На Быхаўшчыне прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі. 21.by

На Быхаўшчыне прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі

29.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Быхаўшчына стала месцам правядзення 2-дзённага пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, а асноўная тэма — папулярызацыя і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячых садках.












Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Васіль Бацвянкоў віталі ўдзельнікаў маштабнага мерапрыемства і пажадалі ім пладатворнай працы.

Аб прыярытэтных напрамках дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе дакладвала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі – начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук Альбіна Давідовіч.

Па яе словах, ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй у нас лепшы сярод краін СНД і Еўропы. Аднак ёсць праблемы. Напрыклад, сацыяльны стандарт па забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных ўстановах ўсё яшчэ не выконваецца. Нават нягледзячы на тое, што толькі сёлета ў Беларусі прадугледжана ўвядзенне ў строй амаль два дзясяткі дзіцячых садкоў. Захоўваецца яшчэ напружанасць па забеспячэнні дашкольнымі ўстановамі ў крокавай даступнасці ў новабудоўлях сталіцы, Брэста і Мінскага раёна.

Сёння доля беларускамоўных груп у дзіцячых садках краіны складае больш 12 %, але нават калі адукацыйны працэс у групе ідзе на рускай мове, гэта не значыць, што там наогул няма беларускай. Вучэбным планам прадугледжваецца колькасць гадзін на развіццё маўлення на роднай мове. Перагледжана таксама хрэстаматыя для дашкольнікаў з упорам на беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго, да 2019-2020 года павінна быць новая рэдакцыя вучэбнай праграмы для дашкольнай адукацыі, у якой аўтары дапрацоўваюць курс па “развіцці маўлення» для груп ранняга ўзросту.

Альбіна Леанідаўна падкрэсліла, што Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўпраўленням адукацыі на месцах пры пастаноўцы на ўлік дзяцей, якіх бацькі плануюць аддаць у дзіцячыя сады, адзначаць, на якой мове тыя б хацелі адукацыю для сваіх сыноў і дочак. А зараз вялікіх праблем з выхавацелямі, гатовымі працаваць у беларускамоўных групах, амаль няма.

На пасяджэнні гаварылі аб лінгвакультуралагічным аспекце падрыхтоўкі педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі, фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі праз інавацыйныя тэхналогіі, узаемадзеянні ўстаноў дашкольнай адукацыі з установамі культуры па далучэнні выхаванцаў да беларускіх нацыянальных традыцый, арганізацыі работы ўстаноў дашкольнай адукацыі па фарміраванні ў выхаванцаў уяўленняў аб прафесіях сельскай гаспадаркі і гэтак далей.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Васіль Бацвянкоў адзначыў, што ў нашым раёне ствараюцца ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі. У 2018/2019 навучальным годзе ў 7 дашкольных установах і 14 вучэбна-педагагічных комплексах функцыянуюць 65 груп, у якіх знаходзяцца 1175 выхаванцаў. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі сваю дзейнасць ажыццяўляюць 116 педагогаў .

Даведка “МП”:

Спецыяльная адукацыі ва ўстановах дашкольнай адукацыі прадстаўлена 8 групамі інтэграванага навучання і выхавання, у якіх навучаюцца 26 дзяцей з ОПФР: яслі-сад №1 «Вясёлка» г. Быхава (2 групы), яслі-сад №5 «Буслік» г. Быхава (1 група), яслі-сад №6 «Бярозка» г. Быхава (1 група), Баркалабаўскі ВПК ДС-СШ (1 група), Макранскі ВПК ДС-СШ (2 групы), Следзюкоўскі ВПК ДС – БШ (1 група); а таксама 3 спецыяльнымі групамі ў яслі-сад № 5 «Буслік» г. Быхава і Баркалабаўскі ВПК.

Па словах Васіля Міхайлавіча, адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне роднай мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Дашкольнае выхаванне, якое з’яўляецца першым узроўнем адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы.

Каб родная мова не была экзотыкай для дзяцей і заняла пачэснае месца ў адукацыйным працэсе, наладжана сістэма работы па ўжыванні, укараненні і распаўсюджанні яе ва ўстановах адукацыі.

Напрыклад, у сельскай мясцовасці адукацыйны працэс вядзецца на беларускай мове, а ў дашкольных установах раёна праводзяцца адзіны дзень беларускай мовы, кніжныя выставы з мэтай прапаганды беларускай мовы і лепшых твораў айчыннай літаратуры. Акрамя таго, арганізаны наведванне дзецьмі бібліятэк, краязнаўчага музея, цэнтра рамёстваў, падарожжа па мясцінах, дзе можна пазнаёміцца з асноўнымі гістарычнымі падзеямі, народнымі святамі, традыцыямі, звычаямі.

Аб любові да роднага краю, да яго людзей і хараства беларускай прыроды распавядаў журналіст і пісьменнік, ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна Мікола Леўчанка. Мікола Уладзіміравіч нарадзіўся на ўсходзе Магілёўшчыны, у Касцюковіцкім раёне, які з’яўляецца малою радзімаю народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, вядомых паэтаў і празаікаў Аляксея Русецкага, Алеся Пісьмянкова, Леаніда Левановіча, Васіля Хомчанкі, іншых творцаў.

Сам ён напісаў шэраг кніг паэзіі і прозы, у якіх шчыра выказвае высакародныя пачуцці мастацкім словам у вершах альбо дакументальна-мастацкай публіцыстыкай, калі гэта тычыцца мужнасці і гераізму людзей Прыдняпроўскага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта заўсёды кажа ён на сустрэчах з вучнямі гарадскіх, сельскіх школ, з выхаванцамі дзіцячых садкоў. У верасні такія сустрэчы прайшлі ў гарадскіх дзіцячых садках “Буслік” і “Бярозка”.

Пра што ж распавядае творца маленькім беларусам? У першую чаргу пра тое, што трэба любіць і шанаваць родную матчыну мову, вучыць і ведаць яе, размаўляць на ёй, бо яна адна з самых мілагучных моў свету. І чытае затым свае вершы, пачынаючы з верша “Родная мова”, які адкрывае ягоны паэтычны зборнік “Шчырасць”.

Прагне птушка вышыні,

Чалавек — Радзімы,

Ты яе не абміні,

Роднай і адзінай.

Не згубі ў віхуры дзён,

Дробязях мяшчанскіх.

Я да скону заручон

З моваю славянскай.

Гаманілі на якой

Колас і Купала,

І яна заўжды са мной,

Роднай маці стала.

Гэты твор аўтар прачытаў таксама ўдзельнікам мерапрыемства. Як і верш “Надвячорак”, своеасаблівую паэтычную замалёўку.

Цішыня на вясковай вуліцы,

Дзень, як здань, непрыкметна знік.

Вераб’ём адзінокім туліцца

Да халоднай страхі маладзік.

За ваколіцу ціха крочу,

Каб убачыць ля ніцых лоз,

Калі чорныя губы ночы

Піць пачнуць малако бяроз.

Такіх вершаў у зборніку нямала і некалькі паэт прачытаў.

На Быхаўшчыне, дарэчы, Мікола Леўчанка пражыў 44 гады. Таму ў ягоных кнігах апісваюцца падзеі, звязаныя менавіта з гэтай мясцовасцю, аб чым ён сказаў прысутным. Але сярод усіх напісаных ім твораў, па ягонаму ўласнаму прызнанню, асобнае месца займаюць успаміны малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, сабраныя ў кнізе “Непраходзячы боль”. Іх нельга чытаць без хвалявання, яны бяруць за душу, вымушаюць чытача суперажываць.

Упамянуў таксама Мікола Уладзіміравіч слынных паэтаў, пісьменнікаў Міхася Пазнякова, Васіля Ткачова, Змітрака Марозава і Раісу Баравікову, чые жыццё і творчасць звязаны з нашым раёнам. І тут зоркай першай велічыні на паэтычным небасхіле дзіцячай літаратуры прамоўца лічыць Міхася Пазнякова, ураджэнца тутэйшай вёскі Заброддзе, які для дзяцей, школьнікаў і юнацтва напісаў больш паўсотні кніг. Цяпер вось пабачыла свет яго новая кніга пад назваю “Заброддзе”, дзе змешчаны не толькі цудоўныя вершы, прасвечаныя гэтай вёсцы, бацькам, усім землякам, а і празаічныя ўспаміны пра іх, пра дзяцінства, працу ў саўгасе, сяброў, з якімі бавіў вольны час.

Дэлегаты таксама наведалі яслі-сад № 5 «Буслік» г. Быхава, дзе загадчык установы адукацыі Святлана Бухавец прэзентавала вопыт работы ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы, паглядзелі там беларускія рухомыя гульні, занятак па маўленчай дзейнасці з выхаванцамі.

Сустракалі гасцей у Баркалабаўскім вучэбна-педагагічным комплексе. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксана Корзун казала аб выхаванні ў моладзі любові да роднай зямлі і правядзенні мерапрыемстваў пад знакам Года малой радзімы.

З экскурсіяй пабывалі ў Баркалабаўскім Свята-Узнясенскім жаночым манастыры, дзе знаходзіцца вядомы цудатворны абраз Божай Маці.

А на адным з буйных у краіне перапрацоўчых прадпрыемстваў ААТ “Быхаўскі КАСЗ” наведалі кансервавы цэх. Пасля ў дэгустацыйным зале ацанілі густ і якасць гатовай прадукцыі.

Падводзячы вынікі пасяджэння, яго ўдзельнікі казалі аб тым, што нельга вывучаць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка. А для гэтага неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б падштурхоўвалі дзіця да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.

Сяргей АНДРЭЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Быхаўшчына стала месцам правядзення 2-дзённага пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, а асноўная тэма — папулярызацыя і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика