Брыгадзір сярод мантажнікаў. 21.by

Брыгадзір сярод мантажнікаў

28.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_16601

Віктар Сідаровіч, мантажнік сантэхнічных сістэм і абсталявання шостага разраду службы галоўнага энергетыка, яшчэ па праву лічыцца будаўніком філіяла Мінскага маторнага завода ў г. Стоўбцы. Сёлета, у год 25-годдзя выпуску першай прадукцыі на філіяле, яго партрэт занесены на Дошку гонару прадпрыемства.
Віктар Сідаровіч прыйшоў працаваць на філіял у 1992 годзе. Завод толькі пачынаў будавацца. Успамінае, як давялося быць і мулярам, і цесляром. Многім будаўнічым прафесіям навучыўся. Ды хіба можа ён спыніцца на дасягнутым?!
Родам з Баранавіцкага раёна, Віктар пасля школы паступіў у чыгуначнае вучылішча ў Мінск. Экзамены на слесара-электрыка рухомага саставу здаў экстэрнам, таму што прызвалі ў войска і накіравалі ў саставе спецнабору для выканання інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістан. З 1981 года па 1983 год праходзіў службу ў Паўночным Кундузе, у інжынерна-сапёрных войсках. Быў намеснікам камандзіра ўзвода. На шчасце, адслужыў і вярнуўся дамоў жывым, не параненым. Ізноў пайшоў працаваць у сваё лакаматыўнае дэпо. Жаніўся. Маладой сям’і трэба было жыллё. Сваякі і падказалі Віктару, што ў Стоўбцах будуецца завод. Значыць, ёсць перспектыва і работы, і жылля…
Уліўшыся ў рады будаўнікоў філіяла ММЗ у г. Стоўбцы, Віктар Сідаровіч неўзабаве сапраўды атрымаў жыллё. У гэтай кватэры па вуліцы Цэнтральнай у іх з жонкай нарадзіліся і выраслі двое сыноў. Старэйшаму з іх, Максіму, бацька дапамагае цяпер узводзіць уласны дом. «Каробка» ўжо гатова, вядзём унутраныя работы. Няма калі лайдакаваць пакуль сезон», – жартам і ўсур’ёз гаворыць пра сябе Віктар Сяргеевіч.
Пазней даведваемся, што ён з сям’ёю і бацькоўскую хату ў Баранавіцкім раёне не кідае, садзіць на ўчастку і косіць. Некалькі гадоў таму Віктар перанёс складаную аперацыю, мог перайсці на лягчэйшую працу, але, як шчыры беларус, адмовіўся.
Брыгада абрала яго сваім брыгадзірам. Гэтым выбарам вельмі задаволены і майстар Мікалай Камяк. «Працуем поплеч і адказваем за вытворчы корпус. Спрачаемся, дыскусіруем нярэдка, калі маем розныя падыходы да вырашэння той ці іншай праблемы, – адзначае Мікалай Георгіевіч, – але агульную мову ніколі не губляем, усе работы выконваем згодна з планам, графікам».
У брыгадзе трое мантажнікаў сантэхсістэм – Віктар Жыдкевіч, Сяргей Ціхановіч і Віктар Сідаровіч – заслужылі званне «Ганаровы ветэран завода». Яно надаецца пасля 25-ці гадоў добрасумленнай і плённай працы. Значны працоўны стаж і ў мантажніка Аляксандра Шчэцькі, газаэлектразваршчыка Аляксандра Шчацініна.
Для Віктара Сідаровіча, спецыяліста з вялікім вопытам, ужо няма нічога складанага ў машынабудаўнічай вытворчасці. Яе спецыфіку ведае, усё сантэхнічнае абсталяванне вывучыў на ўзроўні падсвядомасці. Але яно паступова зношваецца і патрабуе гаспадарлівых рук. Рукі мантажнікаў і іншых спецыялістаў умела ўпраўляюцца з газавым ключом, «балгаркай», дрэллю і іншым універсальным інструментам. У міжсезонне іх участак займаўся падрыхтоўкай трубаправодаў, паветраводаў і т. п. да работы ў асенне-зімні перыяд. Мы засталі Віктара і яго калег за абслугоўваннем мыечных машын (з дапамогай гэтай тэхнікі мыюць тару – вялікія скрыні для ўпакоўвання запчастак).
– Без працы не сядзім, – заўважае Віктар. – Стараемся не дапускаць аварыйных сітуацый, хоць інжынерныя камунікацыі пракладваліся дзесьці трыццаць гадоў таму. Сродкаў на іх абнаўленне неабходна многа. За апошнія гады ўдалося ажыццявіць замену кіламетра водаправодных сетак.
Маторабудаўнікі адзначаюць у апошні час паляпшэнне сітуацыі на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы і, разам з тым, свой напружаны графік работы, таму што прайшла хваля аптымізацыі. Брыгада, да прыкладу, планава выходзіць на работу некалькі разоў на месяц і ў суботу – у так званыя рамонтныя дні, каб правесці прафілактыку абсталявання без уплыву на вытворчы рытм.
– У раёне мы не апошнія па памеры заработнай платы. Нашым работнікам вернуты персанальныя надбаўкі, якія агавораны ў калектыўным дагаворы і раней былі зняты, – даводзіць Мікалай Камяк. – Галоўны канвеер мы не падводзім, і выраб уласнай прадукцыі – кампрэсарных станцый – працягваем.
Наша размова – зусім не «планёрка», але яна закранае ўсе бакі жыцця невялікага калектыву – брыгады. Раптам майстар Мікалай Камяк дастае з шафы ксеракопію артыкула з газеты «Моторостроитель». У ёй – яго таварыскі аповед пра тое, як Віктара Сідаровіча ў жніўні 2013 года знайшла заслужаная ўзнагарода – медаль РФ «Верность. Мужестро. Отвага. Честь» ад савета ветэранаў інжынерных войскаў ПДВ. Чым не цудоўнае дапаўненне да партрэта калегі, у летапіс «пярвічкі» воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая існуе на філіяле.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віктар Сідаровіч, мантажнік сантэхнічных сістэм і абсталявання шостага разраду службы галоўнага энергетыка, яшчэ па праву лічыцца будаўніком філіяла Мінскага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика