І не трэба нас папракаць местачковым гонарам. Гэтыя словы сказаны не проста так. Нашы юныя акцёры з Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў гэтымі выхаднымі днямі ўдзельнічалі ў абласным фестывалі дзіцячых узорных тэатральных калектываў "Слонімскія цудадзействы". Два гады назад юныя акцёры, яшчэ не маючы такога ганаровага звання, за асаблівыя творчыя поспехі былі запрошаны на гэты фестываль разам са сваім кіраўніком і рэжысёрам Наталляй Алегаўнай Афонінай.
І тады, удзельнічаючы побач з узорнымі калектывамі, атрымалі Дыплом за дэбют і лепшую мужчынскую ролю другога плана.
Зараз жа яны - роўныя сярод роўных, якія былі адабраны кампетэнтным журы з вобласці сярод некалькіх дзесяткаў дзіцячых узорных калектываў для ўдзелу ў прэстыжным для юных акцёраў фестывалі.
Дзевяць калектываў атрымалі дазвол удзельнічаць у тэатральным свяце.
Рыхтаваліся да гэтага фестывалю амаль што ў эстрэмальным рэжыме. За два месяцы зрабілі прэм'еру новага спектакля "Никто не поверит" ( нам больш вядомы фільм "Рыжий, честный, влюбленный", які быў пастаўлены па той жа кнізе шведскага пісьменніка Яна Улафа Экхольма "Тутта Карлсон Первая и единственная, Людвиг Четырнадцатый и др.")
14 хлопчыкаў і дзяўчынак ўдзельнічалі ў гэтым спектаклі: артысты ўзорнага калектыву і вучні тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Сярод дзевяці калектываў, што паказалі свае творчыя работы на "Слонімскіх цудадзействах", іўеўскі калектыў самым апошнім атрымаў ганаровае званне. Значыць, як лічыцца, мае найменшы творчы вопыт.
Аднак выступленне нашых малых артыстаў паказала, што гэта не зусім так, бо дзіцячы ўзорны калектыў Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў стаў лаурэатам 1-й ступені. Раман Клінцавіч і Аляксандра Ашэйчык атрымалі дыпломы "За лепшую мужчынскую ролю".
Між іншым, за некалькі дзён да гэтага фестывалю Аляксандра Ашэйчык і яе малодшая сястра Вікторыя прымалі ўдзел у Міжнародным конкурсе "Новые вершины", які праходзіў у Мінску. Абедзве дзяўчынкі (кожная ў сваёй узроставай катэгорыі) ў намінацыі "Тэатральная творчасць" сталі лаўрэатамі 3-й ступені.
Вось такое яно - тэатральнае жыццё нашага горада!
В. ГУЛІДАВА.
Фота з творчага архіва калектыва.