Прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных дружын
30.05.2019
—
Разное
|
Задачы санітарных дружын сур’ёзныя — аказанне першай медыцынскай дапамогі пры стыхійных бедствах, аварыях і катастрофах, уменне дзейнічаць у складзе падраздзяленняў грамадзянскай абароны і многае іншае. У навучанні і падрыхтоўцы санітарных дружын сумесна працуюць работнікі ўстаноў аховы здароўя, аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны таксама з’яўляюцца суддзямі спаборніцтваў. Сёлетні конкурс праходзіў у чатыры этапы. Падчас першага журы ацэньвала тэхніку карыстання процівагазам на хуткасць і камплектацыю сумак. На другім этапе дружыны працавалі ва ўмоўных ачагах хімічнага і інфекцыйнага паражэння. Журы правярала ўменні членаў каманды арыентавацца і праводзіць неабходныя санітарныя мерапрыемствы. У “ачагу камбінаванага паражэння” накладвалі жгуты і павязкі пацярпелым. Сандружыны прадэманстравалі зладжанасць дзеянняў, веды і ўменне працаваць у экстрымальных сітуацыях. Іх ацэньвалі, давалі карысныя парады прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Па выніках спаборніцтваў лепшай санітарнай дружынай стала каманда ААТ “Даватарскі”, якая будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе. М. МАРКУШОНАК, старшы інжынер Шаркаўшчынскага РАНС. |
|