Тэма тыдня ад БЕЛТА: Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. 21.by

Тэма тыдня ад БЕЛТА: Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

22.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

4655гнСумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, на якім са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу звярнуўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прайшло 19 красавіка ў Авальнай зале Дома ўрада.

На мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, ВНУ і банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым годзе сярод запрошаных у Авальную залу асабліва шырока была прадстаўлена беларуская грамадскасць. У іх ліку дэпутаты мінулых скліканняў, прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Беларускага саюза жанчын, студэнты ВНУ (у тым ліку прадстаўнікі БРСМ), курсанты ваенных навучальных устаноў, журналісты рэгіянальных СМІ.

Лукашэнка: народ Беларусі прайшоў праз выпрабаванні і стварыў сваю дзяржаву — краіну для жыцця

Народ Беларусі, прайшоўшы праз выпрабаванні, змог стварыць сваю дзяржаву. Гэты факт адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

«Рэспубліка Беларусь з’явілася на карце свету амаль тры дзясяткі гадоў таму. Набыўшы незалежнасць, будавалася і развівалася ва ўмовах найскладанейшых геапалітычных, эканамічных, грамадскіх, рэгіянальных і глабальных трансфармацый. Мы знаходзіліся пад пільнай увагай сусветнай супольнасці. За намі назіралі. Ацэньвалі. Часам навешвалі ярлыкі і ставілі ва ўмовы эканамічнай і палітычнай блакады. Але праз церні санкцый, выпрабаванні сусветнымі крызісамі мы выйшлі да намечаных мэт. У цэнтры Еўропы стварылі сваю краіну. Мірную, стабільную і вельмі прыгожую. Беларусь. Краіну для жыцця», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што за параўнальна кароткі час была выбудавана новая дыпламатычная лінія знешняга ўзаемадзеяння. Беларусь выступіла не толькі ініцыятарам, але і актыўным удзельнікам еўразійскіх інтэграцыйных праектаў. «Змаглі захаваць нейтралітэт адносна вядомых глабальных і рэгіянальных канфліктаў. Звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам да новага шматбаковага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Занялі цвёрдую пазіцыю ў сучаснай геапалітычнай сістэме. Развіваючы адносіны з нашымі стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, ні на крок не адступілі ад прынцыпаў самастойнага прыняцця рашэнняў, якія падпарадкаваны ўласным нацыянальным інтарэсам, але ні ў якім разе не супярэчаць іншым народам і, перш за ўсё, нашым суседзям».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо чвэрць стагоддзя ў Беларусі існуе замацаваная ў Канстытуцыі традыцыя штогадовага звароту Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. «У юбілейны для нашага Асноўнага Закона год мы з вамі сустракаемся ў прывычным, але абноўленым інтэр’еры (размова аб праведзеным рамонце ў Авальнай зале Дома ўрада. — Заўвага БЕЛТА). У будынку, які з’яўляецца летапісам нашай палітычнай гісторыі. Гісторыі станаўлення незалежнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах пераемнасці, справядлівасці і роўнасці перад законам, гатовай абнаўляцца і ісці ў нагу з часам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што менавіта Авальная зала ў канцы мінулага стагоддзя стала сведкай змены эпох, эпіцэнтрам падзей, якія кардынальна змянілі лёс беларускага народа, сталі кропкай адліку навейшай гісторыі краіны: «Тут, у гэтых сценах, была распрацавана і прынята Канстытуцыя краіны. Гэты важнейшы дакумент — квінтэсенцыя беларускай дзяржаўнасці ад яе старажытных крыніц, імкнення нашых продкаў заявіць аб сабе як аб сфарміраванай нацыі да стварэння ўласнай дзяржавы на зямлі, якая па праву нам належыць».

Лукашэнка: у пытаннях суверэнітэту і бяспекі няма месца кампрамісам

«У пытаннях суверэнітэту і бяспекі ў нашай знешняй і ўнутранай палітыцы не было і не будзе месца ніякім кампрамісам. Неаднаразова перажыты вопыт раздзялення беларускага народа і перакройвання граніц прымушае нас высока цаніць сённяшняе адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне непахісная і святая: «Так, наша гісторыя пачалася больш як тысячу гадоў таму, але яна цалкам магла б скончыцца ў 40-я гады мінулага стагоддзя, калі б не гераізм нашага савецкага народа. У дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў мы будзем адзначаць важную для нашай дзяржаўнасці дату. Дату, якая стала сімвалам незалежнасці і свабоды роднай зямлі».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэты знакавы год трэба падарыць краіне яркія мірныя перамогі: «Прыняць маштабныя міжнародныя спартыўныя пяршынствы. Дастойна, як мы ўмеем гэта рабіць, сустрэць шматлікіх замежных гасцей, спартсменаў і балельшчыкаў. І, вядома, мы павінны прадоўжыць ажыццяўляць наш вялікі дзяржаўны праект «Малая радзіма».

«Усё гэта — задачы на бліжэйшую перспектыву. Безумоўна, вельмі важныя для Беларусі.

Але галоўныя прыярытэты — дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка, нацыянальная бяспека.

Гэта тыя тры стаўпы ўпэўненага курсу нашай краіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: любыя спробы пазбавіць Беларусь суверэнітэту атрымаюць магутны народны адказ

«Вы ведаеце, цяпер шмат размоў: вось Беларусь некуды ўключылася, Беларусь падзеляць. Ды немагчыма гэта сёння зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А хто пасмее гэта зрабіць сілай — атрымае магутны адказ ад нашага народа, і перш за ўсё ад тых, хто нарадзіўся суверэнным і незалежным».

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі з’явілася новае пакаленне, якое вырасла ў суверэннай Беларусі. «Нам ёсць што сказаць тым, хто ідзе за намі. З абломка велізарнай імперыі мы стварылі новую дзяржаву. Выбудоўваючы амаль з нуля палітычную, эканамічную, сацыяльную сістэму, можна сказаць, вырасцілі яе, а разам з ёй новае пакаленне — першых дзяцей суверэннай Беларусі. Мы вучыліся быць незалежнымі, свабоднымі, самастойнымі. Яны такімі нарадзіліся. Падкрэсліваю, мы вучыліся такімі быць з вамі, а яны ўжо такімі нарадзіліся. Яны — вытокі нашай новай нацыянальнай ідэнтычнасці», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў моладзі ёсць галоўнае — мірная, прыгожая, незалежная краіна. Ёсць традыцыі, багатая культурная і духоўная спадчына. Ёсць гераічная гісторыя, якой трэба ганарыцца. «Сустракаючыся з маладымі людзьмі, я заўсёды бачу разумных, таленавітых, неабыякавых юнакоў і дзяўчат. Сёння можна і трэба абапірацца на іх веды, інтэлект, смеласць і ў добрым сэнсе дзёрзкасць. Нашы дзеці павінны бачыць і адчуваць, што патрэбны нам, патрэбны сваёй краіне. Мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб яны раскрывалі таленты і ўвасаблялі ў жыццё мары на радзіме, у сябе дома. Асабліва цяпер, калі ў свеце ў прамым сэнсе ідзе бітва за маладыя розумы, калі яны падвяргаюцца магутнаму інфармацыйнаму націску, які разбурае сістэму каштоўнасцей. Мы ведаем, для чаго гэта робіцца», — сказаў ён.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што трэба ствараць як мага больш якаснага маладзёжнага кантэнту ў СМІ. «Не толькі забаўляльнага характару, але і на сур’ёзныя тэмы. Заахвоціць моладзь фарміраваць уласную грамадзянскую пазіцыю, падкрэсліць прыналежнасць да ўсіх важных дзяржаўных падзей. Вялікая роля тут адведзена рэспубліканскаму саюзу моладзі. Вы, як і іншыя нашы грамадскія арганізацыі, — аснова грамадзянскай супольнасці. Менавіта вы павінны быць арыенцірам для сваіх равеснікаў. Не толькі жыць ідэямі, якімі ахоплена сучасная моладзь, але і быць на паўкроку наперадзе», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка заклікаў беларусаў канчаткова ўсвядоміць сваё нацыянальнае адзінства

«Захаваць суверэнітэт, мір, спакойнае стваральнае жыццё на сваёй зямлі — наш святы абавязак. Каб выканаць гэту падораную нам лёсам гістарычную місію, мы павінны канчаткова ўсвядоміць сваё нацыянальнае адзінства», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што менавіта разам грамадзяне ствараюць сучасную гісторыю беларускага народа і ў год 25-годдзя Канстытуцыі могуць з упэўненасцю канстатаваць — Беларусь як незалежная дзяржава адбылася.

«Спавядаючы розныя рэлігіі — мы адзіныя ў веры; гаворачы на дзвюх дзяржаўных мовах — мы адна нацыя; абапіраючыся на вопыт мінулага — разам ствараем і будзем ствараць будучыню. Мы — народ суверэннай Беларусі, моцнай і квітнеючай краіны, міралюбівай і адкрытай усяму свету!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь — краіна таленавітых людзей

«У нашай нацыянальнай культуры заключаны каласальныя духоўныя багацці. Гэта наш духоўны стрыжань. Ён дапамагае захаваць самабытнасць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння, калі звонку навязваюцца нейкія ўсярэдненыя каштоўнасці, якія спараджаюць безгустоўнасць і бездухоўнасць, вельмі важна паказаць гэта багацце, захаваць свае ідэалы, пачуццё ўласнай годнасці. Гэта значыць — захаваць сілу краіны, яе незалежнасць. У Беларусі павінны зрабіць усё для таго, каб зберагчы і прымножыць культурную спадчыну, выхаваць на ёй новыя пакаленні.

«Паглядзіце, колькі талентаў дала Беларусь усяму свету. Беларусь, безумоўна, краіна таленавітых людзей, — сказаў Прэзідэнт. — Умовы для раскрыцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу ў нас створаны. Працуюць розныя фонды і праграмы падтрымкі. Дзяржава ўклала немалыя сродкі ў рэканструкцыю аб’ектаў культуры».

Гаворачы аб турыстычным патэнцыяле краіны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Міністэрству спорту і турызму трэба максімальна выкарыстоўваць яго. «Так, усе ведаюць Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, саборы і музеі Полацка. А як жа Лідскі і Косаўскі замкі, цудоўная архітэктура Пінска і многае іншае?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Гэтыя аб’екты таксама павінны стаць часткай турыстычнага бізнесу, падкрэсліў ён.

Аб эканоміцы

Лукашэнка: эканоміка Беларусі і ў далейшым будзе грунтавацца на развіцці буйных прадпрыемстваў

«Беларуская эканоміка і ў далейшым будзе грунтавацца на развіцці буйных прадпрыемстваў і вытворчасцей. Гэта наш неаспрэчны прыярытэт», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што моцная эканоміка — фундамент паспяховай дзяржавы і за гады незалежнасці ў Беларусі зроблена нямала. Так, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас амаль у 5 разоў, а аб’ём прамысловай вытворчасці — у 2,5 раза.

«Мы не сталі на шлях бескантрольнага перадзелу ўласнасці. Не знішчылі ўсю тую спадчыну, якая стваралася дзесяцігоддзямі на выпаленай пасляваеннай зямлі. Мы яе захавалі і прымножылі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Усё гэта, паводле яго слоў, было дзякуючы працы людзей, якія ў пачатку незалежнасці і пры зарплатах $20 верылі ў Беларусь і аднаўлялі тое, чым сёння ў краіне па праву ганарацца. «Удыхнулі новае жыццё ў прадпрыемствы, якія былі на мяжы страты і разарэння ў пачатку дзевяностых. Многія аб гэтым памятаюць. «Беларуськалій», нафтаперапрацоўчыя заводы, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, БМЗ — гэта далёка не ўвесь пералік. Іх прадукцыю без усялякага перабольшання ведаюць ва ўсіх кутках планеты. Сёння гэта стала нашым нацыянальным здабыткам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь, падкрэсліў Прэзідэнт, не спыняецца на дасягнутым: у краіне ствараюцца новыя ўзоры спецыяльнай тэхнікі, электратранспарту, аўтамабіляў і камплектуючыя да іх, інавацыйная сельскагаспадарчая і ваенная тэхніка.

«Мы прадаставілі дастойныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Справа за ім. Дзейнічайце. Але памятайце, што вакол нашых гігантаў вам заўсёды знойдзецца работа. Гэтым мы вырашым асноўныя задачы: стварэнне новых рабочых месцаў і імпартазамяшчэнне», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што заклікі да развіцця малога і сярэдняга бізнесу часам даюць адваротны эфект: людзі не ствараюць новыя вытворчасці, а займаюцца дробным гандлем. «Нам прыводзяць прыклад: паглядзіце, дапусцім, на Італію. Дык я вам намякну, што ў Італіі сярэдні бізнес стварае ўсё — ад музычных інструментаў да самых сучасных узбраенняў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі вітаюць такі малы і сярэдні бізнес і будуць яго ўсяляк падтрымліваць, аднак не трэба забываць аб прадпрыемствах, якія прыносяць краіне славу і багацце. «Той, хто хоча поўнай незалежнасці ў вытворчасці, займацца дробнымі рэчамі і іншым рамяством, — калі ласка, займайцеся, усе ўмовы ёсць. Але не трэба забываць, што не толькі слава, але і дабрабыт, магутнасць народа ў моцных вытворчасцях», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт: прадпрыемствы не павінны кампенсаваць сваю безгаспадарчасць бюджэтнымі грашамі

Перш за ўсё неабходна павышаць эфектыўнасць работы рэальнага сектара. Савету Міністраў варта прымаць больш дзейсныя меры. Усе суб’екты гаспадарання ў Беларусі знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Курс рубля, працэнтныя стаўкі і іншыя ўмовы для ўсіх адны, а працуюць усе па-рознаму, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Практыку, калі прадпрыемствы імкнуцца кампенсаваць сваю безгаспадарчасць бюджэтнымі сродкамі, трэба спыняць канчаткова».

Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны кіраўнік павінен думаць аб кардынальным павышэнні прадукцыйнасці працы і ў цэлым аб эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемства.

«Іншага шляху павышэння дабрабыту нашых людзей няма», — звярнуў ён увагу. — Рост заработнай платы і прыбытак — галоўныя крытэрыі ацэнкі работы кіраўніка любога ўзроўню».

Лукашэнка незадаволены неапраўдана доўгай мадэрнізацыяй буйных прадпрыемстваў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнія гады ў краіне мадэрнізавана больш за пяцьсот буйных прамысловых прадпрыемстваў. Створаны новыя вытворчасці ў дрэва- і металаапрацоўцы, будаўнічай і тэкстыльнай галінах, фармацэўтыцы, харчовай прамысловасці, якія, паводле слоў Прэзідэнта, сёння працуюць дастойна і эфектыўна.

«Разам з тым выкананне асобных праектаў, мякка кажучы, неапраўдана зацягнулася. Перш за ўсё гэта датычыцца Светлагорскага ЦКК, Добрушскай фабрыкі «Герой працы», завода газетнай паперы ў Шклове, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І па прычыне існуючых акалічнасцей трэба асаблівую ўвагу звярнуць на хутчэйшае завяршэнне мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў, каб мы не хадзілі з працягнутай рукой, нікому не кланяліся, а куплялі, як усе, на сусветным рынку нафту, перапрацоўвалі ў сябе і атрымлівалі пэўны прыбытак. Мы на фінішнай стадыі. Трэба паскарацца».

