12 снежня ва ўрочышчы Горкі прайшлі вясёлыя, шумныя, энергічныя зімовыя гульні, якія арганізаваў для ўсіх жадаючых прыняць у іх удзел раённы фізкультурна-спартыўны комплекс “Здароўе-7”.
Іх смела можна назваць святам снегу. Пачынаючы з 12 гадзін светлага суботняга дня, які выдаўся, для радасці ўсіх удзельнікаў масавай дзеі, і не дужа халодным, і ў той жа час не слотным, на аблюбаваную аматарамі здаровага ладу жыцця пляцоўку пачаў сцякацца народ. У адзіночку, парамі, а ў большасці сем’ямі, шмат хто з малымі дзеткамі, некаторыя са сваімі лыжамі або іншым рыштункам для катання, напрыклад, надуўнымі цюбінгамі, санкамі, але арганізатары мерапрыемства ў дастатковай колькасці прадастаўлялі лыжы напракат, і людзі з удзячнасцю карысталіся гэтай бясплатнай паслугай, якая прадастаўляецца і ў любы іншы дзень. Акрамя катанняў па лыжнай трасе і з горкі (гэтае відовішча было ці не самым захапляльным), ганцаўчане з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў гульнях (спаборнічалі ў кіданні гумавых кольцаў, цаляючы так, каб яны нанізваліся на спецыяльныя пласцікавыя наканечнікі, у майстэрстве валодання мячом і г.д.), папросту весяліліся, а найменшых дзетак вучылі ўпраўляцца з лыжамі, бо гэта ж для пачынаючых цэлая навука.
Удзел у свяце, прычым самы непасрэдны – не толькі як кіраўнікі, але і як звычайныя адпачываючыя, прынялі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Вітальевіч Сарокаў, начальнік ідэалагічнага аддзела Віктар Міхайлавіч Супрун, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталля Кандратовіч… Па меры прыбывання новых і новых удзельнікаў цікавіўся, адкуль яны даведаліся пра свята здароўя. Прыемна было чуць, што адны з іх рэгулярна праводзяць тут вольны час, а выхадны суботні дзень для гэтага самы спрыяльны, як і нядзеля, а другія – што прачыталі інфармацыю і запрашэнне паўдзельнічаць у мерапрыемстве ў райгазеце і на яе сайце, таму і паспяшаліся, каб не ўпусціць момант – падмацаваць сваё здароўе і здароўе дзяцей у такой вясёлай і дружнай кампаніі аднадумцаў. А Ала Аляксандраўна Пупач разам з 10-гадовай унучкай Кацяй прыхапілі з сабой яшчэ і любімага сабачку Боню, які цешыў усіх і сам з задавальненнем куляўся ў снезе, апрануты ў яркую зімовую куртачку. Дырэктар музычнай школы Іван Чарнецкі з жонкай Вольгай Уладзіміраўнай, урачом-тэрапеўтам ЦРБ і вялікім аматарам спорту, змалку прывучаюць сыночка Марка да заняткаў лыжамі ды канькамі. Яны – частыя наведвальнікі Горкі ды іншых падобнага кшталту аб’ектаў. Віталь і Алена Ішчанка з дачушкай Евай, убачыўшы перад сабою аб’ектыў фотаапарата, паведамілі, што яшчэ ні разу не траплялі на старонкі газеты, і былі б рады пабачыць на іх сябе. Максім Малафей з сынам Антонам пастаянна прыходзяць на горку, любяць яны не толькі снег, але і лёд. А на цёплы перыяд года ў іх “на ўзбраенні” ролікавыя лыжы ды канькі, так званыя ролеры. Тое самае пачуў і ад Дзяніса і Юліі Грыгор’евых, якія прыйшлі на свята з сынам Глебам і дачкой Эвелінай, Валерыя і Вікторыі Бецька з маленькім Захарам і старэйшай Златай… І такіх сем’яў тут было дзясяткі і дзясяткі.
Так што свята цалкам мае права называцца сямейным. Хаця яно ж і агульнаграмадскае, бо ў ім прымалі ўдзел усе жадаючыя любога ўзросту.
Па выніках конкурсаў пераможцамі аказаліся ўсе ўдзельнікі. А самыя спрытныя з юных “снежных спартоўцаў” атрымалі ў якасці ўзнагарод яшчэ і салодкія падаруначкі.
Анатоль КРЭЙДЗІЧ.