Да святкавання Новага года застаецца амаль месяц, а РУП «Белпошта» пачало ўжо прымаць заказы на навагоднія віншаванні ад Дзеда Мароза. Аб гэтым паведаміў «СП» начальнік Ганцавіцкага вытворчага паштовага ўчастка Эдуард Валуевіч.
– Віншаванне ад Дзеда Мароза парадуе дзяцей і падорыць цудоўны настрой дарослым! – перакананы Эдуард Трафімавіч.
Цікаўлюся, колькі ж каштуе такая паслуга?
Аказваецца, ёсць два варыянты віншавання ад Дзеда Мароза. За 8,5 рубля можна заказаць пісьмо, у якім будзе знаходзіцца паштоўка з віншаваннем, а таксама набор для стварэння святочнай атмасферы, у які ўвойдуць навагодняя гірлянда, ёлачныя цацкі, казачныя маскі, вітражныя наклейкі. За 23 рублі дзіця атрымае разам з віншавальнай паштоўкай яшчэ і прыгожую мяккую цацку.
Аформіць і аплаціць навагодні сюрпрыз для сваіх дзетак неабходна будзе да 23 снежня 2018 года. Гэта можна зрабіць у любым аддзяленні паштовай сувязі, праз інтэрнэт-сэрвіс «Віншаванне Дзеда Мароза», а таксама ў паштальёна. Прадстаўнікі «Белпошты» абяцаюць даставіць падарунак на дом напярэдадні Новага года.
Віктар СЛАВІН.