З добрай нагоды завіталі пятага красавіка ў раённую дзіцячую бібліятэку вучні групы падоўжанага дня СШ № 3 – бібліятэкары запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак на літаратурнае свята прымеркаванае да Міжнароднага дня кнігі. Адчувалася, што юныя госці з нецярпеннем чакалі сустрэчы з казачнымі героямі, таму з ахвотаю згадзіліся падзцвердзіць, што яны сапраўды любяць казкі і ўважліва іх чытаюць.
На пытанні вядучай, ды на не звычайныя, а з падвохам, юныя кнігалюбы адказвалі правільна і вельмі ж хуценька, каб ні ў кога не засталося ні граму сумневу, што з кнігай яны сябруюць. Спадабалася рабятам такая праверка – разшумеліся, развесяліся…і раптам ў зале запанавала цішыня, “прабегся” паўшэпт: “ Глядзіце, гэта ж Папялушка прыйшла і яе мачаха”. Уважліва маленькія гледачы назіралі за тым, што адбывалася на сцэне і шчыра спачувалі галоўнай гераіні, над якой здзекавалася мачаха. Таксама перажывалі дзеці за Герду і яе сябра Кая, якога забрала ў свой палон Снежная каралева. Вось такое казачнае прадстаўленне тэатр кнігі “Бураціна” пад кіраўніцтвам Наталлі Наумік падрыхтаваў для юных гасцей.
А якое ж свята ў бібліятэцы без выступлення узорнага лялечнага тэатра “Усмешка” пад кіраўніцтвам Алены Макатрэвіч? На гэты раз артысты тэатра для прагляду маленькім гледачам прапанавалі казку па твору А. Каско “Чорны-калматы ды рагаты, або чыстага ўсё нячыстае баіцца”. Выбухам рогату сустрэлі дзеці чорта – галоўнага героя казкі, – запляскалі ў ладкі, затупалі ад задавальнення, эмацыйна абмяркоўваючы кожнае дзеянне герояў казкі.
Дзякуй актыўным і шчырым гледачам, таленавітым артыстам нашых тэатраў – Мікіце Рагоза, Ілоне Калдушка і Марыі Каралёвай , якія прынялі ўдзел у свяце! Самымі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства вызначаны Іван Манюк, Анастасія Турко , Якаў Грыцкевіч, Кірыл Мелехавец. Сваю заслужаную ўзнагароду адразу атрымаў Іван Манюк. Астатніх пераможцаў узнагароды чакаюць у дзіцячай бібліятэцы.
Свята ўдалося: маленькія госці пакідалі бібліятэку задаволеныя, з добрым настроем і зарадам бадзёрасці.
Спадзяёмся, што ўспаміны аб добрай сустрэчы яшчэ доўга будуць цепліцца ў сэрцах усіх удзельнікаў і гледачоў мерапрыемства.
Аксана Карповіч, загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі.