Дажынкі-2018: што чакаць ад раённага свята ў Ходасах
05.11.2018
—
Разное
|
У мінулым годзе эстафету правядзення раённага свята «Дажынкі» ў аграгарадка Разанцы прыняў адзін з буйнейшых населеных пунктаў раёна аг. Ходасы. Дарэчы, сёлета разам са святам хлебаробаў будзе адзначацца і Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. На працягу года хадасоўцы адказна рыхтаваліся да свята, прычым менавіта жыхары аграгарадка ўнеслі свой вялікі ўклад у навядзенне парадку і чысціні ў населеным пункце. — Прыемна, што ўсе яны актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па добраўпарадкаванні, — адзначае старшыня Хадасоўскага сельвыканкама Анатоль Пруднікаў. — Людзі не толькі выходзілі на суботнікі, але і на вясковых сходах прымалі рашэнне сабраць сродкі на рамонт і ўладкаванне іх дамоў і вуліц. Такім чынам была адноўлена вялікая дзіцячая пляцоўка на вуліцы Тэльмана, а зараз вядзецца афарбоўка 560-метровай агароджы на вул. Мсціслаўскай. Ідзе работа па добраўпарадкаванні ў адкрытым нядаўна ў Ходасах скверы.Пры падтрымцы ганаровага грамадзяніна нашага горада Аляксандра Кулічкова тут з’явіліся прыгожыя дэкаратыўныя хвойныя і ліставыя дрэвы, якія прывезлі з нацыянальнага парка «Нарачанскі», што знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Акрамя гэтага, у скверы з’явіцца восем лавак з каванымі элементамі, што зробіць месца яшчэ больш утульным і прывабным. Вялікі ўклад унеслі праваслаўныя вернікі ў аднаўленне і рамонт мясцовага храма прп. Максіма Іспаведніка, які зараз абслугоўвае настаяцель Мазалаўскай Свята-Вазнясенскай царквы іерэй Міхаіл. Тут быў адноўлены фасад і праведзена добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. — Не засталіся ўбаку і нашы прадпрымальнікі, — гаворыць Анатоль Юр’евіч. — Пры іх фінансавай дапамозе ў цэнтры аграгарадка з’явілася сучасная дошка аб’яў. Да свята Ходасы кардынальна змянілі сваё аблічча. Тут быў праведзены касметычны рамонт галоўных адміністрацыйных і гандлёвых аб’ектаў: будынкі сельвыканкама, сельскага Дома культуры, вузла паштовай сувязі, гандлёвага дома, крамы «Спадарожнік». Гэта крама не толькі набыла сучасны выгляд, але і была пераабсталявана для магчымасці самаабслугоўвання пакупнікоў. — Зараз працаўнікі УКПП «Водаканал» убіраюць аварыйныя дрэвы з цэнтральных могілак, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — З дапамогай работнікаў ПМК-94 «Вадбуд» было знесена тры пустуючых дамы. Дарэчы, працаўнікі кожнага раённага прадпрыемства і арганізацыі ўнеслі свой пасільны ўклад у навядзенне парадку, узяўшы ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні. За гэта ім жыхары вельмі ўдзячныя. Будзе адкрыты ў Ходасах і новы аб’ект — сучасны пажарны аварыйна-выратавальны пост.Як адзначаюць выратавальнікі, дадзены праект і будынак, які быў адбудаваны з нуля, — першы ў рэспубліцы. І ў будучым такія пасты з’явяцца ў іншых аграгарадках па ўсёй краіне. Яшчэ адна прыемная асаблівасць: удзельнікаў і гасцей свята будзе сустракаць новы ўязны знак «Аграгарадок Ходасы». Ужо завершаны работы па рамонце помнікаў воінскіх захараненняў, добраўпарадкаваны прылягаючы парк. З’явіліся рэдкія пароды дрэў у міні-дэндрапарку Хадасоўскага лясніцтва. Як бачым, да свята ў аграгарадку многае змянілася да лепшага, а гэта не можа не радаваць вяскоўцаў. Праз тыдзень тут збяруцца лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва раёна. На цэнтральнай плошчы з’явяцца гандлёвыя кропкі, у Доме культуры будзе прадстаўлена дзейнасць сельвыканкамаў, будуць аформлены шматлікія выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотаздымкаў і шмат іншага. Завяршыцца мерапрыемства яскравым феерверкам. Ходасы чакаюць усіх на свята з выдатным настроем і добрымі пажаданнямі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулым годзе эстафету правядзення раённага свята «Дажынкі» ў аграгарадка Разанцы прыняў адзін з буйнейшых населеных пунктаў раёна аг. Ходасы. Дарэчы, сёлета...
|
|