Верхнядзвінскія вернікі пабывалі ў Аглоне. 21.by

Верхнядзвінскія вернікі пабывалі ў Аглоне

20.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Калі грамада Верхнядзвінскай парафіі, здзейсніўшы аўтобуснае падарожжа ў Аглону, вярнулася дадому, нямала нашых чытачоў пачало звяртацца з просьбай распавесці ім пра нашу пілігрымку ў святую мясціну, пра якую яны пачулі ўпершыню. У мяне з Аглонай, як і ўвогуле з Латвіяй, звязана нямала ўспамінаў, таму ўзяў на сябе абавязак падрыхтаваць для “раёнкі” гэтыя нататкі. (Друкуецца са скарачэннямі – рэд.).

980x704

epa07043329 Faithful are seen before of the Pope Francis' arrival at the Shrine of the Mother of God in Aglona, Latvia, 24 September 2018. Pope Francis is visiting Lithuania, Latvia and Estonia for the Apostolic Journey from 22 to 25 September 2018.  EPA/ALESSANDRO DI MEO

Мы жылі зусім блізка ад латвійскай мяжы, пры некалі важным Полацка-Рэжыцкім тракце, што кіраваў праз нашу Пятроўшчыну на латвійскую Дагду і далей – на Рэжыцу, Малту, Аглонь. Менавіта так вымаўлялі ў нас назву Аглона. Вымаўлялі з асаблівай пашанай, што да пэўнага часу гучала для нас, малых, таямніцай. Калі ж аднойчы наша бабуля надта ўрачыста сабралася ў далёкую пешую пілігрымку, яна паведаміла нам, што ў Аглоні вельмі моцная святая сіла, бо там ёсць цудадзейны абраз Божай Маці, але гэта далёка – аж 70 кіламетраў. Для нас было ўжо звычным разам з матулямі ды бабулямі “збегаць” на свята ў Асуна, Берасні, Пустыню або Палішчына – у гэтых латыскіх паселішчах былі касцёлы, да таго ж блізка – паўсюль па 16 – 18 кіламетраў. У Аглону бабуля нас, канечне, не ўзяла, хаця, вярнуўшыся дадому шчаслівай і памаладзелай, суцешыла і нават запавяшчала кожнаму прычасціцца да Аглонскай святыні. Памятаючы пра той запавет, ужо ў лепшыя часы, калі сям’я набыла нават машыну, мы з братам звезлі ў Аглону нашу матулю, хаця самі, прайшоўшы ў вучэльнях школу атэістычнага выхавання, не памкнуліся глыбей адчуць святую моц той мясціны, а больш увагі надалі знаёмству з тамтэйшым рамантычным наваколлем.

Базилика
Разуменне сваіх маладых памылак прыйшло пазней. Вярнулася і чыстае, амаль дзіцячае жаданне не толькі пабачыць, але і адчуць Аглону. А яшчэ даведацца пра гісторыю базілікі, убачыўшы якую з акна аўтобуса Плеснева – Даўгаўпілс, на якім я адпраўляўся ў сваю вучэльню, пасажыры “рафіка” усе як адзін пачыналі хрысціцца.

куток
Маё жаданне збылося, прытым з надзвычай высокім дадаткам – 24 верасня 2018 года ў Аглону прыляцеў Папа рымскі Францыск.
Хрысціянства ў Прыбалтыку прынеслі крыжакі, тут былі створаны першыя пратэстанцкія дзяржавы. Латгалію, якая не мела сваёй дзяржаўнасці, вярнула ў каталіцтва Польшча, якая валодала яе землямі доўгі час. Гэты бяскроўны працэс расцягнуўся на сотню гадоў, бо ў тутэйшым сялянскім асяроддзі езуіты сутыкаліся не толькі з лютэранствам, але і з паганствам. Нарэшце, у 1699 годзе ў яловым лесе паміж азёрамі Цырыш і Аглонас на землях памешчыка Шаставіцкага атабарыліся запрошаныя сюды дамініканскія манахі з Вільні. Яны прынеслі з сабой цудадзейны абраз Трокскай Багародзіцы. Аглонскі абраз не толькі захаваў сваю вядомасць у каталіцкім свеце, але і стаў самай ушанаванай святыняй у Латгаліі і яе сумежжы. З-за асаблівасцей свайго геаграфічнага становішча на абшарах каталіцкай Еўразіі ён набыў імя Маці Божая Каралева Поўначы, а ў жыхароў азёрнага краю ушанаваны сардэчнай назвай Латгальская Мара.

