Шаркаўчане на міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску
20.05.2019
—
Разное
|
З 16 па 17 мая ў Віцебску праходзіў 8 міжнародны эканамічны форум “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы”. У гэтым годзе ён аб’яднаў звыш 85 дэлегацый з 22 краін свету. У ліку запрошаных гасцей – прадстаўнікі моцных бізнес-кампаній, гандлёвых прадстаўніцтваў і дыпламаты. Дэлегацыя Шаркаўшчынскага раёна пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Міхайлавіча Ламака таксама прымала ўдзел у форуме і ў чарговы раз на асабістым вопыце пераканалася ў тым, што эфект ад такіх сустрэч відавочны. Дзелавыя кантакты наладзілі не толькі з айчыннымі, але і з замежнымі партнёрамі. У іх ліку кампанія “Белінвестгруп”з Санкт –Пецярбурга, якая зацікаўлена ў набыцці субстратаў (торфу) для вырошчвання раслін. Вытворчасць гэтай прадукцыі ажыццяўляецца на тэрыторыі нашага раёна. Дарэчы, менавіта 4 віды такіх субстратаў з рознымі дабаўкамі, якія шырока прымяняюцца ў раслінаводстве, а таксама драўнінны вугаль прадстаўлялі шаркаўчане ў якасці прадукцыі , што вырабляецца ў нашым рэгіёне, на міжнародным эканамічным форуме ў Віцебску. У гэтым годзе ён праходзіў на пляцоўках Летняга амфітэатра. Падчас адкрыцця мерапрыемства старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў адзначыў, што ў Віцебскай вобласці ёсць зацікаўленасць у стварэнні высокатэхналагічнай і імпартазамяшчаючай вытворчасці, абмене тэхналогіямі , прамысловай кааперацыі ў развіцці сыравінных зон і эфектыўным выкарыстанні мясцовых рэсурсаў. Акрамя гэтага, значнымі для нас з’яўляюцца мадэрнізацыя тэхналагічных працэсаў, укараненне навуковых напрацовак у сферы медыцыны, адукацыі і развіццё турызму. Па словах старшыні аблвыканкама, найбольш значнай платформай для дыялогу з замежнымі партнёрамі і падпісання двухбаковых дакументаў якраз і з’яўляецца эканамічны форум. Падчас мерапрыемства было падпісана 14 міжнародных пагадненняў, 5 з іх – на асноўнай пляцоўцы форуму. Пасля завяршэння ўрачыстай часткі госці мерапрыемства наведалі розныя дэманстрацыйныя пляцоўкі і выставачныя экспазіцыі, дзе прадстаўнікі бізнес-структур змаглі азнаёміцца з дзелавымі прапановамі беларускіх і замежных партнёраў у розных галінах, пачынаючы ад ІТ-тэхналогій і заканчваючы зонай турызму і адпачынку. Міжнародны эканамічны форум у Віцебску доўжыўся два дні. Прадстаўнікі розных працоўных калектываў нашага раёна, якія ўвайшлі ў склад шаркаўшчынскай дэлегацыі, таксама атрымалі магчымасць прыняць удзел у яго рабоце і пазнаёміцца з вытворчасцю і прапановамі іншых рэгіёнаў і краін, а таксама прадэманстраваць прадукцыю нашага раёна.
|
|