Велосипед, фестиваль воды, экология реки Оболь… Инициатив у шумилинских педагогов хватает
29.04.2019
—
Разное
|
Мы чакаем ініцыятыў У аддзеле па адукацыі райвыканкама прайшоў вочны этап раённага конкурсу “Ініцыятыва ў інтарэсах устойлівага развіцця”.
Перад пачаткам мерапрыемства загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела Таццяна Карнеева адзначыла, што Мэты ўстойлівага развіцця маюць вырашальнае значэнне для ўсяго чалавецтва. Гэта найперш клопат пра тое, што мы зможам перадаць нашаму пакаленню. І ўстановы адукацыі могуць унесці свой уклад у работу па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Бо, як вядома, пачынаць трэба з сябе, з малога, з мясцовых ідэй і ініцыятыў. Важна, што ініцыятывы ўжо на гэтым этапе могуць быць падтрыманы адпаведнымі зацікаўленымі структурамі і прафінансаваны.
Узяць, напрыклад, ініцыятыву грамадскай арганізацыі “ЭкаБум” Шумілінскай раённай гімназіі, накіраваную на развіццё і пашырэнне веласіпеднага руху ў нашым раёне. Ірына Кулікава пераканана, што веласіпед – простае вырашэнне складаных праблем. Яна вельмі захапілася ідэяй, распрацавала даволі маштабную і грунтоўную праграму з канкрэтнымі мерапрыемствамі і рэалізатарамі, узгадніўшы на многіх узроўнях, найперш на мясцовым. Праект прайшоў экспертызу, атрымаў адабрэнне і згоду на сафінансаванне. Ірына Уладзіміраўна прызналася, што грошы не даюць проста так, трэба па-сапраўднаму зацікавіць пэўныя арганізацыі, даказаць мэтазгоднасць ініцыятывы.
Атрымала згоду на рэалізацыю праекта “Фестываль вады” і Башнёўская базавая школа. Аб гэтым паведаміла, знаёмячы прысутных з праектам, Марына Аляксеенка, таксама апантаны чалавек у гэтай справе. Яна падзялілася, як трэба вылучаць ідэі, рыхтаваць і афармляць праекты, каб іх прымалі і выдзялялі сродкі на рэалізацыю. А свята “Фестываль вады” пройдзе ўжо летам на возеры Будавесць, і, на думку М. Аляксеенкі, павінна стаць брэндам аграгарадка.
Сем устаноў адукацыі абаранілі перад журы восем творчых ініцыятыў (два праекты прадставіла Башнёўская школа). Былі сярод іх як простыя, але вельмі неабходныя на думку ўдзельнікаў праекты, накшталт “Экалагічнай сцяжынкі” Обальскага ясляў-сада і “Сцяжынкі ў прыроду” Шумілінскага ясляў-сада №2, так і глабальныя. З ініцыятывай, накіраванай на вырашэнне сур’ёзнай экалагічнай праблемы, выступіла дырэктар Обальскай школы Іна Чарнічэнка. Праблема сцёкавых вод ад установы адукацыі, дзе няма ачышчальных збудаванняў, у раку Обаль, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, хвалюе педагогаў школы не першы год. Даследаванні і назіранні за станам вады ў рацэ, якія праводзяць вучні і настаўнікі не адзін год, толькі пацвярджаюць актуальнасць пытання. У сувязі з гэтым і быў распрацаваны праект, які дазволіць дасягнуць экалагічнага, сацыяльнага і эканамічнага эфекту, як і патрабуюць Мэты ўстойлівага развіцця.
Вельмі актуальную ініцыятыву вылучыў калектыў Слабадской школы. Іх праект нацэлены на павышэнне якасці жыцця і прадугледжвае захаванне чысціні прыродных водных аб’ектаў, на якія вельмі багаты аграгарадок Слабада. 14 азёр упрыгожваюць мястэчка і яго наваколле, здавалася б, толькі радавацца гэтаму трэба. Аднак педагогаў установы хвалюе праблема іх забруджвання, адсутнасць добраўпарадкаванага возера, дзе б вяскоўцы маглі адпачываць. Варта, на думку ініцыятараў, развіваць і аграэкатурызм.
Пры падвядзенні вынікаў вочнага этапа конкурсу былі адзначаны важнасць і актуальнасць абраных для абароны праектаў тэм як для ўстаноў адукацыі, так і для раёна ў цэлым. Арганізатары мерапрыемства выказалі вялікую ўдзячнасць за работу і спадзяванне на далейшае прасоўванне ініцыятыў. Дыпломам III ступені быў адзначаны праект “Ад экалогіі сцёкавых вод да экалогіі ракі” Обальскай школы (дырэктар І. Чарнічэнка), дыпломам II ступені – праект Башнёўскай школы “Фестываль вады” (кіраўнік праекта М. Аляксеенка), дыпломам I ступені – “ЭкаБумВела” Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната (кіраўнік І. Кулікава).
Акрамя гэтага, за канцэпцыю ў развіцці экатурызму на малой радзіме адзначана сертыфікатам Слабадская базавая школа, за ўменне працаваць на перспектыву – Шумілінская СШ №2, за педагагічную ідэю для рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў рамках установы адукацыі – Обальскі я/с і Шумілінскі я/с №2. Арганізатары конкурсу адзначылі асабісты ўклад і інтарэс да вылучэння ініцыятыў дырэктараў Обальскай школы Іны Чарнічэнкі і Слабадской школы Алены Пузікавай.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дыплом I ступені за праект «ЭкаБумВела» кіраўніку праекта Ірыне Кулікавай уручае Таццяна Карнеева. Мы чакаем ініцыятыў У аддзеле па адукацыі райвыканкама...
|
|