У 1980 годзе, калі адзначалася 200-годдзе Аглонской святыні, Папа Ян Павел II прысвоіў ёй статус «Basilica minoris», што азначае «малая базіліка». Гэта тытул у Латвіі мае толькі Аглонская базіліка. А 9 верасня 1993 года сам Ян Павел II правёў тут імшу, на якой прысутнічалі без малога 400 тысяч чалавек.
У базіліцы знаходзіцца вялікая калекцыя карцін, скульптур і прадметаў мастацтва, у тым ліку абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, выкананы невядомым мастаком XVII стагоддзя. Абраз размешчаны над галоўным алтаром, адкрываюць яго толькі падчас рэлігійных святаў. Вернікі лічаць абраз цудатворным.
За базілікай і прыбудаванымі да яе карпусамі – невялікі Сад малітвы з вельмі прыгожымі скульптурамі. За празрыстай агароджай – шырокая і бездакорна дагледжаная тэрыторыя манастыра.
15 жніўня каталікі святкуюць дзень Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, і тады ў Аглону сцякаюцца напоўненыя рэлігійным пачуццём дзясяткі тысяч паломнікаў, у тым ліку з Літвы, Беларусі, Польшчы і іншых еўрапейскіх краін.
Гэтае пачуццё сагравала і нас, пілігрымаў з Верхнядзвінска, калі ў чаканні Папы Францыска мы стаялі на плошчы перад храмам. Пачыналася восень, было хмарна, час ад часу церушыў дождж, а над прасторай гучалі малітвы. Ідэальная наладжанасць сустрэчы была заўважная ва ўсім: без хвіліны затрымкі адбываліся рух і размяшчэнне дзясяткаў тысяч людзей, транспарту, на якім яны прыехалі; кожны атрымаў надрукаваны малітоўнік, сцяжок ды інструкцыю, у якой паведамлялася, што падчас свята на прыкасцельнай плошчы не дазваляецца мець якія-небудзь транспаранты, шарыкі, трубы ды свісцёлкі, дроны і нават парасоны – замест іх усе апраналі накідкі-дажджавікі, ад чаго плошча і пад хмурным небам расцвітала вясёлымі фарбамі вясёлкі.
Было б доўга расказваць пра дэталі такой значнай падзеі, таму адзначу толькі тыя два моманты, якія нам падаліся цудам.
Калі хмары, здавалася, сабраліся ўжо сваім пачарнелым саванам накрыць усю прастору, неба паміж вежамі храма раптам расхінула пагрозлівыя кулісы, засвятлела блакітам, клін святла імкліва расшырыўся, ззаду за намі над азёрамі ўрэшце ўспыхнула сонца – і ў гэты момант лёгкім анёлкам з-за бажніцы вылецеў маленькі гелікоптар. Ён праляцеў кругамі нізка над плошчай, якая ўспыхнула сцяжкамі і вітальнымі поклічамі; было добра відаць, як Папа адказваў людзям таксама прывітальным жэстам.
А калі пасля ўсіх цырымоній і малітваў Папа прамаўляў развітальныя словы, заклікаючы да вырашэння зямных праблем шляхам Любові, зноў-такі паміж касцельнымі вежамі ўзнік жураўліны клін, які, здавалася, імкне ў самыя нябёсы. Ён праляцеў над намі, над азёрамі, лясамі ды ўзгоркамі ў тым напрамку, адкуль з цёплых краёў прыляцеў і падарыў нам цеплыню свайго сэрца Папа рымскі Францыск.
Я б параіў усім, хто шукае цуды за марамі-акіянамі, здзейсніць турысцкую вандроўку да нашых найблізкіх суседзяў – у Аглону. Туды не абавязкова кіраваць 15 жніўня. У іншыя святочныя дні ёсць магчымасць наведаць сам касцёл, напоўніцца ўражаннямі ад яго ўзнёслага убрання, паслухаць арган і песнаспевы. У Аглоне ёсць што паглядзець і акрамя галоўнай святыні.
На Гары Трох Крыжоў сцішыліся могілкі. Ёсць там і мемарыял ахвярам фашызму, сярод якіх былі і мясцовыя яўрэі, і настаяцель храма, доктар тэалогіі Алаізы Брок, які адкрыта прапаведаваў супраціў нацысцкім злачынствам.
На беразе Яловага возера пульсуе цудатворная крыніца. Другое возера Цырыш – значна большае памерамі, на ім ёсць некалькі астравоў. У самой Аглоне знаходзіцца Музей хлеба, дзе можна замовіць застолле на цэлую грамаду.
Шлях да Аглоны блізкі па сучасных мерках – 36 кіламетраў ад Краславы ці ад Дагды па вясёлых маляўнічых шашэйках. У гэтых краёвых цэнтрах таксама ёсць шмат цікавін. Жамчужынай самай насычанай класічнымі латгальскімі пейзажамі часткі Латгаліі з’яўляецца Саўлэскалнс – Сонечная гара, з вяршыні якой бачны 26 азёр. Ад глыбінь гісторыі да сонечных вышынь імкнецца душа кожнага, хто верыць у існаванне найглыбейшай і найвышэйшай таямніцы Сусвету і хоча да яе прычасціцца, каб зразумець сэнс сваёй кароткай зямной пілігрымкі.
А. Бубала.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Калі грамада Верхнядзвінскай парафіі, здзейсніўшы аўтобуснае падарожжа ў Аглону, вярнулася дадому, нямала нашых чытачоў пачало звяртацца з просьбай распавесці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика