладзечанскага політэхнічнага каледжа, наехаў аўтамабілем на пешахода, які пераходзіў вуліцу Леніна па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, пашкодзіў электрычны слуп з ліхтаром і частку агароджы прыватнага дома. Траўміраванага пешахода даставілі ў бальніцу, дзе ён памёр. Узбуджана крымінальная справа. Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раней судзімы мясцовы жыхар зайшоў у магазін “Капеечка”, які знаходзіцца ў мікрараёне Усходнім, і ўкраў адтуль бутэльку гарэлкі. |
|