Ураду даручана завяршыць рэалізацыю асноўных інвестыцыйных праектаў у бліжэйшыя два гады і вывесці іх на эфектыўную работу, забяспечыўшы стапрацэнтную загрузку магутнасцей.

«Беларусь індустрыяльная — наш шлях развіцця. Мэта — стварэнне камфортнага жыцця ў кожным кутку краіны. Прынцыпова важна выключыць усё тое, што сёння стрымлівае эканамічны рост. Для ўрада і Нацыянальнага банка гэта першарадная задача», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка патрабуе ад урада ствараць асяроддзе для здаровай і сумленнай канкурэнцыі

«Для стрымлівання росту цэн патрабую ад урада ствараць асяроддзе для здаровай і сумленнай канкурэнцыі. У асобных манапольных галінах ёсць спробы дыктаваць свае цэны і тарыфы, таму жорстка спыняйце цэнавую змову, выраўноўвайце ўмовы, адмяняйце ўсялякія індывідуальныя льготы, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэту дзяржаўнага кантролю, прафсаюзам і іншым упаўнаважаным дзяржорганам — строга сачыць за тым, каб закон не парушаўся. Прымаць неабходныя меры без дадатковых даручэнняў Прэзідэнта. Рашэнні павінны быць сацыяльна адказнымі».

Даходы насельніцтва, іх рост застаюцца ў ліку прыярытэтных дзяржаўных задач.

У асобных катэгорый работнікаў навукі, адукацыі, аховы здароўя, будаўніцтва ў мінулым годзе вырасла заработная плата. Але, як паказваюць звароты, людзей усё яшчэ непакояць перспектывы яе далейшага росту. Асаблівая ўвага — нізкааплатным катэгорыям работнікаў.

«Урад абавязаны забяспечыць суадносіны сярэдняй заработнай платы ў бюджэтнай сферы і сярэдняй па краіне на ўзроўні не ніжэйшым за 80 працэнтаў», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што прыкладны ўзровень сярэдняй заработнай платы ў памеры $500 дасягнуты. «Добра, калі некалі ў нас будзе $1000, пры той сацыяльнай абароненасці, якая існуе ў краіне. Але гэта задача не толькі і не столькі дзяржавы, колькі самога чалавека, працоўных калектываў, прадпрыемстваў, дзе яны працуюць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы стварылі гэты мінімум ($500. — Заўвага. БЕЛТА). Але за ім засталіся нізкааплатныя слаі. Сацыяльныя работнікі, нянькі, выхавальнікі ў дзіцячых садах і іншыя катэгорыі. Стаіць задача — іх падцягнуць у заработнай плаце. Тыя, хто мае ўжо $500-600, няхай далей рухаюцца самі. Выхавальнік у дзіцячым садзе дадаткова нідзе не заробіць. Гэта мы павінны мець на ўвазе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Зніжэнне ўзроўню занятасці недапушчальнае — Лукашэнка

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на праблему працаўладкавання і магчымасць грамадзян знайсці добрую работу. «Зніжэнне ўзроўню занятасці насельніцтва або скарачэнне колькасці рабочых месцаў недапушчальнае ні па якой прычыне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А ўсе, хто іх стварае, атрымаюць усямерную падтрымку на любым узроўні».

Стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў застаецца прыярытэтнай задачай, за выкананне якой адказвае ўся вертыкаль улады, дадаў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, адным з рашэнняў праблемы занятасці можа стаць мабільнасць рабочай сілы ў межах краіны. «У гэтым пытанні неабходны сістэмныя прапановы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але трэба і самім праяўляць ініцыятыву, каб знайсці сябе на рынку працы».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на магчымасці працаўладкавання людзей з інваліднасцю, якія жадаюць актыўна працаваць, нягледзячы на цяжкасці са здароўем. «Асноўныя задачы тут дзве: стварыць сістэму дадатковых стымулаў для наймальніка, які працаўладкоўвае такіх людзей, і дапамагчы знайсці работу канкрэтнаму чалавеку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я назваў бы яшчэ трэцюю: жаданне ўсіх нас падтрымаць такіх людзей. Упэўнены: калі б на месцах старшыні выканкамаў, сельскіх Саветаў, кіраўнікі гарадоў бачылі людзей з абмежаванымі магчымасцямі (а іх не так ужо і многа ў краіне) і балелі за іх, як за сваіх дзяцей, яны ўсе былі б працаўладкаваны і нармальна жылі».

Лукашэнка: ІТ-сфера не павінна адрывацца ад надзённых патрэбнасцей эканомікі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Парк высокіх тэхналогій характарызуе сучасную Беларусь для ўсяго свету. «Галоўнае не збаўляць набраныя тэмпы росту і не адрывацца ад надзённых патрэбнасцей эканомікі. Магчымасці, здольнасці і распрацоўкі рэзідэнтаў парка павінны працаваць у Беларусі і на Беларусь», — падкрэсліў ён.

«Парк — гэта адзін з праектаў нашай будучыні. Выпрацаваны курс на пабудову ІТ-краіны нязменны», — дадаў беларускі лідар.

Дзяржава зацікаўлена ў актыўным развіцці ПВТ, у тым, каб прыязджалі лепшыя спецыялісты, самыя разумныя і таленавітыя людзі ў гэтай сферы — з Украіны, Расіі, Індыі, краін Еўропы і Амерыкі. «Мы іх вітаем, для іх ствараем ідэальныя ўмовы і будзем гэта рабіць пастаянна. Перакананы, што ім будзе камфортна не толькі працаваць, але і жыць у нашай краіне», — сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым ён упэўнены, што штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека. Гэта пытанне ў тым ліку абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы ў ПВТ. «Так, у нечым машыны, робаты будуць усё далей аддаляць чалавека ад вытворчасці, іншых праблем, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Але якой бы ІТ-краінай ні былі, усё роўна рэальны сектар застанецца ў аснове. Чалавек і чалавечая праца заўсёды будуць запатрабаваны».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што заўсёды будуць паважаць таго, хто ў любой сферы працуе добрасумленна. «Умовы для развіцця дзелавой ініцыятывы і працоўнай актыўнасці створаны. Але, як кажуць у народзе, Гасподзь дае корм птушкам, але не кідае гэты корм у гняздо. Паспяховыя тыя, хто прыкладае ўласныя намаганні, спачатку — у вучобе, затым — у пошуку работы, прафесійнай рэалізацыі ў любым пункце нашай краіны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка не выключае будаўніцтва другой атамнай станцыі пры паспяховай эксплуатацыі БелАЭС

«Калі гэты вопыт удасца, не выключана, што ў будучыні новаму грамадству давядзецца пабудаваць яшчэ адну атамную станцыю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для гэтага месца ў нас ёсць. Яно ўжо вызначана, на ўсходзе (Беларусі. — Заўвага БЕЛТА)».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сам з’яўляецца прыхільнікам электрыфікацыі. «Гэта мы цяпер бачым прафіцыт электрычнасці, пры сённяшніх умовах. Але нам трэба адыходзіць ад залежнасці ад прыроднага газу, нафты і іншых вуглевадародаў. І пераходзіць на электрычнасць», — сказаў Прэзідэнт. Разам з тым на парадку дня застаецца пытанне цаны электраэнергіі. «Ураду пастаўлена задача, і ў бліжэйшы час ён павінен далажыць: які будзе кошт гэтай электрычнасці. Калі ўлічваць, што мы будуем за расійскі крэдыт, які трэба вяртаць, нятаннай будзе электраэнергія. Таму, хутчэй за ўсё, давядзецца даціраваць. Трэба паглядзець, з чаго мы возьмем гэтыя грошы», — абазначыў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусь робіць спробы выкарыстоўваць і іншыя крыніцы энергіі: пачынаючы ад ветракоў, сонечных панэлей і заканчваючы гідраэлектрастанцыямі.

Лукашэнка паставіў асноўныя задачы перад АПК: дыктатура тэхналогій і новыя віды прадукцыі

«Першая задача для сельскай гаспадаркі — самая строгая дыктатура тэхналогій і вытворчая дысцыпліна. На гэта павінны быць мабілізаваны ўсе: пачынаючы ад кіраўніка гаспадаркі, спецыялістаў, заканчваючы нашай міліцыяй. Другая — актыўнае асваенне новых для нас відаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Кожны раён павінен бачыць сваю стратэгію ў гэтай галіне. Мяняецца клімат — мяняецца падыход. Трэба вырошчваць тое, што можна, і менш завозіць з-за меж краіны. Неабходна фінансаваць свайго таваравытворцу, як бы гэта ні было для нас складана», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аснова развіцця сельскай гаспадаркі — буйнатаварная вытворчасць. «І ад гэтага мы нікуды не адыдзем. Гэта мадэль даказала сваю эфектыўнасць», — адзначыў ён і звярнуў увагу на тое, што дзяржаўная падтрымка можа аказвацца не толькі буйнатаварным вытворцам, але і фермерам. Прэзідэнт нагадаў, што пры гэтым буйнатаварныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нясуць велізарную сацыяльную адказнасць. У сваю чаргу фермеры, як правіла, хочуць атрымаць у карыстанне выключна зямлю: «Дайце зямлю, а гаспадаркі не патрэбны… Гэта значыць, не патрэбны сельгаспрадпрыемствы, фермы, комплексы, збожжаток. І самае галоўнае — вёскі і людзі не патрэбны!» — звярнуў увагу ён.

«Сёння буйнатаварныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы адказваюць не проста за людзей у той старой вёсцы, а займаюцца мадэрнізацыяй гэтых вёсак. Мы пабудавалі аграгарадкі па ўсёй краіне — 1,5 тыс. — не без дапамогі гэтых гаспадарак. І яны бралі крэдыты. Яны закрэдытаваны ў тым ліку і па тых напрамках, якія датычацца дзяржавы, сацыяльнай сферы. Яны будавалі там жыллё, дарогі, ФАПы (фельчарска-акушэрскія пункты. — Заўвага БЕЛТА), магазіны, клубы і г.д і сёння ўносяць велізарны ўклад у іх утрыманне», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні глабальны агратрэнд — вытворчасць арганічных прадуктаў выключнай якасці па зялёных тэхналогіях. Ён расказаў, што каля Лагойскага тракту будуецца спецыяльны рынак, які будзе арыентаваны на продаж экалагічна чыстых прадуктаў, каб прывучыць да іх насельніцтва. «У нас ёсць закон «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі». Задача ўрада — распрацаваць дзейсныя механізмы па яго рэалізацыі, таму што абарот гэтых прадуктаў (у свеце. — Заўвага БЕЛТА) перасягнуў ужо $100 млрд, іх рэнтабельнасць вышэйшая за 15 працэнтаў. Гэты рынак будзе расці, і мы ні ў якім разе не павінны ўпусціць такія магчымасці», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь у неапраўдана вялікіх аб’ёмах імпартуе тую агародніну і садавіну, якую могуць вырошчваць у краіне, сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Сёння дзве трэці імпарту мы можам вырасціць на сваёй зямлі. У садовых гаспадарках даўно пара навесці парадак, — заявіў Прэзідэнт і падкрэсліў, што там, дзе неабходна, трэба закласці новыя сады, выкарыстоўваць новыя прадукцыйныя сарты пладовых дрэў і кустоў.

Аб рабоце дзяржапарату

Лукашэнка назваў галоўную задачу для любога кіраўніка

«Канкрэтны чалавек, канкрэтная праблема, канкрэтнае рашэнне. Кожны дзень. Усе абяцанні, дадзеныя народу, павінны быць выкананы. У гэтым формула нашых паводзін, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта задача для любога без выключэння кіраўніка».

Прэзідэнт падкрэсліў, што асноўныя напрамкі развіцця галін, найбольш блізкіх людзям (жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, аграпрамысловага комплексу), вызначаны ў дакументах самага высокага ўзроўню — дырэктывах. «Гэта я адказваю на тыя прапановы, якія ўвесь час гучаць у сродках масавай інфармацыі, у размовах, перагаворах і сацыялагічных апытаннях, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мала таго, што мы правялі сур’ёзныя мерапрыемствы на ўзроўні Прэзідэнта па ўсіх гэтых пытаннях з мэтай выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў, я палічыў неабходным падпісаць дырэктывы па ўсіх іх. Яны абавязковыя да выканання, як закон».

Праводзімая апошнія два гады работа стварыла ўнікальныя магчымасці для эканамічнага развіцця ўсіх сфер грамадства — ад самазанятасці да высокіх тэхналогій.

Лукашэнка: урад і мясцовая ўлада павінны неадкладна рэагаваць на рост цэн

«Калі цэны пачынаюць дзесьці расці, то ўрад, мясцовыя органы ўлады павінны неадкладна рэагаваць. Пры гэтым размова не ідзе аб тым, каб загнуць цэны так, што таваравытворцы або гандаль выйдуць з гэтай сферы, нібыта там усе загінуць, усе будуць стратнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Не трэба нават думаць аб тым, што вось мы ўлезем дзесьці, пачнём рэгуляваць цэны і знікнуць з прылаўкаў прадукты, — не той час», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў абавязкова разабрацца па кожнай канкрэтнай групе тавараў, глыбока ўнікаць у парадак фарміравання цаны на ўсіх этапах і высвятляць, чым выкліканы рост.

Сярэднетэрміновая задача вызначана: неабходна ўтрымліваць інфляцыю ў межах 5 працэнтаў. «Гэта агульная лічба. На ўзроўні асабістага ўспрымання інфляцыя ў кожнага свая. Чалавек мяркуе аб росце цэн не па агульнай спажывецкай карзіне, а па найбольш значных 6-8 пазіцыях тавараў і паслуг свайго штодзённага попыту», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сярод гэтых значных пазіцый — прадукты харчавання. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь забяспечыла экспарт сельгаспрадукцыі больш як на $5 млрд. «Дык чаму не можам па нармальных цэнах накарміць уласны народ? Адна з прычын — загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўрада, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і прафсаюзаў, што скаргаў людзей на непамерны рост цэн па найбольш значных пазіцыях тавараў і паслуг быць не павінна. Тым больш што змяненне цэн на іх адчувальнае для малазабяспечаных катэгорый грамадзян і пенсіянераў. «Цэны павінны быць прымальнымі», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначае палітычную сталасць беларускага грамадства

«Трэба адзначыць, што сярод зваротаў, якія паступілі ў час нядаўняй сустрэчы з экспертнай супольнасцю, журналістамі, шмат прапаноў па развіцці рэгіёнаў. Іх жыхары сапраўды балеюць душой за свой край, прапануюць цікавыя рашэнні па развіцці гарадоў і вёсак. Ёсць ініцыятывы, якія без перабольшвання датычацца будучыні ўсёй краіны, яе далейшага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця: ад ролі прафсаюзнага руху да ўдасканалення заканадаўства і прапаноў па змяненні нашай Канстытуцыі. Радуе тое, што людзі думаюць маштабна, перажываюць шчыра. Безумоўна, гэта сведчыць аб палітычнай сталасці нашага грамадства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, для ўсіх органаў улады такія ініцыятывы — каштоўная зваротная сувязь ад жыхароў. «Па сутнасці, гэта дарожная карта нашых дзеянняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт: неабходна істотна ўзняць якасны ўзровень кіраўніцкага корпуса краіны

«Неабходна істотна ўзняць якасны ўзровень кіраўніцкага корпуса краіны. Ва ўсіх яго звёнах: ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый да дзяржаўных органаў і ўрада ў цэлым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта стратэгічная задача дзяржаўнай кадравай палітыкі на сучасным этапе. «Сёння ад кіраўнікоў патрабуюцца не толькі глыбокае веданне эканомікі, высокі прафесіяналізм і адказнасць за даручаную справу, але і ўменне працаваць з людзьмі, размаўляць з імі. Асаблівую актуальнасць набывае падрыхтоўка кіраўнікоў новай фармацыі, здольных адаптавацца да хутказменлівай эканамічнай сітуацыі», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адным з асноўных напрамкаў у дзяржаўным кіраванні з’яўляецца работа з людзьмі. «Той, хто не любіць, не хоча сустракацца з людзьмі, праводзіць гэтыя нудныя, доўгія прыёмы, — таму ва ўладзе рабіць няма чаго, тым больш у дэпутацкім корпусе. Тут патрэбны выключна высокапрафесійныя, дасведчаныя, адказныя кадры — спецыялісты, кіраўнікі, дзяржслужачыя», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: кожны грамадзянін павінен быць упэўнены, што ён надзейна абаронены дзяржавай

«Кожны грамадзянін павінен быць упэўнены, што ён надзейна абаронены дзяржавай. Гэта задача ўсіх органаў улады», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У першую чаргу гэта мэта ставіцца перад праваахоўнымі і судовымі органамі ўлады. «Прымаючы рашэнні, вы павінны памятаць, што ў вашых руках лёсы людзей. І тут недапушчальныя абыякавасць, фармалізм, некампетэнтнасць. А тым больш — несправядлівасць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, станоўча ацэньваць гэту работу можна будзе толькі тады, калі ў людзей не будзе падставы звяртацца да Прэзідэнта ў пошуках справядлівасці. «На жаль, такія факты маюць месца, іх нямала. Вы ведаеце маё нецярпімае стаўленне да службовых асоб, якія ў сваёй рабоце не звяртаюць увагі на нормы маралі і закону. Такім у нашай сістэме дзяржаўных органаў месца быць не павінна», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым у Беларусі сфарміравана стабільная і прадказальная прававая база, заснаваная на справядлівых законах і правілах, традыцыях беларускай нарматворчасці. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, немалая заслуга ў гэтым цяперашняга і мінулых скліканняў парламента.

Лукашэнка даручыў Генпракуратуры падрыхтаваць комплекс новых антыкарупцыйных мер

«Па маім даручэнні ў мінулым годзе праведзены пасяджэнні аблвыканкамаў па пытанні процідзеяння карупцыі. Мы ўсіх папярэдзілі з нізу да верху. Выпрацаваны канкрэтныя прапановы па павышэнні адказнасці за сітуацыю ў гэтай сферы на ўсіх узроўнях кіравання. Генеральнай пракуратуры, якую я не вельмі бачу ў барацьбе з карупцыяй, — падрыхтаваць комплекс мер па ўстараненні прычын і ўмоў, што спараджаюць карупцыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларускае заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй з’яўляецца адным з самых суровых у плане санкцый, якія прымяняюцца да парушальнікаў. Работа па процідзеянні карупцыйным праявам праводзіцца на сістэмнай аснове, а яе вынікі максімальна адкрыты.

«Але, як паказвае практыка, нягледзячы на вельмі сур’ёзныя меры адказнасці, пакуль яшчэ не да ўсіх дайшла простая ісціна аб катэгарычнай недапушчальнасці хабарніцтва і казнакрадства. Пры гэтым маштаб злачынных схем не можа не насцярожваць і патрабуе ад нас прыняцця дадатковых мер барацьбы з такімі ўчынкамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што важна якасная прафілактычная работа, асабліва ў тых сферах, дзе карупцыйныя рызыкі найбольш высокія. Гэта галоўная задача не толькі для праваахоўнікаў, але і для кіраўнікоў ва ўсіх галінах эканомікі.

Акрамя таго, трэба сфарміраваць у людзей нецярпімыя адносіны да карупцыі ва ўсіх яе формах і праявах, актыўней прыцягваць да дзейнасці па барацьбе з ёй шырокія слаі насельніцтва.

«Попыт на справядлівасць у нашым грамадстве заўсёды быў высокі, і сёння ён не ніжэйшы. Я ўжо прыводзіў Расію, Украіну, суседнія, заходнія дзяржавы, ды і іншыя, дзе на сцягах тых, хто выступае на дэманстрацыях, напісана адно слова — «справядлівасць». Нас Гасподзь навёў на гэты шлях барацьбы за справядлівасць з першых дзён майго прэзідэнцтва. Як бачыце, гэты тэзіс сёння запатрабаваны як ніколі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб сацыяльнай палітыцы

Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць рашэнні аб павышэнні пенсій

«У 2018 годзе тройчы павялічаны пенсіі, іх рост павінен быць і ў 2019 годзе. Даручаю ўраду, не адкладаючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50 працэнтаў, але не ніжэй за 40 працэнтаў, як гэта прынята ва ўсім свеце. «Трэба памятаць, што ад зарплаты тых, хто працуе, залежыць дабрабыт людзей старэйшага ўзросту. Для большасці з іх пенсія — адзіная крыніца даходу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Асобнай тэмай Прэзідэнт адзначыў магчымасць для актыўных пенсіянераў прадаўжаць сваю працоўную дзейнасць. «Нашы пенсіянеры часам выходзяць на пенсію з добрым здароўем, актыўнымі. Трэба даць ім магчымасць працаваць. Гэта вопытныя, таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя», — выказаў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у Беларусі раздзяляльных ліній па ўмовах жыцця быць не можа

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на раўнамерным развіцці тэрыторый. «У нас вельмі кампактная краіна. І раздзяляльных ліній, асабліва па сацыяльна-эканамічных прыкметах і ўмовах жыцця, не можа быць па азначэнні», — сказаў беларускі лідар.

У рэгіёнах пражывае большая частка насельніцтва Беларусі, больш як тры чвэрці зваротаў у час «Вялікай размовы» паступілі з-за меж сталіцы. «Гэта сігналы аб тым, дзе вы недапрацоўваеце. Мы недапрацоўваем. Кожны сігнал знаходзіцца на кантролі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага лідара, задача па скарачэнні разрыву ва ўзроўні і якасці жыцця стаіць не адзін год, аднак яе актыўнага вырашэння пакуль не назіраецца.

«Урад не павінен адхіляцца ад гэтай праблемы, вырашаць яе неабходна цэнтралізавана. Праблемы ўсюды падобныя, таму патрабую ад Савета Міністраў сістэмнай работы. Не трэба паўтараць памылкі мінулага складу. Трэба ўсім нам апусціцца на зямлю і быць бліжэй да людзей. Калі не ведаеш, што рабіць (я часта гавару), — ідзі да людзей, яны табе падкажуць і дапамогуць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі вызначаны ўзроўні рэгіянальнай палітыкі: сталіца, абласныя цэнтры, раёны, аграгарадкі і вёскі. Па кожным напрамку — свая стратэгія. Па 11 буйных гарадах на прыкладзе Оршы павінны быць распрацаваны асобныя праграмы, якія забяспечаць паскораныя тэмпы развіцця. «Ураду, старшыням аблвыканкамаў даю два гады на рэалізацыю гэтых праграм, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Павінен быць вынік, які ў першую чаргу адчуюць нашы людзі».

Прэзідэнт лічыць, што ў рэгіёнах з улікам іх спецыялізацыі неабходна надаць мэтавы характар інвестыцыям для ўзмацнення іх эканамічнага патэнцыялу. «Умовы для развіцця прадпрыемстваў любога маштабу і ўсіх форм уласнасці створаны. Мясцовыя органы ўлады павінны аказваць усямернае садзейнічанне інвестару ў арганізацыі сваёй справы. Усё для гэтага ёсць. Дастаткова дакладна выконваць на месцах існуючыя нормы», — дадаў ён.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на развіцці інфраструктуры. «Камфортныя ўмовы пражывання — вось аснова сацыяльных стандартаў і галоўны крытэрый паспяховага завяршэння рэгіянальных праектаў. Тут пры неабходнасці павінны быць сфарміраваны адпаведныя праграмы будаўніцтва і мадэрнізацыі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Праграма сямейнага капіталу будзе прадоўжана на 5 гадоў — Прэзідэнт

«Трэба будзе рэфармаваць праграму сямейнага капіталу. На гэтыя грошы шматдзетныя сем’і могуць разлічваць пры паўналецці. Гэта правільна. Але паўстала неабходнасць прадаставіць нейкія магчымасці раней і для іншых патрэб: не толькі для адукацыі і жыллёвага будаўніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, рашэнні прыняты, іх трэба выконваць. «І я папрашу ўрад прадоўжыць яшчэ на новы пяцігадовы тэрмін гэту праграму», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Сямейны капітал стаў адной са знакавых мер доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў з 2015 года. Ён назначаецца ў памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. У 2015 годзе было адкрыта амаль 11,6 тыс. дэпазітных рахункаў, у 2016-м — каля 19 тыс., у 2017-м — звыш 16,8 тыс. І ў 2018-м — амаль 15,5 тыс. Грашовыя сродкі прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку — па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і.

Лукашэнка: жыхары малых населеных пунктаў павінны мець магчымасць хутка і якасна атрымліваць меддапамогу

«У жыхароў малых населеных пунктаў таксама павінна быць магчымасць хутка і якасна атрымліваць кваліфікаваную дапамогу. Асабліва ў экстранных выпадках. Пытанні аснашчэння мясцовых устаноў аховы здароўя медыцынскім абсталяваннем, персаналам, даступнасці аказваемых паслуг Міністэрству аховы здароўя ўзяць на асаблівы кантроль», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што поспехі беларускіх хірургаў, якія праводзяць унікальныя аперацыі, «не павінны засланяць ад нас тое, што мы недапрацоўваем там, у вёсках, пасёлках, са старымі». Гэту галіну трэба падцягваць да адпаведнага ўзроўню. «Хоць нашым людзям грэх было б на нешта скардзіцца: сістэма разгалінаваная, устаноўленая. Не хапае адказнасці, а дзесьці, можа, і прафесіяналізму. На гэта перш за ўсё трэба звярнуць увагу», — дадаў беларускі лідар.

«Ініцыятыва «Здаровыя гарады і пасёлкі» павінна перарасці ў маштабны дзяржаўны праект, — сказаў Прэзідэнт. — Усе населеныя пункты краіны, якія прэтэндуюць на званне здаровага горада або пасёлка, павінны атрымаць паўнацэннае здароўезберагальнае асяродзе. Без курэння і алкаголю, са спартыўнымі пляцоўкамі, бяспечнымі ўмовамі жыцця, чыстай вадой і паветрам».

Прэзідэнт: неабходна максімальная інтэграцыя адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці

«Нам неабходна арыентавацца на падрыхтоўку спецыялістаў з улікам рэальных патрэбнасцей дзяржавы. Забяспечыць максімальную інтэграцыю адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці. Перш за ўсё гэта задача Міністэрства адукацыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння сусветнае развіццё вызначаецца прарыўнымі тэхналогіямі, новымі галінамі, якія ствараюць эканоміку ведаў. Нам патрэбны прафесіяналы, якія валодаюць такімі кампетэнцыямі. І займацца падрыхтоўкай такіх спецыялістаў трэба ўжо са школьнай лаўкі», — дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сістэму адукацыі, як школьную, так і вузаўскую, трэба пастаянна ўдасканальваць, развіваць, абапіраючыся на сучасныя тэндэнцыі, але ні ў якім выпадку не ламаць, а рухацца ад меншага да большага, ад простага да складанага. «Гэта маё нязменнае патрабаванне», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння мала даць толькі веды, трэба выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, навучыць яго думаць, выказваць сваё меркаванне: «І пачынаць неабходна з ранняга ўзросту. А да заканчэння школы гэта павінен быць здаровы, усебакова развіты, падрыхтаваны да дарослага жыцця малады чалавек, здольны адказваць за сябе і сваю будучую сям’ю».

Сучаснае пакаленне становіцца дарослым і набывае веды значна хутчэй, чым раней. І гэта патрабуе змянення стаўлення да цяперашніх школьнікаў. «Сёння ў 10-м класе хлопец — гэта ўжо той, якімі былі мы, калі заканчвалі ВНУ і пачыналі працаваць. Інтэрнэт, іншыя сродкі масавай інфармацыі… Жыццё ўзняло чалавека намнога вышэй. За апошнія 10 гадоў наогул касмічны рывок адбыўся ў развіцці чалавецтва. І ўжо не трэба па-старому думаць аб тым, што ў школе ён яшчэ дзіцятка. Ён ужо не дзіця, а грамадзянін нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі прынята рашэнне аб адкрыцці з 1 студзеня 2021 года Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для адораных навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны. Ён звярнуў увагу на неабходнасць распрацаваць празрыстую і эфектыўную сістэму адбору дзяцей для навучання ў тэхнапарку: «Давайце цяпер заявім усяму грамадству, як мы будзем адбіраць 2-2,5 тыс. дзетак, якія будуць там навучацца. Там павінны быць самыя-самыя, вундэркінды. І хто іх будзе навучаць? Гэта павінны быць нашы выкладчыкі, нашы педагогі, таму што яны ведаюць, як трэба выхоўваць і каго трэба гадаваць у Беларусі». Важна, каб у рабоце айчыннага парка ўлічваўся замежны вопыт, у прыватнасці расійскага парка «Сірыус».

Гаворачы ў цэлым аб сістэме адукацыі, кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў яе эфектыўнасць, адзначыў поспехі ў падрыхтоўцы навучэнцаў: «З году ў год нашы школьнікі і студэнты паказваюць высокія вынікі на розных міжнародных конкурсах і алімпіядах. Расце экспарт адукацыйных паслуг. Да нас за ведамі едуць іншаземцы, жыхары ста васьмі краін свету, прытым развітых краін, дзе ВУП на душу насельніцтва значна большы, чым у Беларусі». Прэзідэнт прывёў у прыклад Турцыю, дзе нядаўна знаходзіўся з візітам. Беларуская адукацыя запатрабавана сярод туркаў, яны ўжо навучаюцца ў нашай краіне і хацелі б накіроўваць сюды больш навучэнцаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў перакананне ў тым, што няма неабходнасці штучна нагнятаць праблемы ў галіне навучання, асабліва адносна выкладання на беларускай і рускай мовах. «Заўважаю: зноў пайшла гэта моўная хваля. Я ж вас прасіў: не ўзнімайце гэта пытанне наогул, яно закрыта ў Беларусі. У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, — сказаў ён. — Калі нехта хоча страціць розум, ён страціць рускую мову. Калі хоча страціць сваё сэрца, ён страціць беларускую мову. Што вы хочаце страціць: розум ці сэрца?»

Лукашэнка: ініцыятыва грамадзян павінна стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны

«Чалавек, яго ініцыятыва і імкненне жыць лепш павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны на наступныя гады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, неабходна актыўней уключаць у сістэму кіравання дзяржавай моладзь. «Своечасова разгледзець сярод спецыялістаў найбольш перспектыўных кіраўнікоў — з лідарскімі якасцямі, тых, хто хоча працаваць, чые думкі і ідэі сугучныя з мэтамі і задачамі развіцця краіны, у каго гараць вочы. Там, дзе ёсць дасведчаны і працуючы з поўнай аддачай кіраўнік, ёсць і вынік», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што грамадскія арганізацыі, у прыватнасці «Белая Русь», павінны больш актыўна ўдзельнічаць у падборы кадраў. «Трэба смялей са сваіх радоў і не толькі сваіх падбіраць моладзь, рэкамендаваць і разам з нашай маладзёжнай арганізацыяй выштурхоўваць наверх гэту моладзь. У нас няма кампартыі, якая займалася калісьці гэтымі пытаннямі, і як займаюцца на месцах гэтай работай выканкамы (я гэта бачу). У гэтым ёсць сур’ёзная дзяржаўная праблема. Але пакуль народ не вылучыў, не стварыў нейкую партыю, у нас ёсць апора: прафсаюзы, «Белая Русь», маладзёжныя, жаночыя арганізацыі ў рэшце рэшт, і ветэраны падкажуць — вось яна грамадзянская наша супольнасць. Але гэта грамадзянская супольнасць сама павінна варушыцца, не толькі плакацца, што недзе крыжы знеслі. Няма больш у вас праблем. Вы разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў фарміраванні кадраў вельмі важную ролю адыгрывае адукацыя. «Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце павінна фарміраваць нацыянальную кіраўніцкую эліту, нацэленую на правядзенне сацыяльна арыентаванай эканамічнай палітыкі ў інтарэсах народа і дзяржавы, і галоўнае — перадаць ім вопыт і набытыя веды старэйшых пакаленняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: гарады Беларусі павінны патанаць у зеляніне і кветках

«Прыродны ландшафт Беларусі — наша багацце і гонар. Але і гарады, асабліва жылыя масівы, таксама павінны патанаць у зеляніне і кветках. У бягучым годзе неабходна завяршыць у асноўным работу па добраўпарадкаванні і азеляненні краіны. Гэта лейтматыў другога года трылогіі «Малой радзімы». Чысціня і эстэтыка — гэта не проста наш брэнд, гэта стыль жыцця. У рэшце рэшт, гэта ж здароўе людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ўсім беларусам неабходна актыўней удзельнічаць у азеляненні, высадцы дрэў. «Мы ўсе без выключэння адказныя за навядзенне парадку і яго падтрыманне. Усе павінны падключыцца да гэтай работы — мясцовыя ўлады, арганізацыі, прадпрыемствы, установы і, вядома, самі жыхары. Няма сумненняў у тым, што нашы людзі сапраўды адчуваюць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, любяць сваю малую радзіму», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб знешняй палітыцы

Лукашэнка: напружаны дыялог ЗША, Кітая, Індыі і Расіі стварае некамфортную рэальнасць для ўсяго свету

«Новую рэальнасць, мякка кажучы, некамфортную для ўсёй сусветнай супольнасці, стварае напружанасць палітычнага дыялогу буйнейшых сусветных дзяржаў — ЗША, Кітая, часткова Індыі і Расіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ламаюцца механізмы глабальнага стрымлівання, а намер ЗША выйсці з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці пагражае непрадказальнымі наступствамі, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Нас не можа не хваляваць узмацненне ваенных сіл НАТА і ЗША ў суседніх дзяржавах. Гэта рэаліі, якія патрабуюць умацавання баявой моцы Узброеных Сіл Беларусі, прыняцця мер для забеспячэння нашай бяспекі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь, удасканальваючы абараназдольнасць, наколькі магчыма развівае ўзаемадзеянне ў фармаце АДКБ, прымае ўдзел у манеўрах, павышае эфектыўнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў. Сумесна з галоўным саюзнікам краіна рыхтуецца да правядзення беларуска-расійскага вучэння «Шчыт Саюза — 2019».

Лукашэнка: сусветны гандаль становіцца заложнікам палітычных манеўраў

«Мы не валодаем вялікімі запасамі сыравінных рэсурсаў, таму тым больш павінны рабіць стаўку на экспарт высокадаходных тавараў і паслуг. Але сёння мала проста выпусціць добры тавар і знайсці рынак збыту. Сусветны гандаль, на жаль, становіцца заложнікам палітычных манеўраў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Мінулы год Прэзідэнт назваў годам гандлёвых войнаў. «І ў гэтым годзе яны прадаўжаюцца. Гэта не толькі санкцыйнае процістаянне. Выкарыстоўваецца шырокі арсенал недапушчальных мер — націск, дыскрымінацыя, шантаж, забароны, — звярнуў ён увагу. — Некаторыя краіны ўвялі аднабаковыя абмежаванні ў гандлі нават у адносінах да сваіх важнейшых, бліжэйшых знешнеэканамічных партнёраў. У тым ліку, як вы ведаеце, і ў адносінах да Беларусі».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, важнейшай задачай для краіны застаецца развіццё экспарту. «Пры гэтым высокая доля знешнегандлёвага тавараабароту не толькі прыносіць плён, але і фарміруе рызыку залежнасці ад знешняй кан’юнктуры», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Таму так важна знайсці свае нішы на сусветным рынку, выпускаць тавары і аказваць паслугі, якія маюць устойлівы попыт, высокую канкурэнтаздольнасць, стабільную рэнтабельнасць. «Урад павінен прапаноўваць эфектыўныя, запатрабаваныя інструменты падтрымкі экспарту», — дадаў Прэзідэнт.

ЕАЭС павінен стаць паўнацэнным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для ўдзельнікаў — Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі не важна інтэграцыя дзеля інтэграцыі. «Мы разлічваем на дасягненне канкрэтных мэт, якія дадуць прыкметны вынік для эканомік і народаў нашых краін. ЕАЭС павінен стаць паўнацэнным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для яго ўдзельнікаў. Вырашэнне гэтай задачы стане прыярытэтным напрамкам нашага старшынства ў гэтай арганізацыі ў 2020 годзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння Беларусь гатова адыгрываць больш значную ролю гандлёвага канала для шматмільённага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза і краін СНД з Еўрапейскім саюзам», — дадаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб прыярытэтах знешняй палітыкі на Усходзе, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тут намаганні накіраваны на актыўны ўдзел у інтэграцыйных аб’яднаннях на постсавецкай прасторы. Беларусь нязменна прытрымліваецца ўзятага 20 гадоў таму курсу на стварэнне Саюзнай дзяржавы. У ліку прыярытэтаў Аляксандр Лукашэнка назваў і супрацоўніцтва ў СНД, адзначыўшы, што для многіх краін, якія ўваходзяць у яго, гэта фактычна адзіная пляцоўка не толькі для гандлёвага, але і палітычнага дыялогу.

Аб выбарах і змяненні Канстытуцыі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2020 годзе

Прэзідэнт адзначыў, што палітычна актыўную частку грамадства хвалюе пытанне будучых выбарчых кампаній: «Не ведаю, чаму раптам гэта стала нейкай тэмай для спрэчак. У нас ёсць закон, Канстытуцыя. Вы цудоўна разумееце, што я не буду тут круціць-вярцець і шукаць нейкую выгаду для захавання ўлады. Некаторыя так званыя палітыкі прапануюць правесці выбары Прэзідэнта ў гэтым годзе, спасылаюцца на стабільную эканамічную сітуацыю, больш-менш спрыяльныя ўмовы».

