Будуць створаны мехатрады для нарыхтоўкі кармоў
30.04.2019
—
Разное
|
Будуць створаны мехатрады для нарыхтоўкі кармоў
Як ніколі рана выходзіць на фінішную прамую сяўба яравых культур, у аграрыяў з’яўляецца час, каб падрыхтавацца да касавіцы. Менавіта ў такім ключы на пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу, абмяркоўвалася пытанне аб мерах па забеспячэнні грамадскай жывёлагадоўлі травянымі кармамі ў бягучым годзе.
Старшыня райвыканкама Алег Быкаў адзначаў, што створаны добры задзел для забеспячэння канцэнтраванымі кармамі, дастаткова плошчаў засеяна рапсам – а гэта бялковы складнік кармавой базы. Таму цяпер трэба рацыянальна размеркаваць фінансавыя сродкі, закупіць неабходныя камплектуючыя, эфектыўна выкарыстаць час і якасна падрыхтаваць корманарыхтоўчую тэхніку да пачатку касьбы траў, каб правесці яе ў аптымальныя тэрміны і нарыхтаваць якасныя кармы ў дастатковай колькасці. І абавязкова ўлічваць фактар матывацыі людзей, якія будуць заняты ў корманарыхтоўцы.
Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ягор Чарняўскі паведаміў, што для поўнага забеспячэння грамадскага статку кармамі трэба мець травяністых кармоў па 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, а для гэтага неабходна нарыхтаваць 4,3 тысячы тон сена, 91,4 тысячы тон сенажу, 73,6 тысячы тон сіласу. Першым укосам плануецца ўбраць 10,5 тысячы гектараў траў. Ставіцца задача правесці корманарыхтоўку ў аптымальныя фазы развіцця раслін: трубкавання – злакаў, бутанізацыі – для канюшыны, і завяршыць першы ўкос да 20 чэрвеня. Да таго вясной плануецца пасеяць 3500 гектараў кукурузы і 1300 гектараў аднагадовых культур. Агульная плошча кармавых культур складзе 32,3 тысячы гектараў.
Ставіцца задача правесці нарыхтоўку сенажу і сіласу ў бетонныя траншэі, якіх у раёне маецца 60, да таго, трэба пабудаваць яшчэ 6 траншэй агульнай ёмістасцю 12 тысяч тон. Для забеспячэння тэхналагічнага працэсу нарыхтоўкі кармоў у сельгасарганізацыях раёна маецца 20 корманарыхтоўчых камбайнаў, 25 касілак, 15 грабляў, 18 прэс-падборшчыкаў, 46 прычэпаў. Неабходна да 1 чэрвеня падрыхтаваць усю неабходную тэхніку. Але пакуль што гатоўнасць тэхнікі не перавышае 45-50%. Для больш эфектыўнага выкарыстання тэхнікі плануецца стварыць тры корманарыхтоўчыя атрады, якія дазволяць весці работы з большай эфектыўнасцю і закладваць якасны сянаж у кожную траншэю ў сціслыя тэрміны.
Пасля дакладу адбылася зацікаўленая размова з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый. Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра звярнуў увагу на неабходнасць максімальнага выкарыстання прэс-падборшчыкаў, якія ўпакоўваюць кармы ў стрэч-плёнку. Гэтае пытанне тым больш актуальнае, што ў раёне не хапае траншэй.
Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад спецыялістаў упраўлення прапрацаваць, пралічыць усе магчымыя варыянты рамонту тэхнікі, нарыхтоўкі кармоў, вызначыць рэзервы, каб упэўнена і на высокім узроўні правесці гэтую важную сельскагаспадарчую кампанію і нарэшце стварыць трывалую базу для развіцця жывёлагадоўчай галіны. Рашэнне па гэтым пытанні было даручана дапрацаваць з улікам выказаных прапаноў і заўваг.
Другім пытаннем парадку дня пасяджэння райвыканкама быў разгледжаны стан спартыўна-масавай работы па месцы жыхарства насельніцтва раёна. Інфармацыю прадставіў галоўны спецыяліст райвыканкама Андрэй Мазанкоў. У раёне маецца неабходная спартыўная база: 84 спартыўныя аб’екты – 1 стадыён, 12 спартыўных залаў, 14 прыстасаваных для заняткаў спортам памяшканняў, 8 лёгкаатлетычных ядраў, 21 спартыўнае збудаванне, 2 ціры, 23 спартыўныя пляцоўкі, 1 міні-басейн і 1 басейн. Разам з тым, у шэрагу населеных пунктаў пасля аптымізацыі ўстаноў адукацыі спартыўная база для насельніцтва знікла.
Шырокія магчымасці для фізкультурна-спартыўнага аздараўлення прадстаўляе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, які актыўна і ахвотна наведваюць не толькі жыхары райцэнтра. Загрузка цэнтра па выніках 2018 года склала 64,1%, арганізацыя зарабіла больш за 35 тысяч рублёў. Дагаворы на аказанне паслуг маюцца з 18 арганізацыямі раёна.
Развіваецца ў раёне агратурызм і турызм, у тым ліку ёсць прапановы па развіцці прамысловага турызму на базе Обальскага керамічнага завода.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу на тое, што ў сельскіх населеных пунктах ёсць спартыўныя пляцоўкі былых устаноў адукацыі. Неабходна толькі правесці іх рэвізію, падрамантаваць, дзе гэта неабходна. Магчыма замацаваць за гэтымі пляцоўкамі арганізацыі, якія будуць сачыць за іх захаванасцю.
Па выніках абмеркавання было прынята рашэнне аб удасканаленні спартыўна-масавай работы ў раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будуць створаны мехатрады для нарыхтоўкі кармоў Як ніколі рана выходзіць на фінішную прамую сяўба яравых культур, у аграрыяў з’яўляецца час, каб падрыхтавацца... |
|