Байлюкі. 21.by

Байлюкі

14.01.2019 — Разное | Радзiма  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Радзiма

Заканчэнне

Крыху пазней прывёз настаўнік у школу падручнік, і навучанне зрабілася яшчэ цяжэйшым. Цяпер мусілі завучваць сказы, “і гэта была сапраўдная мука, бо мы нічога не разумелі. Прыкладам: “в поле пашут на быках” азначала “ў полі аруць валамі”, “плотник заколотил гвоздь” — “цясляр забіў цвік”. Часта здараліся выпадкі, што й настаўнік не разумеў тэксту. Прыпамінаю такі сказ: “мать разожгла огонь на шестке”. Настаўнік тлумачыў сказ гэтак: “разжигать” — значыць распальваць, “огонь” — гэта агонь, але пры чым тут шост? У такіх выпадках нас выручаў дзядзька… ён ведаў, што “шесток” — гэта прыпечак, “костер” — вогнішча, “длина” — даўжыня, “прыгнуть” —  скочыць…” Гэтак навука цягнулася амаль цэлую зіму, а пад канец зімы настаўнік пачаў вучыць з дзецьмі вершы, як ён казаў, “сцішкі”, і гэта было таксама зусім нялёгка. Апрача разумення слоў і сказаў, вялікай цяжкасцю і перашкодай для малых беларусаў было вымаўленне нязвыклых гукаў.

“Пад весну, у Велікодны пост, прыехаў да нас у вёску святар, якога ў нас называлі бацюшка Сямёнаў, — працягвае ўспаміны Яўхім Кіпель. — Ён праверыў, ці ведаем мы малітвы, папытаўся, як мы хрэсцімся, чаму складаем тры пальцы пры хрышчэнні. Усё гэта за зіму мы навучыліся. Бацюшка нас усіх пахваліў і сказаў, каб мы рыхтаваліся да споведзі. Прыблізна за месяц да таго, як ісці ў царкву спавядацца, прыехаў у Байлюкі брат нашага настаўніка Сямён Шулякоўскі, які скончыў настаўніцкую семінарыю ды быў недзе настаўнікам. Ен арганізаваў з нас хор і навучыў спяваць колькі царкоўных песняў”.

Споведзь мелася адбыцца ў суседнім сяле Клетнае, дзе была старэнькая царква. “У тую царкву й павёў нас настаўнік да споведзі. У часе абедні мы спявалі, і гэта зрабіла вялікае ўражанне: “Пабачце, вунь што за зіму навучыліся! Аж у царкве могуць спяваць!” — гаварылі сяляне. Таму, што мы нешта навучыліся, за прыкладам нашай і суседнія вёскі хутка адчынілі школы граматы ды таксама на свой кошт”.

На другую зіму дзяцей вучыў ужо іншы настаўнік. Перш-наперш ён загадаў купіць у Глуску кніжку, якая называлася “Северо-Западный край”, і з ёй “прыйшлі яшчэ большыя клопаты” —  вучні зусім нічога не разумелі. Разам з чытаннем гэтай кніжкі дзеці вучылі табліцу множання, арыфметычныя дзеянні “і пад канец зімы сталі развязваць задачкі па задачніку Яўтушэўскага”. А на трэці год павезлі ўсіх у Глуск, у народнае чатырохгадовае вучылішча, загадчыцай якога была Надзея Аляксандраўна Савіч, памочніцай — яе сястра Клаўдзія.

Дзяцей з Байлюкоў пасялілі ў інтэрнат. Харчы ім дастаўлялі з дому. У школу хадзілі ў лапцях. Хаця ўсе мелі боты, надзявалі іх рэдка — бераглі. Так вучыліся дзеці з Байлюкоў аж да рэвалюцыі, а пасля адкрылі пачатковую школу ў Новаандрэеўцы, што за адзін кіламетр ад Байлюкоў. Туды хадзілі малыя дзеці, а ўжо ў сярэднія класы выпраўляліся ў Клетнае. Пазней, калі школу ў Новаандрэеўцы закрылі, то дзеці з Байлюкоў хадзілі вучыцца ў Клятнянскую школу.

Уся вёска — дзесяць чалавек

У 1970 годзе ў Байлюках жыло 136 чалавек. Працавала радыё, была праведзена электрычнасць, а адсюль з’явіліся ў жыхароў і тэлевізары, і пральныя машыны… У мястэчка, якое стала пісацца гарпасёлкам, дабіраліся ўжо не на конях ці пешшу, а рэгулярна недзе да дзевяностых гадоў хадзіў аўтобус. Вось толькі з цягам часу моладзь пачала раз’язджацца ды наладжваць сваё жыццё ў гарадках ці вялікіх гарадах. Калі ў 1986 годзе ў Байлюках налічвалася яшчэ 83 жыхары і 39 гаспадарак, то праз дзесяць год — 32 жыхары і 21 гаспадарка. А зараз “уся дзярэўня — 4 жанчыны і шэсць мужчын”, так апавядае стараста вёскі Мікалай Іосіфавіч Касько.

Знаходзіцца вёска Байлюкі на поўдзень ад Глуска. Вуліца ў Байлюках адна, а вось розных адметных мясцін з цікавымі назвамі і ў вёсцы, і ў ваколіцы нямала. Частка вёскі ў самым пачатку па-мясцоваму мае назву “на палянцы”, а з другога краю вёскі — “рэзкі”. З правага боку каля могілак, дзе вялікая ліпа, месца завецца “ля карчмы”, у даўнія часы там сапраўды стаяла карчма. Ёсць тут мясціна з назвай “гарэлы мох”, дзе растуць буякі, “малыя градкі”  і “вялікія градкі” — там вяскоўцы бяруць ягады і грыбы, “разноціны” — ой, там багата ягад, а за імі балота “гала”, дзе заўсёды было шмат журавін. Поле, як ісці на Новаандрэеўку, — “дубы”, ёсць палі “селішча” і “за сараямі”. Хвойны лес “вялікія Гацкі” і ўрочышча “малыя Гацкі” каля кар’ера, а яшчэ ёсць Лук’янава палянка ў лесе, Гаўрылава палянка і Піліпава. Поле “белыя лужы” знаходзіцца за байлюцкім кар’ерам.

Байлюцкі кар’ер

Байлюцкі кар’ер размешчаны ў лесе, паміж вёскамі Малінава і Байлюкі. Гэты кар’ер, як успамінаюць байлюкоўцы, быў яшчэ і да вайны, невялікі такі. Пасярод лесу ўзвышаўся ўзгорак, у ім была выкапана не надта глыбокая ямка, з якой дзеля сваіх патрэб насельніцтва навакольных вёсак капала і жоўты пясок, і жвір. Пасля вайны, калі пачалі будаваць дарогу Глуск — Акцябрскі, з Бабруйска сюды на працу накіравалі вадзіцеляў разам з машынамі. Кватаравалі яны па хатах у байлюкоўцаў. Жылі ў Курлянчыхі Валі, Сапегі Міхалкі, Фені… Начальнік з Бабруйска, Коля Алексенка, таксама тут жыў.

Капалі ў той час жвір з кар’ера ўручную рыдлёўкамі, уручную ж, рыдлёўкамі, грузілі на машыны. З гэтай нялёгкай працай спраўляліся не толькі мужчыны, тут працавала багата і дзяўчат з Замасточча ды іншых навакольных вёсак. З Байлюкоў на кар’еры працавалі Марыя Дамашэўская, Валянціна Кіпель — гэта каго ўспомнілі вяскоўцы, а так, хутчэй за ўсё, было і болей. Дзяўчаты таксама жылі па хатах. Уся дарога, што на Акцябрскі, зроблена рыдлёўкамі ды рукамі моладзі.

Калі ж пачалося будаўніцтва шляху Глуск — Любань, то ўжо з’явіліся самазвалы і нават быў адзін “КамАЗ”. Капалі з кар’ера жвір ужо экскаватарам, даўжыня троса якога была 17 метраў. На экскаватары працаваў Мітрафанаў з Глуска, а яго памочнікам быў Віктар Аркадзевіч Кіпель. На гэтыя дарогі жвіру з байлюцкага кар’ера выбралі багата. І калі ён добра паглыбіўся ды й у шырыню стаў ладны, то з дна пачала выступаць вада. Тады жвір пачалі адразу выкідаць на бераг, а калі вада сцякала, грузілі экскаватарам на машыны. Вады ж прыбывала ўсё болей,  каб яна сцякала, пракапалі канаву ў раку Дакольку. (Яна і зараз ёсць, гэта канаўка, але каля самога возера вельмі зарасла.) І нават помпы паставілі, каб тую ваду адпампоўваць, але браць будаўнічы матэрыял станавілася ўсё больш цяжка і нявыгадна. Вада месцамі біла з зямлі крыніцай і затапляла паверхню. Адразу ўтварылася невялічкае азярцо, у якім вада пастаянна прыбывала і прыбывала. Жвір браць перасталі.

Вада ў возеры, якое ўтварылася на месцы кар’ера, чыстая, але дно няроўнае. Як чэрпаў коўш экскаватара жвір, так і засталіся ямы. Глыбіня возера-кар’ера — ад двух да трох метраў, месцамі і глыбей. Дзесьці ў 1990-я абмяркоўваўся план, як выраўняць дно возера — паставіць пушку на 200 літраў, вычарпаць ваду… Але спецыялісты параілі гэтага не рабіць: крыніцы маглі забіцца глебай і возера знікла б.

Паступова байлюцкае возера стала вельмі папулярным не толькі ў мясцовых, але і ў глушчан. Летам, як пачынаўся сезон адпачынку, возера станавілася прыцягальным, асабліва для моладзі. Плошча возера складае каля двух гектараў. Вакол возера пясчаныя берагі — з пяску, што выбіраўся з кар’ера. Чыстае возера пасярод хвойнага лесу ўяўляе сабой маляўнічую карціну. Як кажуць, сама прырода зрабіла выбар, стварыўшы для чалавека месца адпачынку. Рашэннем Глускага райвыканкама возера каля вёскі Байлюкі было афіцыйна зацверджана як зона адпачынку “Байлюкі”.

Цішыня, свежае паветра, рыбалка. А рыбы ў возеры водзіцца рознай багата. Ніхто спецыяльна возера не зарыбляў, хутчэй за ўсё, рыбу сюды перанеслі птушкі — гусі, качкі, якія сілкуюцца рыбай, ікрынкі на лапах ды на пер’ях мо дзе прыліплі, ды і з памётам таксама. Вось і рыба з’явілася. Шашлык, чыстая вада, якая, кажуць, бліжэй да дна вельмі халодная, нават у спякотнае надвор’е, чыстае паветра… Дзе ж знойдзеш лепшы адпачынак “вдали от шума городского”? Дзеля гэтага Глускі лясгас, які быў зацверджаны адказным за гэтае прыгожае месца, зрабіў багата. Вакол возера былі ў свой час узведзены альтанкі, ёсць прыбіральні, для аматараў шашлыка таксама маецца ўсё неабходнае. Кожны год напярэдадні сезона адпачынку санітарная служба правярае ваду з возера, і яна адпавядае патрэбным нормам. Цудоўнае возера, яно павінна быць і прадстаўлена цудоўна. Вакол зоны адпачынку стаяць розныя інфармацыйныя шыльды: што купацца нельга, а толькі адпачываць на берагах, што вядзецца відэаназіранне, указаны нумары тэлефонаў для сувязі… Думаецца, што прыгожы, здалёку бачны шчыт на слаўкавіцкім шляху таксама павінен быць, каб, калі едзеш, не ўглядацца, дзе гэта тут павінна быць паваротка на палявую дарогу, якая прывядзе на возера.

Вось так існуюць побач вёска і возера з аднолькавай назвай. І, магчыма, каб не гэтае возера, то многія жыхары і не ведалі б, што ёсць на Глушчыне невялікая лясная вёсачка з загадкавай назвай Байлюкі.

Іна КІРЫНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне Крыху пазней прывёз настаўнік у школу падручнік, і навучанне зрабілася яшчэ цяжэйшым. Цяпер мусілі завучваць сказы, “і гэта была сапраўдная мука, бо мы...
 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях

Свежие газеты



Партнёры

© 2004-2019 21.by
Яндекс.Метрика