«Зноў паўтару: не будзем падстройвацца пад якія-небудзь выгадныя фактары, арыентавацца на нейкі зручны момант. Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца ў 2020 годзе. У 2020 годзе яны і пройдуць, што б ні здарылася ў нашай краіне. Мы не будзем гуляць з народам, ладзіць палітычныя гульні пад нейкую адну фігуру. Прэзідэнцкія выбары пройдуць у строгай адпаведнасці з законам ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка аб’явіў аб правядзенні ў 2019 годзе парламенцкіх выбараў

«Прэзідэнцкія выбары пройдуць у строгай адпаведнасці з законам ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны. Выбарчая кампанія павінна, як і заўсёды, прайсці спакойна і арганізавана. У гэтым годзе адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Яны стануць экзаменам не толькі для кандыдатаў у дэпутаты і ўсёй вертыкалі ўлады, але і для кожнага выбаршчыка», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль не вызначаўся па даце, але адзначыў, што, калі гэта прымальна паводле закону, то выбары можна было б прымеркаваць да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Ёсць добрае свята. 7 лістапада — выхадны дзень. Па-мойму, прымальна. Давайце будзем да гэтай даты блізка арыентавацца без усялякіх ідэалагічных пасылаў», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў розных людзей могуць быць розныя погляды на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі, але гэта было ў гісторыі, і адмаўляцца ад гэтага нельга. Больш таго, гэта своеасаблівы ўрок, што можа адбыцца, калі краіна ўцягнута ў войны і даведзена да галечы. «Гэта народ перавярнуў (краіну. — Заўвага БЕЛТА). Ён не захацеў жыць у гэтай сістэме. Гэта для нас урок. І яшчэ шмат людзей, якія адзначаюць гэта свята, жывуць ім. Ну і Гасподзь з імі, чаго мы павінны быць супраць гэтага. Таму калі гэта прымальна, давайце арыентавацца на гэту дату (для правядзення парламенцкіх выбараў. — Заўвага БЕЛТА). Я абяцаю вам, што ў бліжэйшы час паводле закону будзе прынята адпаведнае рашэнне», — заявіў беларускі лідар.

«Ніякіх гульняў, яшчэ раз падкрэсліваю. Выходзьце і змагайцеся. Краіне патрэбны дзейсны, актыўны, моцны парламент, у якім павінна быць прадстаўлена моладзь, ветэранам павінна быць прадастаўлена магчымасць пазмагацца, а органы ўлады я папрашу падтрымаць іх. Ім трэба дапамагаць. І не трэба баяцца вылучаць свае кандыдатуры, змагацца — ад партый, арганізацый. Гэта і ёсць перадвыбарная кампанія, гэта і ёсць выбары, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але толькі без дуру. Без забору крыві, без дэбатаў на стадыёнах і іншага (адсылка да падзей выбарчай кампаніі ва Украіне. — Заўвага БЕЛТА). Ідзіце да людзей. Там асноўны фронт палітычнай барацьбы».

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў ролю будучага складу парламента: «Нам патрэбны вельмі таленавіты парламент. Таму што ён стане эпіцэнтрам выпрацоўкі Асноўнага Закона разам з Прэзідэнтам. Нам — будучым парламентарыям і мне — ставіць канчатковую кропку ў абноўленай Канстытуцыі нашай краіны».

Прэзідэнт упэўнены, што парламентарыі, як ніхто іншы, павінны тонка адчуваць настроі грамадства, ведаць патрэбы выбаршчыкаў і рэагаваць на іх, працаваць на адзіную мэту — пабудову дзяржавы для народа.

«У Беларусі — народная ўлада. Яна жыве рэальнымі клопатамі людзей, а не асабістымі эканамічнымі інтарэсамі і амбіцыямі палітыкаў. У Авальнай зале павінен весціся канструктыўны дыялог з тымі, хто незалежна ад палітычных поглядаў, меркаванняў або пазіцый стаіць на варце інтарэсаў народа і бачыць нашу краіну свабоднай, міралюбівай, мірнай і моцнай», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Як раней паведамлялася БЕЛТА, тэрмін цяперашніх паўнамоцтваў у парламента і Прэзідэнта заканчваецца ў адзін год — 2020-ы. Закон не забараняе праводзіць гэтыя выбарчыя кампаніі адначасова. Аднак у Беларусі склалася практыка, што выбары кіраўніка дзяржавы не сумяшчаюцца ні з якімі іншымі.

Змяненні ў Канстытуцыю павінны адпавядаць інтарэсам Беларусі на сучасным этапе — Лукашэнка

«Перакананы, што ўзважаная і прадуманая работа экспертнай супольнасці прывядзе да стварэння абноўленага Закона, які адпавядае інтарэсам нашай краіны і нашых грамадзян на сучасным этапе», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, зыходзячы з рэалій, якія мяняюцца, новых сацыяльных і эканамічных задач, што стаяць перад краінай, планамерна праводзіцца работа па ўдасканаленні заканадаўства. «Прадумваючы на перспектыву напрамкі развіцця краіны, можам гаварыць аб падрыхтоўцы змяненняў у Асноўны Закон», — сказаў ён.

Прапановамі па карэкціроўцы Канстытуцыі займаюцца суддзі Канстытуцыйнага суда. «Яны спецыялісты высокага класа, на якіх вялікая адказнасць за выверанасць, актуальнасць змяненняў. Да вырашэння гэтай няпростай задачы прыцягнуты грамадскасць і вучоныя, — адзначыў беларускі лідар. — Нядаўна мы, можна сказаць, выйшлі на новы этап. Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта, абапіраючыся на розныя прапановы па Канстытуцыі, пачаць новы этап з дапамогай нашых вучоных — дасведчаных людзей, прадстаўнікоў грамадскасці. На наступным этапе мы падключым і асобных членаў нашых партыйных арганізацый — тых партый, якія рэальна існуюць. Для таго каб гэта быў вывераны дакумент для абмеркавання на ўзроўні Прэзідэнта».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў СМІ, інтэрнэце пастаянна цікавяцца тым, якія менавіта адбудуцца змяненні. «Гаварыць аб варыянтах не варта. Гэта толькі варыянты. Мы яшчэ не выпрацавалі нават канцэпцыю змянення Канстытуцыі. Яна з’явіцца тады, калі я атрымаю канчатковыя прапановы ад розных слаёў нашага грамадства», — падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым, выказваючы асабісты пункт гледжання, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакінуць Канстытуцыю ў цяперашнім выглядзе свайму пераемніку ён не хацеў бы: «Я не хацеў бы. Ды мы і этап той прайшлі ўжо, калі нам патрэбна была моцная ўлада — вось такая, як у нас ёсць. Трэба не ўладай дзяліцца (улада непадзельная). Трэба нагружаць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку, напрыклад, адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць убаку. Кантроль будзе ажыццяўляцца па розных напрамках — у нас ужо варыянты адпрацаваны — той жа Камітэт дзяржкантролю, іншыя міністэрствы і ведамствы».

«Што датычыцца будучага кіраўніка дзяржавы, ён павінен быць кіраўніком дзяржавы, ён не павінен так многа матацца па палях і фермах. Я нядаўна папракнуў урад: слухайце, людзі не бачаць вас там, на фермах, на палях, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Трэба ісці туды, займацца сваімі функцыямі. У нас сістэма так выбудавана. Надышоў час на гэта паглядзець. І пакінуць функцыі і паўнамоцтвы Прэзідэнту тыя, якія ён павінен выконваць як кіраўнік дзяржавы».

«Мы разбяромся ў новай Канстытуцыі разам з вамі, якой яна павінна быць для нашых людзей. Але мы не будзем рэзаць краіну на часткі. Вось, поўная свабода і адказнасці няма… Я, седзячы ў парламенце, гэта ўжо ўсё праходзіў. Таму мы не хочам вяртацца да таго, што было. І тое, што не атрымалася ў нашых суседзяў, — нам трэба вучыцца на памылках іншых. Настане час, мы разам з вамі сядзем за «парту», возьмем ручкі і пачнём пісаць наш Асноўны Закон. Але ён будзе ў многім абноўлены. І гэты Закон не тое што створыць новую нейкую палітычную структуру і іншае — ён будзе прадаўжэннем таго, што мы з вамі зрабілі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика