Крэўлянка і Шляхцянка – захавальніцы Крэўскіх таямніц. 21.by

Крэўлянка і Шляхцянка – захавальніцы Крэўскіх таямніц

22.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Многа таямніц хавае ў сабе Крэўская зямля. Некаторыя ўсё намагаюцца іх разгадаць, а большасць жыхароў аграгарадка зжылася з імі і прыняла, як належнае. Ля старажытнага гарадзішча, побач з помнікам прыроды – Вялікім Крэўскім каменем – выходзіць з-пад зямлі крынічка. Перарывістым ручайком бяжыць крынічная вада па зямлі, але паступова набірае моц, раздаецца ўшыр. І вось гэта ўжо не ручаёк, а рэчка Крэўлянка.

Кревлянка_Крево_река2.JPG

Калі з’явілася гэтая крынічка каля гарадзішча, ніхто не ведае. Але гісторык Міхаіл Міхалькевіч па­дзяліўся з намі старажытнай легендай. 

“Жылі тут непадалёк хлопец і дзяўчына. Кахалі адзін аднаго. Але бацькі дзяўчыны былі супраць іх шлюбу. Таму закаханыя вырашылі павянчацца патаемна. А маці даведалася пра іх намер. У момант вянчання яна прыйшла ў царкву на гарадзішчы і выказала страшны праклён: “Каб вы праваліліся!” У той жа момант царква і людзі ў ёй зніклі пад зямлёю. А крынічка на гэтым месцы – слёзы. Ці то маладыя раскайваюцца, што пайшлі супраць волі бацькоў, ці то маці не можа дараваць свой праклён”. А чаму раку назвалі Крэўлянкай, таксама можна толькі здагадвацца. Магчыма, з-за яе незвычайна звілістай, “крывой” формы. А яшчэ ёсць версія, што на беразе ракі ў даўнія часы адбылася надзвычай жорсткая бітва, ажно ўся вада стала чырвонай ад крыві. Ад польскага “кrew” і засталася назва.

Праз усё Крэва бяжыць імклівая Крэўлянка. Колькі двароў яна абмінае! Колькі бачылі яе берагі людскіх шчасця і трагедый! А недалёка ад замка рака сустракае свой першы прыток – невялікую сціплую Шляхцянку. Шляхцянка пачынаецца і заканчваецца ў Крэве. Нават шыльды з назвай не мае. Ды і нямногія ведаюць, што праз цэнтр вёскі працякае менавіта яна. Замак нездарма будавалі на скрыжаванні дзвюх рэчак. Іх перапруджвалі, каб утварыць роў з вадой для дадатковай абароны. Каля запруды быў вадзяны млын, каб забяспечыць патрэбы жыхароў замка.

Міхаіл Міхалькевіч успамінае Крэўлянку свайго дзяцінства: 

“Раней рэчка большая была. А на выездзе з Крэва звужалася. Там яе глыбіня каля метра была. Мы малыя сліжоў лавілі. Вясной, як гэты сліж на нераст ішоў, яго аж кішэла. Мы відэлец да палкі прывязвалі – атрымліваўся такі “факел” – і на рыбу. Ніколі без улову не заставаліся. А ў 70-я гады меліяратары выраўнялі рэчышча. Пасля з’явілася вадасховішча, а ў ім – драпежныя акуні. І сліжоў у Крэўлянцы не стала”.

Шлехтянка_Кревлянка_крево9956.JPG

А географ Алена Былінская ўспамінае другі прыток Крэўлянкі – Малую Вераценіцу, якая пачынаецца недалёка ад Ракаўцаў і ўпадае ў Крэўлянку паблізу вёскі Малявічы. Гэты прыток некалі прынёс у Крэўлянку рэдкую рыбу – стронгу ручаёвую, якая цяпер знаходзіцца ў Чырвонай кнізе.

Пасля Малявічаў Крэўлянка бяжыць праз Навасёлкі, Баярск, Мілэйкава, а на мяжы Смаргонскага і Валожынскага раёнаў упадае ў Заходнюю Бярэзіну. І нясе Крэўскія таямніцы ў Нёман, а пасля і да Балтыйскага мора.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара і Сяргея ЮРЭВІЧА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многа таямніц хавае ў сабе Крэўская зямля. Некаторыя ўсё намагаюцца іх разгадаць, а большасць жыхароў аграгарадка зжылася з імі і прыняла, як належнае. Ля...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика