Выдатныя спецыялісты — галоўны капітал ААТ “Беларусбанк”
04.01.2019
—
Разное
|
Многіх людзей хвалюе пытанне захаванасці грашовых сродкаў і, вядома ж, магчымасці прыбытку ад іх. Сёння на рынку Беларусі прадстаўлена шмат банкаў: ад невялікіх да буйных, як айчынных так і замежных. Пры выбары банкаўскай сістэмы кліенты перш за ўсё кіруюцца не толькі агульнай рэпутацыяй, надзейнасцю, але і якасцю работы, аператыўнасцю супрацоўнікаў. Буйнейшым банкам нашай краіны з’яўляецца ААТ “Беларусбанк”. Менавіта ён доўгія гады ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў ліку лепшых фінансавых устаноў краіны. Для грамадзян, якія аддаюць яму перавагу, без сумнення важна, што работа “Беларусбанка” праверана часам. Напярэдадні прафесійнага свята — Дня банкаўскіх і фінансавых работнікаў — карэспандэнт газеты “Кліч радзімы” сустрэлася з дырэктарам цэнтра банкаўскіх паслуг № 224 філіяла № 216 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Галінай Іванаўнай Бондар і папрасіла расказаць пра работу калектыву. — За гады сваёй дзейнасці наш банк заваяваў давер і аўтарытэт у шаркаўчан. Сведчанне гэтаму — вялікая колькасць жыхароў раёна, якіх мы абслугоўваем, — паведаміла кіраўнік. — Сваім кліентам мы прапануем дзясяткі відаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў. Маем багаты вопыт супрацоўніцтва з арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі раёна. А працуюць у нас сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Калектыў цэнтра банкаўскіх паслуг на сённяшні дзень налічвае 16 чалавек. І, акрамя кліентаў, галоўным капіталам банка з’яўляецца наш калектыў — супрацоўнікі і ветэраны. Выдатна адладжаны механізм работы і прафесіяналізм работнікаў — гэта галоўная каштоўнасць, якая дазваляе нам на працягу многіх гадоў утрымліваць лідзіруючыя пазіцыі на рынку банкаўскіх паслуг. Кожны дакладна і якасна выконвае свае служовыя абавязкі. А разам мы — адна каманда. У 2018 годзе 25-гадовы юбілей сваёй прафесійнай дзейнасці ў нашым калектыве адзначыла вядучы спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Жанна Уладзіміраўна Грыц. Па 20 год у цэнтры банкаўскіх паслуг працуюць вядучы спецыяліст па продажу рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг на адкрытым працоўным месцы Наталля Пятроўна Свяцкая, спецыяліст па продажу рознічных банкаўскіх прадуктаў 1 катэгорыі Алена Францаўна Васюковіч і галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Святлана Вячаславаўна Рудак. Усе гэтыя жанчыны — незамянімыя на сваіх участках работы спецыялісты, на кожную з іх ускладзена вялікая адказнасць. Трэба адзначыць, што банк — вельмi сур’ёзная структура, таму і працаваць у нас застаюцца самыя надзейныя i кваліфікаваныя спецыялiсты, якiя могуць ажыццяўляць банкаўскiя аперацыi без пэўнай ступенi рызыкi. У цяперашні час работа нашага цэнтра банкаўскіх паслуг накіравана на тое, каб працаваць непасрэдна з насельніцтвам: акрамя ажыццяўлення нашых асноўных банкаўскіх паслуг, яшчэ знаёмім шаркаўчан з нашымі новымі прапановамі, па-ранейшаму вучым людзей карыстацца інфакіёскамі, ажыццяўляць безнаяўныя плацяжы. Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, без выключэння, работнікам за іх энтузіязм, энергію, добрасумленнае стаўленне да працы, здольнасць быць лепшымі не толькі ў працы, але і ў грамадскім жыцці. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
|
|