Тэма тыдня. 21.by

Тэма тыдня

16.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Магілёве 10-12 кастрычніка. Галоўнай яго падзеяй стала пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва» з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Пасяджэнні секцый, што прайшлі 11 кастрычніка, былі прысвечаны пяці асноўным напрамкам: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека.
У час форуму прайшло пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.
Упершыню на палях форуму прайшоў Савет дзелавога супрацоўніцтва, дзе асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння і сумесныя праекты абмеркавалі кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў Беларусі і Расіі.
На форум сабраліся больш за 20 губернатараў рэгіёнаў Расіі, 17 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расійскіх рэгіёнаў. Усяго ў асноўных і спадарожных мерапрыемствах V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прынялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек.
На форуме працавалі пляцоўкі, дзе рэгіёны Беларусі прадставілі свой гандлёва-эканамічны, гісторыка-культурны і турыстычны патэнцыял. Галоўнай асаблівасцю форуму стала выстаўка-кірмаш рамёстваў, дзе сваю прадукцыю прадставілі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклорныя аматарскія калектывы Беларусі і Расіі.

Чым важна рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй

Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
«Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль, ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер больш як 8 тыс. прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тыс. арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных вытворчасцей, створана каля 160 суб’ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з’яўляецца пэўным дасягненнем».
Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязей сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню, адзначыў Прэзідэнт.
Падпісана каля 80 дагавораў аб супрацоўніцтве з 36 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, рэспублікі Татарстан і Башкартастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб’ём гандлю з гэтымі рэгіёнамі складае больш за 70 працэнтаў беларуска-расійскага тавараабароту.
Паводле яго слоў, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.

Плануецца стварыць імпартазамяшчальныя праграмы для загрузкі беларуска-расійскіх прадпрыемстваў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларуска-расійскіх эканамічных адносінах па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Паводле яго слоў, важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з’яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.
«Трэба забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — На сустрэчы ў Сочы мы дэталёва абмяркоўвалі гэта пытанне. Спадзяюся, у бліжэйшы час прымем рашэнні, якія знімуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцей».
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з’яўляецца развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы. «Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб’екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты намі рэалізаваны. Ёсць пазітыўны вопыт і на далёкім, але такім родным Сахаліне», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.
У Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. «Мы гатовы і павінны ўдзельнічаць у такіх праектах. Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Супрацоўніцтва ў АПК — найбольш важнае пытанне ў гандлі з Расіяй

«Нашымі галоўнымі задачамі прадаўжаюць заставацца выкараненне ўсялякіх абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Найбольш важнае пытанне — гэта супрацоўніцтва ў агракомплексе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. «Часта сумесная работа па павышэнні якасці экспартуемых прадуктаў харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але мы нарэшце напярэдадні гэтага форуму дамовіліся аб тым, як будзем развязваць такія праблемы. Прытым дамовіліся адназначна, і гэта падтрымана ўрадамі дзвюх краін».
«Хацелася б, каб мы з Прэзідэнтам Расіі менш займаліся тымі праблемамі, якія павінны вырашацца на ўзроўні ўрадаў, ведамстваў, міністэрстваў і рэгіёнаў», — дадаў беларускі лідар.

Беларусі і Расіі пад сілу вывесці двухбаковы гандаль на ўзровень $50 млрд

Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь займае першае месца па аб’ёме тавараабароту ў гандлі Расіі з краінамі СНД, а прыкладна палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак. «У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў $32,4 млрд. У студзені-жніўні бягучага года прыбавіў яшчэ 14,5 працэнта. Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Для ілюстрацыі маштабаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва Прэзідэнт Расіі нагадаў, што аб’ём гандлю Расіі і Індыі, насельніцтва якой больш за 1 млрд чалавек, складае каля $10 млрд. «Гэта сведчыць аб узроўні нашай кааперацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляем умацаванню інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусі перавысіў $4 млрд», — падкрэсліў расійскі лідар.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі працуюць амаль 2,5 тыс. прадпрыемстваў з расійскім удзелам, буйнейшым сумесным праектам з’яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС. «Першы энергаблок у адпаведнасці з графікам будзе запушчаны ў канцы 2019 года. А ўся станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2020 годзе», — дадаў Уладзімір Пуцін.
Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што некалькі дзясяткаў галіновых праграм ажыццяўляюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы, асаблівы ўпор робіцца на стварэнне перадавой навукаёмістай прадукцыі, стымуляванне бізнесу дзвюх краін да больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі.
Акрамя таго, Беларусь і Расія разам працуюць над пашырэннем інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. «Вядома, у нас шмат спрэчак па гэтых пытаннях, шмат інтарэсаў, якія перасякаюцца (часам і не супадаюць), але мы маем цвёрды намер ісці па гэтым шляху, рухаемся наперад да агульнай мэты», — заявіў Уладзімір Пуцін.
Сярод прыярытэтных галін, у якіх бакі разлічваюць на максімальны эканамічны эфект, Прэзідэнт Расіі згадаў імпартазамяшчэнне, прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, фармацэўтыку, дзяржзакупкі. Вядзецца таксама работа па збліжэнні нацыянальных заканадаўстваў і фарміраванні агульнага прававога поля.
Што датычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Уладзімір Пуцін адзначыў, што практычна ўсе суб’екты Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі з беларускімі рэгіёнамі. Па выніках цяперашняга форуму падпісана некалькі дзясяткаў новых пагадненняў і камерцыйных кантрактаў. «Важна, што ў парадку дня форуму асаблівая ўвага ўдзелена пытанням лічбавай эканомікі», — падкрэсліў расійскі лідар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Магілёве 10-12 кастрычніка. Галоўнай яго падзеяй стала пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика