“Карикатура Елены Веленцевич”. Гэтыя тры словы адданыя чытачы раёнкі добра ведаюць, бо неаднаразова сустракалі на старонках газеты. Звычайна такі подпіс – сведчанне аўтарства – стаіць пад гумарыстычным малюнкам, які не толькі дапаўняе матэрыял журналіста, але і з’яўляецца асобным творам. Хто ж яна – таямнічая Алена з далёкага Мазыра? Як пачалося яе сяброўства з “НК”? Аб гэтым і не толькі – у інтэрв’ю.
Алена Велянцэвіч нарадзілася ў невялікай вёсачцы Асавец, у 45 кіламетрах ад Мазыра. Сёння жыве ў гэтым прыгожым горадзе на Гомельшчыне, працуе бібліятэкарам па размеркаванні… – Куды вы паступалі пасля школы? Чым аргументавалі тады выбар прафесіі і ці не шкадуеце аб ім цяпер?
– Да 9 класа была ўпэўненая, што ў будучыні абавязкова звяжу жыццё з маляваннем. У сельскай школе ў свой час была “мастаком №1”, удзельнічала ва ўсіх школьных і многіх раённых конкурсах па маляванню, не раз займала прызавыя месцы. Настаўнікі паўтаралі, што я таленавітая і мне варта вучыцца ў мастацкай школе. Сказана – зроблена! Чатыры гады запар тата вазіў мяне з вёскі ў горад на заняткі. Колькі за гэты час было спалена гаручага, можна толькі здагадвацца! (Усміхаецца.) Такія подзвігі для сваіх дзяцей у нашай вёсцы мала хто здзяйсняў, і я вельмі ўдзячная бацьку за тое, што ён даў мне магчымасць развівацца ў мастацкім накірунку. Аднак… – Заўсёды гэтае “аднак”!
– Сапраўды! Аднак, неўзабаве я перастала асацыіраваць сваю будучыню з мастацтвам. Здарылася гэта, калі, скончыўшы 9 класаў, паспрабавала паступіць у гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Мінску. І няўдала. Не скажу, каб моцна расчаравалася тады ў сабе. Відаць, таму, што, нягледзячы на ўсе дыфірамбы, якія спявалі мне ў школе, заўсёды ацэньвала свае здольнасці сярэдне. Ды і як інакш, калі перад вачамі хапала прыкладаў сапраўднага майстэрства, да якога мне, як кажуць, расці і расці?
Асабліва гэта адчувалася, калі стаяла за мальбертам у мастацкай школе… Нельга было не заўважыць, з якой лёгкасцю некаторыя аднакласнікі спраўляліся з заданнем. Калі некаму на яго выкананне патрабаваўся адзін занятак, а табе – некалькі, і на выхадзе работы па якасці атрымліваліся падобныя, ці твая нават горш, міжволі задумваўся пра свае магчымасці. Акрамя таго, я адчувала прабелы ў ведах, напрыклад, у разуменні пабудовы і перспектывы.
Разам са мной тады паступала шмат таленавітых рабят з усіх куткоў нашай краіны. Але, як ні дзіўна, сярод шчасліўчыкаў, што сталі навучэнцамі каледжа, у большасці сваёй, апынуліся жыхары сталіцы. Мяне вельмі зачапіла тады такая несправядлівасць. Ацэньваючы работы, камісія і не спрабавала хаваць той факт, што больш імпануе ўжо знаёмым па занятках на летніх мастацкіх курсах абітурыентам. У выніку даволі пасрэдныя работы мінчан маглі атрымаць вельмі высокі бал, а зробленае таленавітымі выхадцамі з рэгіёнаў (і гэта я не пра сябе) шмат у чым заставалася недаацэненым. І ўсё ж я спадзявалася ўразіць – атрымалася, але паступіць, на жаль, не ўдалося. З таго моманту я зняверылася ў сваёй мастацкай будучыні. – Што ж было далей?
– Наступныя два гады давучвалася ў школе і не ведала, кім быць. Пасля 11 класа ўсё яшчэ вагалася, і на сямейным савеце мы вырашылі, што буду паступаць на бібліятэчны факультэт у Інстытут культуры ў сталіцы. Варыянт з журналістыкай – мая недасягальная тады мара! – давялося пакінуць, бо прахадны бал вельмі высокі, а публікацый у газетах у мяне не было. Аб’ектыўна ацэньвала свае магчымасці і хацела вучыцца на бюджэце.
Калі перад паступленнем глядзелі леташні даведнік абітурыента, на бібліятэчным факультэце знайшла спецыялізацыю з педагагічным ухілам. На выхадзе яе дыплом дазволіў бы працаваць як у бібліятэчнай сферы, так і ў адукацыі (выкладчык беларускай мовы і літаратуры). Гэта было тое, што доктар прапісаў, але… У 2011-м такой спецыялізацыі не стала.Даведалася аб гэтым, толькі падаючы дакументы, разгубілася. Прыйшлося выбраць чыста бібліятэчную спецыяльнасць. – На гэтым пошук справы жыцця не скончыўся?
– Не. Калі дыплом быў у кішэні, задумалася пра будучыню. Перспектывы бібліятэчнага супрацоўніка здаваліся туманнымі, ды і заробак пакідаў жадаць лепшага, таму стала пракручваць у галаве варыянты. Тады я была ў дэкрэтным адпачынку, мела шмат вольнага часу і хацела вучыцца. Атрымала вадзіцельскае пасведчанне і адчула: мала! Яшчэ!
Думка пра журналістыку была спачатку няўпэўненай, рамантыка гэтай прафесіі мяне заўсёды прыцягвала. Недзе ў глыбіні душы адчувала: вось тое, чым хачу займацца. І ў адзін зімовы дзень проста патэлефанавала у Белдзяржуніверсітэт спытаць пра ўмовы паступлення. У той момант якраз ішоў набор на перакваліфікацыю па спецыяльнасці ”Журналіст”. Доўга не думаючы, сабрала дакументы, родныя маё рашэнне падтрымалі. Мінулі два гады, і дыплом журналіста ўжо не мара, а рэальнасць. – Не шкадуеце аб першай адукацыі?
– Ніколькі! Нельга шкадаваць аб уласных рашэннях. Гэта рух наперад. Сёння ўспамінаю беларускую прыказку, якую мне часта паўтарала мама: “Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою”. Яе сэнс раскрыўся мне на журфаку, калі аказалася, што і час, і сродкі, выдаткаваныя некалі на мастацкую школу, прынеслі плён. – Як гэта здарылася?
– На практычным занятку па вёрстцы газеты нам прапанавалі разнастаіць яе афармленне сатырычным малюнкам. Вырашыла праявіць ініцыятыву, прапанаваць свой варыянт, і ён нечакана спадабаўся як выкладчыку, так і аднагрупнікам. У той момант і адкрыўся ўва мне талент карыкатурыста. Галоўны рэдактар “Навін Камянеччыны”, які, як і я, быў слухачом нашага курса, без увагі гэты факт не пакінуў і ўжо на перапынку падышоў да мяне з прапановай супрацоўніцтва, а ад Віктара Іванавіча Дулевіча проста так не адчэпішся (усміхаецца.) Думаю вы гэта і без мяне ведаеце. Калі ўжо задумаў нешта, свайго абавязкова даб’ецца! – Так вы і сталі нашым мастаком-карыкатурыстам…
– Чым вельмі ганаруся! Шчыра кажучы, ніколі не думала пра сябе ў такім амплуа, хоць смешныя малюнкі суправаджаюць мяне шмат гадоў. Калі зазірнуць у мае старыя штодзённікі, сшыткі і канспекты, знойдзеце цэлую галерэю пацешных малюнкаў. Ды і цяпер, калі ёсць вольны час, чорная гелевая ручка ў руцэ, а пад ёй папера, сама не заўважаю, як пачынаю нешта выводзіць. Часцей – свінак, катоў, людзей і кветкі… – Як прыходзіць натхненне?
– Разам з ідэяй. Калі настрой добры і тэма шырокая, варыянтаў малюнка можа быць некалькі. Здараецца, што адразу на розум нічога не ідзе, тады шукаю ў Інтэрнэце рэферэнсы (дапаможныя малюнкі. – рэд.). Стараюся не капіраваць – раблю самабытныя малюнкі. Добрымі крыніцамі ідэй могуць стаць анекдоты і жарты, а яшчэ… мой брат, у якога выдатнае пачуццё гумару!
Вобразы герояў прыходзяць самі, а некаторыя, асабліва ўдалыя на мой погляд, выкарыстоўваю паўторна. Магчыма, нехта ўважлівы прыкмеціў неаднаразовае з’яўленне лысаватага п’янюжкі ў маіх карыкатурах адпаведнай тэматыкі. Могуць паўтарацца вобразы некаторых бабуль… – Чым прыцягвае менавіта карыкатура?
– Гэты жанр мне заўсёды падабаўся, хоць і падумаць не магла, што буду займацца ім сама. У дзяцінстве зачытвалася часопісамі “Каламбур” і “Один дома”, у якіх было поўна смешных малюнкаў, коміксаў і анекдотаў. Кожны раз, калі тата адвозіў мяне на заняткі ў мастацкую школу, на перапынку бегла ў кіёск і купляла свежы нумар “Оди”. Часопісы і сёння стосамі захоўваюцца дома. Мне вельмі падабаюцца стыль тых малюнкаў і якасць іх выканання. Цяпер «Один дома» кардынальна змяніўся па напаўненні, і таго гумару, які быў раней, на жаль, ужо даўно няма. Сеня гэта проста часопіс для падлеткаў, якіх сотні. – Што скажаце пра “Навіны Камянеччыны”?
– Ваша раёнка мне сапраўды падабаецца, з вялікім задавальненнем назіраю за зменамі ў ёй, за тым, як газета робіцца ўсё больш цікавай, яркай, сучаснай. Я жыву ў іншай вобласці, але ахвотна адкрываю новы нумар “НК”. І, прызнаюся, чытаю вашу раёнку нават часцей за нашу, мазырскую, якой шмат у чым варта было б у вас павучыцца. – Ці бывалі ў Камянецкім раёне?
– Праездам у Белавежскую пушчу ў 2010-м. Вежу бачыла толькі праз акно аўтобуса. Як пацяплее, планую здзейсніць паўторны візіт і, вядома ж, наведаць рэдакцыю “НК”, часткай якой (хоць і вельмі-вельмі маленькай) сябе ўжо лічу. І дачку вазьму з сабою. Ганначцы 4 гады, і яна, дарэчы, любіць маляваць. – Ці маеце хобі?
– Пішу вершы час ад часу (яны друкаваліся ў раёнцы 3 лістапада. – рэд.), вяжу кручком і пляту з бісеру, майструю з гафрыраванай паперы, збіраю цацкі з кіндэр-сюрпрызаў, асабліва – старыя калекцыі, тыя, што з дзяцінства. – І на заканчэнне… Калі б падчас сусветнага пажару вы маглі выратаваць толькі 3 кнігі, якія б выбралі?
– “Дзікае паляванне караля Стаха” Караткевіча, “1984” Оруэла і збор твораў Пушкіна. – Дзякую за гутарку!
Распытвала Настасся НАРЭЙКА.
Шарж (на саму сябе) Алены ВЕЛЯНЦЭВІЧ.
“Карикатура Елены Веленцевич”. Гэтыя тры словы адданыя чытачы раёнкі добра ведаюць, бо неаднаразова сустракалі на старонках газеты. Звычайна такі... Сообщение...