Дзе краіна цудаў? Там, дзе яе стварае чалавек. Ёсць такое дзівоснае месца і ў вёсцы Лядкі. А ўзнікла яно, дзякуючы адной працавітай і дружнай сям’і, сэрцам і душой якой з’яўляецца наша гераіня – Галіна Мікалаеўна Лынько.
“Добры дзень, гаспадыня! – чуецца ў сенях. – Прыйшлі да вас правяраць электрычнасць, а трапілі, нібы ў казку. Усё ў вас на надворку так прыгожа і ахайна, кожны куточак асаблівы! У літаратуры ёсць гісторыя пра Алісу, а ў Лядках павінна быць пра вас – пра бабулю ў краіне цудаў!”
– Насамрэч, я ўжо не проста бабуля, а прабабуля ў краіне цудаў, — правёўшы нечаканых гасцей, з усмешкай удакладняе Галіна Мікалаеўна. – На днях у сям’і майго ўнука Жэні нарадзіліся трайняты – хлопчыкі Кірыл, Данііл і Мікіта. Наколькі ведаю, былі ў нашым родзе двайняты, але такое трайное шчасце ўпершыню.
Твар Галіны Мікалаеўны ззяе радасцю. Па ім ніколі не прачытаеш колькі год цяжкай сялянскай працы, жыццёвых выпрабаванняў і страт за плячыма гэтай малажавай і ўвішнай жанчыны.
Нават нарадзілася Галіна Мікалаеўна ў адну з самых гарачых пор на вёсцы – у жніўні, калі спрадвеку ў сялян поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю. Любоў і павага да працы былі закладзены ў ёй з маленства. У шэсць год, калі памерла маці, Галя, старэйшая ў сям’і, стала гаспадыняй у хаце. Спрытная ў справах, дзяўчынка знаходзіла час для ўсяго: днём бегала з родных Стрэльнікаў у Загор’е ў школу, а ўвесь астатні час завіхалася па гаспадарцы. Праз некаторы час бацька ажаніўся ізноў, а дзяўчынка стала добрай памочніцай і для сваёй другой маці.
З 14 гадоў працавала ўлетку ў калгасе, а пасля школы вырашыла пайсці вучаніцай у атэлье ў Паланую. Якраз у гэты час на дарозе яе, ідучую на вучобу, сустрэў будучы муж і пакуль падвозіў, закахаўся. Так у 19 год Галіна Мікалаеўна выйшла замуж за вадзіцеля Уладзіміра Лынько. Неўзабаве ў іх нарадзіліся дочкі Лена і Оля, і маладая сям’я пераехала ў сваю хату ў вёску Лядкі. Абодва з мужам працавалі ў мясцовым калгасе (цяпер – ДП “Царука”): Уладзімір – вадзіцелем, а Галіна Мікалаеўна – спачатку 5 год звеннявой, за што мае ордэн Працоўнай славы 3-й ступені, а затым 18 год – даяркай.
На кожным месцы працы жанчына мела вялікую пашану і сярод кіраўнікоў, і сярод калег за моцны і жыццярадасны характар. Не раз падводзіла здароўе, але Галіна Мікалаеўна заўжды знаходзіла сілы давесці справу да канца. І не проста так, а з песней, бо разам з мужам яшчэ і выступалі ў мясцовым Лядкаўскім хоры, ездзілі з канцэртамі па ўсёй Карэліччыне.
І нават зараз на пенсіі ў жанчыны не так і шмат вольнага часу. Ужо больш за 15 год Галіна Мікалаеўна – стараста ў Лядках.
– Першы год пасля замужаства ледзь не кожны тыдзень лятала ў Стрэльнікі да бацькоў, а цяпер мне за Лядкі месца мілей няма, 50 год жыцця тут прайшло, – распавядае гераіня. – Люблю гэты край, таму і дбаю пра тое, каб навокал было хораша і ўтульна. Прыемна, што ў нашай вёсцы практычна ўсе заключылі дагаворы на вываз смецця, восенню самі кожны дзень падмятаюць вуліцу, зграбаюць лісце. Значыць, людзям таксам не ўсё роўна і хочацца жыць у прыгажосці.
Пра хараство наша гераіня можа гаварыць бясконца. Хоць ужо і няма яе гаспадара Уладзіміра, але разам з дзецьмі і ўнукамі, што прыязджаюць кожны тыдзень з Мінску і Карэліч, Галіна Мікалаеўна стварае цуд на сваім надзеле. 600 цюльпанаў, 100 гладыёлусаў, а яшчэ хрызантэмы, крокусы, прымулы, ружы, флоксы – сапраўдны маленькі батанічны сад пад вокнамі хаты, а ўнутры яшчэ і архідэі, і мушкаты. Але прыгажэй за ўсё квітнее ў сэрцы, у вачах, у кожным руху Галіны Мікалаеўны любоў да зямлі, да сям’і і, наогул, да кожнага імгнення жыцця.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара