Весела і пазнавальна прайшоў на мінулым тыдні Сусветны дзень здароўя ў ДУА “Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства”. Асновы бяспечнай жыццядзейнасці маленькія выхаванцы вывучалі разам з бацькамі. Так, валанцёрскі атрад бацькоў “Сэрцайка” правёў акцыі: “Ежа цудоўная, калі бяспечная!”, “Жыццё цудоўнае, калі бяспечнае!”, “Правілы пажарнай бяспекі”, “Правілы дарожнага руху” і ранішнюю зарадку з дзецьмі на вуліцы. У групах адбыліся тэматычныя заняткі, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця.
У гэты ж дзень супрацоўнікі МНС на базе дашкольнай установы адукацыі правялі заняткі па ліквідацыі ўмоўнага ўзгарання і планавую эвакуацыю дзяцей. Па словах спецыялістаў, пры сапраўдным пажары кожная секунда можа каштаваць жыцця, таму вельмі важна, каб да аўтаматызму былі даведзены ўсе дзеянні не толькі ратавальнікаў, але і супрацоўнікаў дзіцячага садка. Дадзены тандэм у вучэбнай надзвычайнай сітуацыі спрацаваў зладжана і аператыўна.
Эвакуацыя дзетак падчас вучэбнай трывогі прайшла аператыўна і без панікі
Пазней для замацавання ведаў дзяцей быў арганізаваны квэст “Дзяцінства цудоўнае, калі бяспечнае!”. На трох тэматычных пляцоўка супрацоўнікі Нясвіжскага РАНС, аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Нясвіжскага РАУС, Нясвіжскага РЦГіЭ і выхавацелі ў гульнявой форме паўтаралі з дзеткамі правілы пажарнай бяспекі і дарожнага руху, гаварылі аб здаровым харчаванні. Рабяты з задавальненнем удзельнічалі ў эксперыментах, конкурсах і віктарынах, адгадвалі загадкі.
Даспадобы маленькім выхаванцам прыйшліся цікавыя эксперыменты
Аб асновах здаровага харчавання расказала ўрач-гігіеніст аддзела гігіены па гігіене дзяцей і падлеткаў Нясвіжскага РЦГіЭ Жанна Чарнова
Правілы дарожнага руху дзецям нагадаў старшы інспектар ДПС АДАІ Нясвіжскага РАУС маёр міліцыі Іван Жыбурт
“Абмундзіраванне” ратавальнікаў змог прымерыць кожны
Па словах загадчыка ДУА “Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” Вольгі Пуляк, мерапрыемства прайшло ў рамках праекта “Дзяцінства цудоўнае, калі бяспечнае!” і было прымеркавана да Сусветнага Дня здароўя, рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе “За бяспеку разам!”.
— Сёння нашы маленькія дапытлівыя выхаванцы прайшлі вельмі насычаны курс па вывучэнні правілаў бяспекі жыццядзейнасці. Разам з гасцямі яны ўспомнілі правілы бяспечных паводзін у дзіцячым садку, на вуліцы і дома, нумары тэлефонаў экстраных службаў, алгарытмы дзеянняў у выпадку ўзнікнення розных надзвычайных сітуацый. Бясспрэчна, самае дарагое ў жыцці — гэта нашы дзеці і ўнукі. І ўсе нашы намаганні, у першую чаргу, накіраваны на тое, каб яны былі жывыя і здаровыя, — падкрэсліла В.І. Пуляк.
Аксана ГРОХ.