Аляксандр Халаеў — няскораны патрыёт Радзімы. 21.by

Аляксандр Халаеў — няскораны патрыёт Радзімы

08.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

75-LET-OSVOBOZhDENIYa-VITEBShhINY1 ліпеня 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена Шаркаўшчына. У скверы на плошчы 1 Мая ўстаноўлены абеліск, на ім напісаны словы “… вызвалена войскамі 44-й мотастралковай брыгады… пад камандаваннем гвардыі палкоўніка Халаева Аляксандра Іванавіча”.

У сярэдзіне 1970-х гадоў вучні Шаркаўшчынскай сярэдняй школы вялі перапіску з сям’ёй Халаевых. З пісьмаў бачна, якім быў гэты чалавек. Адданы Радзіме, народу, на розных этапах жыцця краіны ён абараняў яе інтарэсы. Каб паўней даведацца біяграфію гэтага чалавека, мы змяшчаем два лісты, якія больш чым 40 год назад атрымалі шаркаўшчынскія вучні ад жонкі Аляксандра Іванавіча Ірыны Сямёнаўны Халаевай і ўнучкі Алы Аляксандраўны Пальчыкавай.

Пісьмо першае

“Добры дзень, дарагія рабяты!

Ад усяго сэрца дзякую вам за цёплае пісьмо, за светлую памяць пра майго мужа. Мілыя мае дзяўчынкі і хлопчыкі! Будзьце заўсёды мужнымі, любіце Радзіму так, як яе любіў Аляксандр Іванавіч.

Ён мне шмат расказваў пра Беларусь, сам захапляўся адвагай беларускіх партызан.

Дарагія рабяты! У жыцці Аляксандр Іванавіч быў выключна сціплы, чулы і спагадлівы чалавек, палымяны патрыёт Радзімы. А ў сям’і — ласкавы і клапатлівы бацька. Паважаны і аўтарытэтны сярод калег па рабоце.

Дзяцінства яго было цяжкім. Нарадзіўся ў беднай сям’і, рана застаўся сіратой. Батрачыў у кулакоў на кавалак хлеба. У гады грамадзянскай вайны добраахвотнікам пайшоў у партызаны. І да апошніх сваіх дзён служыў Радзіме да канца.

Жадаю вам поспехаў у вучобе, шчасця ў жыцці!

З павагай, Ірына Сямёнаўна Халаева”.

Пісьмо другое

“Добры дзень, дарагія рабяты!

Піша вам унучка Аляксандра Іванавіча Ала (цяпер, праўда, ужо Ала Аляксандраўна). Я працую настаўніцай у сельскай школе непадалёк ад Казані. Пішу вам ад усёй нашай вялікай і дружнай сям’і. Дзякую вам за тое, што вы разумееце: сваім светлым сёння і яшчэ больш радасным заўтра вы абавязаны пакаленню нашых бацькоў і дзядоў.

Для мяне, для ўсіх нас дзядуля — сімвал воіна-вызваліцеля. У 18 год, калі маладыя людзі толькі ўступаюць у самастойнае жыццё, ён ваяваў на Далёкім Усходзе супраць белагвардзейцаў, японскіх інтэрвентаў.

У 1921 годзе закончыў ваенную школу. І зноў ваяваў, быў камандзірам кулямётнага ўзвода ў Ціхаакіянскай дывізіі. Затым служыў начальнікам пагранічнага атрада на станцыі Градзекава, удзельнічаў у ваеннай кампаніі супраць японскіх самураяў на возеры Ханка і рацэ Халхін-Гол у 1939 годзе.

Не ўсё яшчэ было спакойна на ўсходніх граніцах, а на захадзе ўжо збіраліся незлічоныя фашысцкія орды. І яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзядуля ўдзельнічаў ва ўмацаванні абароннай лініі пад Кішынёвам. З першых дзён вайны — на фронце. Пяць разоў быў паранены, тры разы гарэў у танку. Але адступала смерць перад непахіснай воляй да жыцця, верай у перамогу савецкага байца.

У час вайны ён камандаваў 57-й мотастралковай, затым 103-й танкавай быгадамі трэцяга танкавага корпуса. У складзе гэтых брыгад змагаўся на Курска-Арлоўскай дузе. З мая 1944 года па сакавік 1945 — камандзір 44-й Полацкай ордэна Суворава мотастралковай брыгады, якая і вызваляла вашы родныя мясціны, а затым 117-й Унегінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава танкавай брыгады.

У жыцці майго дзядулі і тых членаў нашай сям’і, якія памятаюць вайну, многа знамянальных дат. Адна з іх — 27 жніўня 1944 года. У той дзень па радыё было перададзена паведамленне аб узяцці горада Сеўска 103-й танкавай брыгадай і аб салюце ў Маскве з выпадку гэтай важнай перамогі. Камандаваў брыгадай мой дзядуля. 30 жніўня брыгадзе было прысвоена ганаровае імя “Сеўская”. Закончыў дзядуля свой баявы шлях ва Усходняй Прусіі. Пры ўзяцці Кенігсберга быў цяжка паранены і адпраўлены ў тыл.

За заслугі перад Радзімай і савецкім народам ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Суворава ІІ ступені, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і многімі медалямі.

Ганаруся тым, што я ўнучка чалавека, чыё жыццё — прыклад гераізму. І я стараюся, каб мае вучні раслі такімі ж патрыётамі, любілі і бераглі сваю Айчыну. А вам, юныя следапыты, дзякуй за памяць пра майго дзядулю!

Ала Аляксандраўна Пальчыкава”.

Шуміць вецер у дрэвах зімой, ласкава шапаціць лістотай летам у скверы на плошчы 1 Мая. Любяць прыходзіць сюды матулі са сваімі маленькі дзеткамі ў спякотныя дні, каб схавацца ад сонца ў зацені дрэў. Адпачываюць у скверы на скамейках і людзі сталага ўзросту. Але не кожны ведае прозвішча Халаева, тым больш, яго біяграфію. Аднак кожны поўны ўдзячнасці чалавеку, які прынёс на сцягу сваёй брыгады ў ліпені 1944 года свабоду, мір і шчасце шаркаўчанам.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика