В Шумилинском районе справили «Дожинки»
19.11.2018
—
Разное
|
Свята гаспадароў зямлі
16 лістапада ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу прайшла “Талака” – свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Шумілінскага раёна.
Ужо некалькі гадоў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адзначаецца ў адной з лепшых устаноў культуры Шуміліншчыны – Лаўжанскім цэнтры культуры і вольнага часу. Работнікі сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна, ветэраны сельскагаспадарчай галіны сабра-ліся ў аграгарадок Мікіціха, каб падвесці вынікі сельскагаспадарчага года, ушанаваць лепшых працаўнікоў і лепшыя прадпрыемствы раёна, вызначыць планы на будучыню.
Галоўная святочная дзея разгарнулася ў зале цэнтра, дзе прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённых спаборніцтваў у сельскагаспадарчай галіне. Адкрываючы цырымонію, старшыня райвыканкама Алег Быкаў падкрэсліў, што сельскагаспадарчая галіна дасягнула пэўных вынікаў: за 10 месяцаў бягучага года выраблена прадукцыі на 38,3 мільёна рублёў, што складае 106% да адпаведнага паказчыка мінулага года. Нарыхтавана 34,2 тысячы тон кармавых адзінак травяных кармоў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 18872 галавы, з іх больш за 7 тысяч – каровы – гэтыя паказчыкі большыя за мінулагоднія.
Упэўненасць у заўтрашнім дні, як адзначыў Алег Пятровіч, надае тое, што зроблены значны задзел пад ураджай будучага года: пасеяны 7,2 тысячы га азімых зерневых, больш за 2,0 тысячы га азімых крыжакветных, узарана 8,2 тысячы га зябліва – гэта істотна больш, чым за апошнія гады. Але зрабіць трэба яшчэ больш, каб атрымаць вынікі, годныя для нашага раёна, падкрэсліў старшыня райвыканкама. Моцны штуршок развіццю гаспадарак надае ўдзел у інтэграцыйных структурах Віцебскай вобласці. У нашым раёне пакуль толькі СУП “Лаўжанскае” ўваходзіць у Віцебскую інтэграцыйную структуру. Кіраўніцтва раёна шукае інвестараў для “Прыазёрнага міру”, “Ульскага”, іншых сельскагаспадарчых арганізацый Шуміліншчыны. Правядзенне “Дажынак” у 2021 годзе у нашым раёне надасць моцны імпульс развіццю сельскай гаспадаркі і іншых галін эканомікі раёна, выказаў упэўненасць Алег Быкаў. Ён павіншаваў усіх з прафесійным святам і выказаў шчырыя, добрыя пажаданні працаўнікам аграпрамысловага комплексу, ветэранам сельскагаспадарчай галіны.
Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый і работнікаў, якія дасягнулі лепшых вынікаў у 2018 годзе. У лідарах спаборніцтва СУП “Лаўжанскае” (дырэктар А. Кунштэль), ААТ “Ляжні” (дырэктар А. Папіна) і “АграБаравінка” (дырэктар У. Арлоў), КУСГП “Ульскі” (дырэктар В. Лабейка).
Прадоўжыў цырымонію ўзнагароджання першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ягор Чарняўскі, які ўзнагародзіў прызёраў вытворчага спаборніцтва граматай раённага ўпраўлення, а таксама ўручыў прэміі лепшым работнікам гаспадарак і прадпрыемстваў раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што няма больш ганаровай прафесіі, чым праца на зямлі, таму словы вялікай удзячнасці усім, хто працуе добрасумленна і аддана, хто стварае багацце і дабрабыт роднага раёна. Яна падзякавала ветэранам-аграрыям, узгадала тыя слаўныя гады, калі раён атрымліваў ганаровыя сцягі за перамогі ў рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах па вытворчасці бульбы і льну, мяса і малака. Ірына Мікалаеўна адзначыла дыпломамі кіраўнікоў устаноў адукацыі і культуры, сельгасарганізацый – пераможцаў конкурсу караваяў “Наша хата хлебам багата”.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая ўручыла падарункі маладым працаўнікам сельскагаспадарчай галіны раёна.
Граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК за працоўныя дасягненні ўзнагародзіла старшыня райкама Вольга Пусянкова.
Кіраўнік ААТ “АграБаравінка” Уладзімір Арлоў папрасіў слова, каб падзякаваць шэфам гаспадаркі за пастаянную дапамогу ў час асноўных сельскагаспадарчых работ, і ўручыў падарункі кіраўнікам ДЭУ №36 Віктару Прыходзьку і дырэктару КУП БАН Віктару Бабічаву.
І канешне ж вельмі пастараліся работнікі культуры, каб стварыць для вяскоўцаў святочную атмасферу, прадставіць ім магчымасць сустрэцца, падзяліцца вопытам, адпачыць. У фае работнікі цэнтральнай бібліятэкі разам з майстрамі Дома рамёстваў арганізавалі цікавую выставу, прысвечаную хлебу. Увагу прыцягвалі прэс-калажы, складзеныя з газетных выразак пра вясковых працаўнікоў, рэпартажаў з пасяўной і жніва, нарыхтоўкі кармоў і ферм, мастацкія і дакументальныя кнігі, альбомы, прысвечаныя нялёгкай сялянскай працы і хлебу. На выставе можна было пабачыць прылады працы, якія раней былі ў кожнай сялянскай хаце, а зараз з’яўляюцца музейнымі экспанатамі нават для жыхароў вёскі. З іх дапамогай апрацоўвалі глебу, збіралі важкія каласы, абмалочвалі іх, малолі муку, рабілі цеста, выпякалі галоўны прадукт усіх часоў – хлеб.
Вучні Мікіціхінскай СШ паспаборнічалі ў конкурсе чытання вершаў, прысвечаных хлебу.
Тут жа былі выстаўлены караваі, пірагі і іншае печыва, прадстаўленае на конкурс “Мая хата хлебам багата”, арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Розныя хлебныя вырабы – ад самапечанага па старажытных рэцэптах хлеба да сучасных хлябцоў ды сушак – можна было паспрабаваць на дэгустацыі хлебных вырабаў. Перапрацоўчыя прадпрыемствы АПК былі прадстаўлены ТАА “Вітконпрадукт” і ААТ “Малако”, якія прапаноўвалі ўсім паспытаць на смак сваю прадукцыю, як новую, так і ўжо папулярную ў спажыўцоў.
Музычныя нумары падрыхтавалі педагогі і вучні Обальскай дзіцячай школы мастацтваў і музыкі ансамбля “Эксперымент-12”.
Святочны канцэрт шумі-лінскім аграрыям прывезлі навучэнцы Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №90 ад 20.11.2018 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята гаспадароў зямлі 16 лістапада ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу прайшла “Талака” – свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і... |
|