Ганна Янкута і Кот Шпрот у Брэсце!
25.03.2019 16:50
—
Разное
|
25 сакавіка 2019 г. ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Горкага адбылася сустрэча з перакладчыкам, дзіцячым пісьменнікам і літаратурным крытыкам Ганнай Янкута (г. Мінск). Дарослай грамадскасці Ганна вядома як перакладчык гісторый пра Шэрлака Холмса, паэзіі і прозы Эдгара Алана По, Дыкенса, Уолпала, Джэйн Остэн і іншых вядомых пісьменнікаў. А дзеці ведаюць Ганну як аўтарку цікавай кнігі на беларускай мове «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Шпрот — сімпатычны інтэлігентны кот, які жыве у Мінску, любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах. Аднойчы Шпрот знаёміцца з прывідамі і разам з імі расследуе містычна-дэтэктыўную гісторыю знікнення мышэй у парку атракцыёнаў. І вось, нарэшце, кот Шпрот, яго незвычайныя сябры - прывіды Мара і Жан-Жах, спадарыня Мыш і Ганна Якута ў Брэсце! Цудоўная кампанія, праўда? (Але ж прывідаў мы так і не пабачылі: на тое яны і прывіды, каб не паказвацца людзям. Спадзяёмся, што яны такі былі на сустрэчы. Па меншай меры, Шпрот нас у гэтым пераканаў). Сярод гледачоў — яблыку няма дзе ўпасці: чытачы бібліятэкі, вучні СШ № 7 і 13, студэнты-філолагі і выкладчыца БрДУ імя А. С. Пушкіна С. Ф. Бут-Гусаім, бібліятэкары і проста аматары якаснай беларускай кнігі! Сустрэча была вельмі насычанай: чытанне ўслых урыўка з кнігі, гульні ў перакладчыкаў і ў «веру — не веру», пераапрананні ў Шпрота і прывідаў! Спадарыня Ганна раскрыла таямніцы, як яна прыдумляла кнігу, і расказала пра Лілію Давыдоўскую, мастачку-ілюстратарку выдання, якая зараз жыве ў Каіры. Усе разам мы далі імёны мышкам, што загадкава зніклі ў мінскім парку, станцавалі танец Ката і нават пачаставаліся фірменным маннікам спадарыні Мышы. Час праляцеў вельмі хутка і весела. Будзем з нецярпеннем чакаць працяг гісторый пра незвычайнага ката і сустрэчу з яго сяброўкай-аўтаркай Ганнай Янкута! Міхайлава В. А., загадчыца аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва
Главная
| Новости
| Газеты
| Бизнес Инфо
| Справки
| Знакомства
| Знакомства2
| Гороскоп
| Анекдоты
|
© 2004-2020 21.by
|