Не промахнулся никто!В Ушачах прошли соревнования по стрельбе. 21.by

Не промахнулся никто!В Ушачах прошли соревнования по стрельбе

16.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У тым, што стральба – адзін з самых папулярных ва ўшачан відаў спорту, можна было ўпэўніцца ў суботу. У ціры Ушацкай школы сабралася шмат людзей: пазмагацца за званне лепшых снайпераў раёна пажадалі дванаццаць каманд розных арганізацый, і відавочна, што ніхто не прамахнуўся з выбарам свайго занятку ў гэты выхадны дзень!

Асабліва прыемна, што ў пратаколе побач з прызнанымі фаварытамі значыліся і каманды, якія апошнім часам не так часта прымаюць удзел у спартыўных мерапрыемствах. А каманда райветстанцыі ўвогуле з’явілася на старце раённага турніру ўпершыню за доўгі час: “Нам персанальна патэлефанавалі арганізатары спаборніцтваў і запрасілі далучыцца – ну як тут было адмовіцца? – з усмешкай расказвае кіраўнік арганізацыі Вольга Расціславаўна Сінякова, якая ўзначаліла групу падтрымкі сваёй каманды. – Да таго ж, трапнасць – вельмі неабходная рыса для ветэрынараў: зараз у раёне ідзе туберкулінізацыя статкаў, а прынцып работы пнеўматычнага безігольнага ін’ектара вельмі падобны на стральбу!” І хоць дружная каманда ў складзе Юліі Юрэвіч, Яўгена Стэльмаха і Васіля Зеленіка ў агульным выніку стала восьмай, спартыўным “дэбютам” ветэрынары засталіся задаволены і паабяцалі, што пастараюцца прыняць удзел і ў іншых раённых спаборніцтвах. Прыемна было ўбачыць у ціры і зборную ПМК-66. “Атрымаўшы запрашэнне на турнір, вырашылі выставіць каманду, хоць і было складана закрыць жаночую “вакансію”: расказваюць намеснік дырэктара па камерцыйнай дзейнасці Дзяніс Іваненка і прараб Мікалай Грыневіч. – Вынікам не вельмі задаволены, але гэта будзе стымулам для трэніровак перад будучымі спаборніцтвамі!”. Прысутнічалі ў пратаколе каманды Ушацкай ПМС і “Аховы”, традыцыйна актыўныя ў спартыўным жыцці раёна зборныя ЦРБ, аддзела па адукацыі, РАНС і ТЦСАН, ЖКГ. Гонар апошняй, прынамсі, адстойваў сямейны снайперскі дуэт Юрыя і Надзеі Барадулька, які побач не толькі ў жыцці і на рабоце, але і на спартыўных пляцоўках. “Любоў да стральбы нам прывілі яшчэ ў школе апантаныя сваёй справай ваенрукі – Пётр Станіслававіч Леановіч, што вёў урокі ў мяне ў Вялікадолецкай, і Сяргей Трафімавіч Белавусаў, які выкладаў у мужа ва Ушацкай”, – расказала жанчына.

Ну і, зразумела, варта прыгадаць каманды, якія сталі лепшымі. Чацвёрку замкнула зборная райвыканкама, якую вёў за сабой кіраўнік раёна Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Страляючы ў адной з першых сесій, ён выбіў 45 ачкоў і задаў даволі высокую планку, пераўзысці якую ўдалося толькі нашым прафесіяналам – трэнерам ДЮСШ Уладзіміру Верлаву (46) і Пятру Варатынскаму (47). Менавіта гэтыя ўдзельнікі ўтварылі прызавую тройку сярод мужчын. Самымі ж трапнымі прадстаўніцамі прыгожай паловы сталі выключна маладыя настаўніцы: Крысціна Голубева, што выступала за аддзел па адукацыі, выбіла 42 балы, пацвердзіла фаварыцкі статус Таццяна Плікат з Ушацкай СШ (43), ну а яе калега з Арэхаўскай Кацярына Гірсёнак паказала лепшы вынік – 44 ачкі.

Што датычыцца агульнакаманднага заліку, то тут таксама трыумфатарамі сталі педагогі: Арэхаўская школа, за якую апроч Кацярыны выступалі Уладзімір Магілін і Аляксандр Грысюк, атрымала бронзу, ДЮСШ, дзе мужчын-стралкоў падтрымала Наталля Раманоўская, стала другой, а “золата” выйгралі гаспадары ціра – каманда Ушацкай СШ, за якую разам з Т.Плікат выступалі Аляксандр Тарасеня і Павел Паршонак, стала самай стабільнай. Але галоўнае, канечне, не рэзультаты і нават не каштоўныя падарункі, якія, дарэчы, атрымалі ад арганізатараў – раённага фізкультурна-спартыўнага клуба – усе прызёры ў асабістым заліку і члены каманды-пераможцы. Важна, што гэты суботні дзень удзельнікі і госці турніру правялі цікава, адчулі запал барацьбы і жаданне ўдасканальвацца. “Вельмі рада сваёй перамозе і прызавому месцу нашай дружнай каманды! – не хавала эмоцый пасля ўзнагароджання Кацярына Гірсёнак. – Цікавасць да стральбы нашым вучням і настаўнікам прывівае выкладчык фізкультуры Уладзімір Мікалаевіч Магілін, які трэці год працуе ў Арэхаўне. Сама ж я паспрабавала страляць толькі летась і, напэўна, аказалася здольнай вучаніцай!”

Спадабаліся спаборніцтвы і тым, хто прысутнічаў у ціры ў ролі гледачоў. А шасцігадовая Арына Карэйша  не толькі пахварэла за калег бабулі Ганны Карлаўны Лышко з сацыяльнай службы, але і ўпершыню патрымала ў руках сапраўдную вінтоўку! Дзяўчынка яшчэ дашкольніца, але ўжо займаецца на аддзяленні фартэпіяна і ходзіць на плаванне ў ДЮСШ. І гэта выдатна падмацоўвае нашу ўпэўненасць, што спартыўныя традыцыі Ушаччыны будуць працягвацца!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У тым, што стральба – адзін з самых папулярных ва ўшачан відаў спорту, можна было ўпэўніцца ў суботу. У ціры Ушацкай школы сабралася шмат людзей: пазмагацца за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика