Памочнік пракурора Ксенія Чабярак: «Галоўнае ў рабоце — адчуваць тое, што ты патрэбны і робіш добрую справу»
11.05.2019
—
Разное
|
Галоўнае ў рабоце — адчуваць тое, што ты патрэбны і робіш добрую справу, — упэўнена Ксенія Чабярак, якая ўжо чацвёрты год працуе ў пракуратуры Мсціслаўскага раёна. — Камусьці гэта можа падацца дзіўным, але мяне стаць юрыстам заахвоціла праграма «Час суда», якую я ўбачыла ў 8 класе. Дагэтуль я вагалася ад аднаго да другога, ды не ведала, кім хачу стаць. А вось прафесіяналізм суддзяў мяне так уразіў, што захацелася абавязкова стаць такой жа і захоўваць справядлівасць, — расказвае Ксенія Сяргееўна. — Нават быў час, калі хацела стаць следчым. Але ўсё ж такі абрала судова-пракурорскі напрамак, бо зразумела, што хачу дапамагаць людзям і абараняць інтарэсы дзяржавы. Так дзяўчына стала вучыцца ў МДУ імя А.А. Куляшова на факультэце эканомікі і права. Пасля заканчэння ВНУ і некалькіх іспытаў маладая спецыялістка трапіла ў Мсціслаў. — Часу на тое, каб асвоіцца тут у мяне не было ўвогуле. Як толькі прыйшла, мне адразу далі заданне. Прыйшлося прыстасоўвацца і вучыцца ў працэсе. Затое я вельмі хутка ўключылася ў працу, — жартуе Ксенія Чабярак. Памочнік пракурора Ксенія Чабярак — чалавек вельмі пазітыўны. Фота Святланы Квяткоўскай. Цяпер дзяўчына працуе памочнікам пракурора раёна, у яе вельмі шмат абавязкаў. Кожны з памочнікаў курыруе пэўныя сферы. Напрыклад, у кампетэнцыі Ксеніі — і дзейнасць аграпрамысловага комплексу, і аддзел прымусовага выканання, і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Гэта значыць, што яна сочыць за выкананнем заканадаўства і ведае ўсе тонкасці і нормы, звязаныя з гэтымі напрамкамі. Таксама Ксенія Чабярак займаецца састаўленнем іскавых заяў у суд, дзе, дарэчы, можа прысутнічаць, а таксама прафілактычнай работай. І акрамя гэтага ёй трэба займацца прыёмам грамадзян, які ў памочніка пракурора па графіку 10 разоў у месяц. — Я да сваёй працы стаўлюся вельмі адказна, бо разумею, што за кожнай справай — чалавечыя лёсы, — кажа спецыялістка. — Але часам хочацца абстрагавацца ад негатыву, які на нашай працы бывае непазбежны. Таму ў свой вольны час я заўсёды імкнуся займацца творчасцю. Ёсць такі стэрэатып, што юрысты — людзі вельмі жорсткія, чапурыстыя і педантычныя. Але гэтаму стэрэатыпу Ксенія Сяргееўна можа адпавядаць толькі на рабоце. У жыцці яна вельмі творчая і вясёлая дзяўчына, якая не можа сумаваць і знаходзіцца на адным месцы. — Мяне заўсёды цікавіла мастацтва, асабліва народная творчасць, — кажа Ксенія. — Але больш за ўсё я люблю танцы, падарожжы, а таксама наведваць тэатры і заапаркі (асабліва кантактныя). Ксенія прызнаецца, што вельмі любіць чытаць, але цяперашні аб’ём работы не дазваляе вылучаць на кнігі столькі часу, колькі можна было падчас вучобы ва ўніверсітэце. Але дзяўчына не сумуе. Яна заўсёды рада адкрываць для сябе старажытны Мсціслаў, які, быццам кніга, сам распавядае гісторыі цікаўным. Святлана Квяткоўская. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўнае ў рабоце — адчуваць тое, што ты патрэбны і робіш добрую справу, — упэўнена Ксенія Чабярак, якая ўжо чацвёрты год працуе ў пракуратуры Мсціслаўскага раёна....
|
|